История
  • 10255
  • Торвальд Вандроўнік: сенсацыйныя звесткі пра хрышчэнне Полацка

    Андрэй КАТЛЯРЧУК, Стакгольм



    Яшчэ ў 1992 годзе мінскі гісторык Сяргей Тарасаў заўважыў супярэчнасць паміж афіцыйнай канцэпцыяй хросту Беларусі з Кіева ля 988 году і фактамі моцных сувязяў тагачаснага Полацку і Турава з Скандынавіяй.

    Сёньняшні артыкул прысьвечаны малавядомым і сэнсацыйным падзеям хросту палачан каля 986 году, адноўленым на падставе скандынаўскіх крыніцаў. Наш герой — вікінг Торвальд сын Кодрана па мянушцы Вандроўнік (Thorvald Kodransson) нарадзіўся каля 950 году на поўначы Ісляндыі ля затокі “Скага” (Skagafjоrd) у найбольш вульканічнай зоне краіны. Ягоны жыцьцярыс “Апавяданьне пра Торвальда Вандроўніка” захаваўся ў тэкстах трох ісляндзкіх сагаў: “Сага пра Ўлава Трыгвасона”, “Флатейр кніга” і “Сага пра Хрост”. Інфармацыю пра Торвальда зьмяшчаюць таксама розныя эўрапейскія кронікі, што дае ўсе падставы лічыць яго рэальнай гістарычнай асобай.

    У маладосьці Торвальд служыў памочнікам дацкага караля Свэна па мянушцы “Вілабароды”. Заўважым, што кароль Даніі (960-1014) і Ангельшчыны (1013-1014) Свэн часта бываў на славянскіх землях ўсходняй Балтыкі. Ягонай жонкай была дачка польскага караля Мешка I. Разам з Торвальдам дацкі кароль арганізоўваў набегі на Ірляндыю і Валію. Ужо пад час паходаў выявілася незвычайная для вікінгаў рыса Торвальда – усю сваю здабычу ён меняў на захопленых палонных, якіх адпускаў дахаты. Між іншым, дзякуючы гэтаму валійскія князі аддалі аднойчы Торвальду захопленага імі караля Свэна. У Ірляндыі Торвальд упершыню сутыкнуўся зь верай Хрыстовай. Багацьце і глыбіня новага вучэньня так ўразілі вікінга, што ён кінуў рыцарскія ўчынкі і падаўся ў Саксонію, дзе ў 980 годзе прыняў хрост ад тамтэйшага біскупа Фрэдрыка.

    Разам зь біскупам у 981 годзе Торвальд адправіўся на Радзіму, “каб прывесьці сваіх братоў у сьвятло праўдзівай веры.” Галоўны абавязак місіі выпаў на Торвальда, “бо біскуп Фрэдрык ня ведаў мовы краіны.” У той 981 год ісляндцы на чале з Эрыкам “Рудабародым” адкрылі Грынляндыю. Спачатку справа хросту пайшла выдатна. Хрысьціянства прынялі родзічы й суседзі Торвальда. Упершыню праз 106 гадоў ад часу засяленьня ў Ісляндыі паўстала першая царква. Але паганцы пачалі супраціў. Надзейнай зброяй стаў жарт. Юнакі стваралі абразьлівыя частушкі пра прапаведнікаў, якія сьпявалі на кірмашах. Напрыклад: “Біскуп 9 дзетак нарадзіў/Торвальд быў бацькам ім.” Разьюшаны Торвальд забіў двух пасьмешнікаў. У адказ суродзічы сабралі 240 чалавек, спалілі царкву і сядзібу Торвальда, забілі багата хрысьціянаў. Прапаведнікі мусілі ўцякаць. Менавіта тады Торвальд даў абяцаньне: “ніколі не вяртацца на Радзіму і прывесьці да сьвятла веры Хрыстовай хаця-б адзін народ.” Гісторыя наканавала, каб гэтым народам сталі беларусы.

    У 985 годзе праз Ерусалім Торвальд прыехаў у Царград (Канстантынопаль). Тут знаны вікінг, да таго-ж сябар караля Даніі, сустракаецца з самым імпэратарам Васілём II па мянушцы “Забойца баўгараў” і патрыярхам Мікалаем II. На просьбу Торвальда імпэратар выдае грамату, згодна якой Торвальд прызначаўся “паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі да рускіх князёў ў краінах Усходняй Балтыкі.” Князі (мелася на ўвазе Полацку, Ноўгараду і Пскову) мусілі выконваць усе парады Торвальда. Заўважым, што менавіта ў часы Васіля II Бізантыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасьці. Пад яе кантроль трапілі Баўгарыя, Арменія, Грузія, паўднёвая Італія і, нарэшце, Кіеўская Русь. У 988 годзе вялікі князь кіеўскі Ўладзімер (Володымір) прызнаў сябе васалам імпэратара, прыняў хрост, прызнаў духоўную ўладу грэцкага мітрапаліта і ажаніўся на сястры Васіля II. Такім чынам, выдача Торвальду граматы да полацкага князя выглядае цалкам лягічна. Гэтым полацкім князем быў Рогвалад (Ragnvald) – скандынаўскі конунг, што згодна старабеларускім летапісам прыплыў “изь заморья имаше власть свою в Полотьске”. Каля Стакгольму (Солентуна) захаваўся рунічны камень, пабудаваны ў памяць маці-хрысьціянкі “каралём Рангвальдам”, магчыма з Полацку.

    У сагах Полацак вядомы як Палтеськ’я/Palteskia. Адразу падкрэсьлім, што назва гэтая зьяўляецца трансьлітарацыяй старабеларускай назвы. Пад гэтаю назваю горад ўзгадваецца ў шэрагу скандынаўскіх твораў. Найбольш стары сьпіс – “Нарыс зямлі І” (апошняя чвэрць XII ст.). Полацак прысутнічае таксама ў сазе “Дзеі данаў” Саксона Граматыка, каралеўскай сазе “Пра дзеі аб Эймундзе”, “Сазе пра хрост”, “Сазе пра Одда Стралу” ды іншых сагах.

    Шмат рунічных надпісаў выяўлена ў Беларусі. Асабліва вылучаюцца абшары Падзвіньня. Касьцяная біта для гульні з рунічным надпісам была выяўленая ў часе раскопак 1961-1962 гадоў у Полацку. Рунічны надпіс “Kарі” азначае “карысьць”. Каля 100 рунічных надпісаў на косьці былі знойдзеныя беларускімі археолягамі ў Маскавічах — абарончым фарпосьце Полацкага княства на паўночным захадзе. Гэта буйнейшая знаходка рунічных надпісаў на ўсходзе Балтыйскага рэгіёну. Усяго на 86 касьцях накрэмзана каля 265 рунічных знакаў малодшага (старашвэдзкага) альфабэту. Сярод надпісаў розныя паганскія магічныя замовы, вараскія імёны. Знаходкі рунічных надпісаў даюць падставы казаць пра міжэтнічнае культурнае ўзаемадзеяньне паміж швэдамі й крывічамі. Сярод 300 знакаў, якімі карысталася насельніцтва Маскавічаў ёсць 11 літараў кірылічнага альфабэту.

    Ананімная сага (канец XII ст.) пералічвае рэкі Ўсходняе Эўропы, якія мелі выключную вагу ва ўсходнім гандлі вікінгаў. Дык вось, з шасьці рэчак тры – беларускія. Гэта Дзьвіна (Duna), Дняпро (Nepr) і невялікая Друя (Drofn). Дзьвіна ўзгадваецца ў надпісах рунічных камянёў. Напрыклад: “Сумір загінуў на Ўсходзе ля вусця ракі Дзьвіна”. Гэтыя факты сьведчаць пра асаблівае эканамічнае і палітычнае становішча Полацкага княства ў скандынаўскай мінуўшчыне.

    Полацак стаўся цэнтрам першага княства на абшарах сучаснай Беларусі. Менавіта зь вікінгамі-русамі наўпрост зьвязана зьяўленьне места Полацкага ў гісторыі. Першае паведамленьне пра Полацак датуецца 862 годам, калі вараскі конунг Рурык /Rоrik аддаў умацаванае паселішча Полацкае аднаму з сваіх ярлаў: “овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро”. Найбольш раньнія “гарадзкія” рэчы Полацку паходзяць менавіта з другой паловы IX ст. Пра існаваньне ранейшага славянскага селішча сьведчыць толькі ляпны посуд VIII – першай паловы IX ст. Крывічы былі асноўным насельніцтвам полацкай дзяржавы, празваўшы свайго конунга-князя славянізаваным прозьвішчам “Рогвалад”. Хутка Полацкае княства пашырыла свае межы за кошт земляў ліваў і латгалаў. Апошняе, відаць, і выклікала імкненьне канкурэнта – Ноўгараду – на чале зь вікінгам Уладзімерам (Valdemar) распачаць татальную вайну. Справа ў тым, што кіеўска-наўгародзкі клясычны шлях з “варагаў у грэкі” быў менш эфэктыўны за ягоны полацкі варыянт. Праз Рыскую затоку і Дзьвіну магчыма нашмат хутчэй выйсці ў Дняпро і Чорнае мора. Такім чынам, як зауважыў дацкі гісторык А. Стэндэр-Пэтэрсан, кіеўска-наўгародская дзяржава “вельмі хутка сутыкнулася з спробаю гегемоніі з боку іншай скандынаўска-славянскай дзяржавы, узнікшай, верагодна, адначасова ў басейне Дзьвіны з цэнтрам у Полацку, якая імкнулася пракласьці новы шлях з Балтыйскага мора ў Дняпро”. Наступная сумная гісторыя – захоп Уладзімерам Полацку і забойства Рагвалода вядома. Іншая справа, што ключ да гэтых падзеяў знаходзіцца ў старажытнай Швэцыі і барацьбе розных купецкіх карпарацыяў варагаў за вялікі ўсходні шлях. Барацьба Полацку з Ноўгарадам і Кіевам праходзіць скрозь ўсю гісторыю старажытнай Русі: “и оттоле мечъ взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком”.

    У 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацак разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам. Хтосьці з полацкіх варагаў дапамагаў місіянэрам зь перакладам казаньняў на беларускаю мову. Місія была настолькі пасьпяховай, што Торвальд вырашыў ня рухацца далей і застацца ў Полацку. Тут быў пабудаваны храм і кляштар Сьв. Яна “недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн”. У Полацку адбылася сустрэча Торвальда з іншым вікінгам-хрысьціянінам Улавам Трыгвасанам (969-1000). Гэты скандынаў з шляхетнага нарвэскага роду гадаваўся ў Ноўгарадзе, потым служыў у Кіеве. Жонкаю Ўлава была дачка польскага караля Баляслава Харобрага. Пасьля спатканьня ў Полацку Ўлаў адправіўся на Бацькаўшчыну, дзе быў абраны каралём. Малады кароль хрысьціў нарвэжцаў, і быў прызнаны першым сьвятым ў Нарвэгіі. Нацыянальны рух нарвэжцаў 19 ст. пачаўся са святкаваньняў Дня сьвятога Ўлава.

    Торвальд застаўся намесьнікам створанага ім кляштара Сьв. Яна і памёр у Полацку ля 1000 году. Верагодна, скандынаўскі прапаведнік загінуў у час штурму гораду войскамі вялікага князя Ўладзімера – ворага полацкай дзяржавы. Свой паход на Полацак Уладзімер рыхтаваў у Швэцыі, дзе тры гады на грошы купцоў Ноўгараду зьбіраў вікінгаў, каб зьнішчыць у пень ненавісны горад на Дзьвіне – гандлёвы канкурэнт Ноўгараду і Пскову. Як вядома, на загад Уладзімера абаронцы гораду былі жорстка забітыя. Замак быў зруйнаваны і паўстаў на новым месцы. Уладзімер, на вачох Рогвалада, згвалціў Рагнеду (Ragnhild), а потым забіў полацкага князя ды ўсіх ягоных сыноў. Там, хутчэй за ўсе, знаходзіўся і наш Торвальд, які загінуў, калі, магчыма, абараняў дзетак князя ад гвалту.

    У той самы 1000 год па гіроніі лёсу хрысьціянства было прызнана на далёкай Бацькаўшчыне Торвальда ў Ісляндыі. Зноў-жа ў той самы год лёс зьвёў ў бітве ля Свальдэра двух сяброў Торвальда: караля Даніі Свэна і Нарвэгіі Ўлава. Малады нарвэскі кароль загінуў ад рукі старэйшага ворага. Праз 50 гадоў, каля 1050 году, Полацак адведаў вікінг Бранд. Ён прыйшоў да магілы Торвальда ў полацкі кляштар, што насіў ягонае імя. Па сьведчаньню Бранда тагачасныя палачане ўважалі Торвальда “сваім вялікім сьвятым”. Полацкая дынастыя і надалей мела шчыльныя сувязі з Скандынавіяй. Напрыклад, кароль Даніі Вальдэмар I Вялікi ажаніўся з дачкою князя полацкага і менскага Валадара Глебавіча Соф’яй Менскай (1141-1198).

    Такім чынам хрост Беларусі (прынамсі яе першай гістарычнай дзяржавы) адбыўся не ў 988, але ў 986 годзе. Полацкі летапіс, дзе, напэўна, былі зьвесткі пра гэта, нажаль, не захаваўся. Як вядома ў 18 ст. зь ім працаваў расейскі гісторык Тацішчаў, але потым гэты летапіс зьнік. Верагодна па загаду Кацярыны II, бо зьвесткі гэтага летапісу супярычылі афіцыйнай канцэпцыі расейскай гісторыі. У гэтай канцэпцыі забойца і гвалтоўнік Уладзімер быў “сьвятым”, “Владимиром Красное солнышко”.

    Падкрэсьлім, што апісаныя мною полацкія падзеі адбываліся ў час царкоўнай еднасьці, да падзелу на праваслаўных і каталікоў у 1054 годзе. Такім чынам, ад самых пачаткаў хрысьціянская культура Беларусі была адкрытая Поўначы і Ўсходу. Сёньня імя нашага першага прапаведніка невядома грамадзтву. Але час “збора каменьняў” прыйшоў. У вольнай Беларусі ў гонар нашага першага сьвятога трэба будзе паставіць храм ды стварыць ікону Сьв. Торвальда — сымбаля духоўнай еднасьці беларусаў.

    Прыканцы нагадаем асноўныя факты першых беларуска–скандынаўскіх хрысьціянскіх стасункаў:

    1. Менавіта ў скандынаўскіх, а не славянскіх пахаваньнях сустракаюца першыя памяткі хрысьціянскага культу (нацельныя крыжыкі і сьвечкі).
    2. Заснаваньне скандынаўкай Рагнедай другага манастыра ў Беларусі (ля 1005 г.)
    3. Заснаваньне вікінгамі (Сымон і Афрыкан) першага манастыру на ўкраінскіх землях: Кіева-Пячорскай Лаўры.
    4. Заснаваньне князем Сьвятаполкам ў 1005 годзе ў Тураве царквы па лацінскаму абраду. Князь Сьвятаполк быў родзічам сябры Торвальда — караля Даніі Свэна “Вілабародага”, абодва ўладары былі жанатыя на сёстрах — дачках караля Баляслава Харобрага. Паводле тураўскіх паданьняў першыя прапаведнікі прыплылі ў места па Прыпяці на “сьвятых” каменных крыжах (тры зь якіх захаваліся). Цікава, што падобныя легенды ў Эўропе былі зьвязаныя зь дзейнасьцю ірляндзкіх місіянэраў.
    5. Біскупства ў XI ст. у швэдзкай Сігтуне ўладыкі Асмунда, які да гэтага быў арцыбіскупам Полацку.
    6. Знаходкі ў Швэцыі крыжоў старабеларускай вытворчасьці і вялікодных гліняных яек з Палесься.
    7. Шанаваньне праваслаўнай царквою Беларусі двух скандынаўскіх сьвятых Кнута і Магнуса невядомых расейскай царкве.
    8. Пабудова ў дацкім Калундборзе ў другай палове XII ст. каралевай беларускага паходжаньня Сафіяй касьцёла — наследваньня полацкага Сафійскага сабору.
    9. Існаваньне ў XI-XIII ст.ст. “гоцкай царквы” ў Полацку і “вараскай бажніцы” ў Смаленску.
    10. Існаваньне ў XII –XIV ст.ст. полацкай царквы на Готляндзе (Вісьбі).

    9 комментариев

    avatar
    так былинные годы-молодые...))
    -ходили на вихрях от Полоцка до Риги,
    шпонок наменялись много… винтов пару…
    0
    avatar
    Прабачце, але ж гэта нейкае фэнтазі.
    «Торвальд… памёр у Полацку ля 1000 году. Верагодна, скандынаўскі прапаведнік загінуў у час штурму гораду войскамі вялікага князя Ўладзімера… Уладзімер, на вачох Рогвалада, згвалціў Рагнеду (Ragnhild), а потым забіў полацкага князя ды ўсіх ягоных сыноў.» — Уладзімер узяў Полацк, забіў Рагвалода і згвалціў Рагнеду у 978 годзе. За 10 гадоў да таго, як ажаніўся з цэсарэўнай Ганнай і пахрысціў Русь (дарэчы, Ганну ў жоны ён сабе патрабаваў, пагражаючы інакш пайсці паходам на Канстантынопаль — вельмі падобна на «прызнаў сябе васалам імпэратара»). У 1000 годзе у Полацку правіў ягоны з Рагнедай сын Ізяслаў. Дарэчы, не адзіны — Яраслаў Мудры таксама лічыцца сынам Рагнеды. Таму “и оттоле мечъ взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком” — гэта нешта дзіўнае, бо Яраслаў якраз і быў ўнукам Рагвалода.
    І так амаль усё — жудасная блытаніна ў датах, падзеях, імёнах. Той жа Ўлаў Святы — гэта не той Улаў, які загінўу у 100 годзе ля Свальдэра, а іншы конунг, які нарадзіўся у 995 годзе. Сорамна такое друкаваць, вельмі сорамна.
    0
    avatar
    А раптам Ізяслаў не сын, а брат Рагнеды?
    Вы абвяргаеце “и оттоле мечъ взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком”, як нешта дзіўнае. Але гэта ж не аўтар прыдумаў і напісаў. Вось у савецкіх школках не любілі акцэнтаваць сыноўства Яраслава ад Рагнеды. Зусім пра гэта не казалі. А потым, такі, даведаешся і думаеш: Ваў! А яшчэ, як раптам дойдзе, які сэнс у слова «слава» — што яно азначае якраз тых налоўленых нявольнікаў, якіх адпускаў святы Улаў і тым, мо, стаў першкаджаць звыкламу торгу — навярнуўшыся ў хрысціянства…
    -1
    avatar
    А раптам не брат, а муж? ) З якой хелеры Уладзімеру, які забіў Рагвалода і ягоных сыноў, раптам ня толькі пакідаць жыццё самаму малодшаму з іх, але і рабіць яго полацкім князем? А цытата пра ўнукаў Рагваложа ды Яраслава — яна з'явілася ў Лаўрэнц'еўскім летапісе ў 12 стагоддзі (ці пазней) і звычайна лічіцца негістарычнай. Хаця таксама ёсць версія, што Яраслаў усё ж такі быў сынам першай жонкі Уладзімера.
    Пра сэнс слова «слава» — вы, спадзяюся, жартуеце? ) Гэта агульнаіндаеўрапейскае слова (дарэчы, аднакаранное якраз са словам «слова»).

    Ну і, галоўнае. Хай сабе Ізяслаў быў братам Рагнеды, а Яраслаў — сынам іншай жонкі. Гэта аніяк не змяняе той факт, што Рагвалода забілі гадоў за 10 да хрышчэння Русі у 988, а не ў 1000 годзе, калі памер Торвальд.
    0
    avatar
    Нуу… Цяпер мне прыйшлося прачытаць тэкст не па дыяганалі, як зрабіла гэта год таму — таму зараз і пераблытала Св. Улава са Св.Торвальдам — гэта ён адпускаў нявольнікаў.
    Па дыяганалі — бо год таму канчаткова, напэўна, спатыкнулася якраз на гэтым:
    Уладзімер, на вачох Рогвалада, згвалціў Рагнеду (Ragnhild), а потым забіў полацкага князя ды ўсіх ягоных сыноў. Там, хутчэй за ўсе, знаходзіўся і наш Торвальд, які загінуў, калі, магчыма, абараняў дзетак князя ад гвалту.

    Канешне ж — фэнтэзі. Смешна распавядаць пра тысячагадовыя падзеі так, быццам ты там быў і бачыў: дзетак ён абараняў ад гвалту. Ніхто не можа ведаць, колькі год было тым сынам і, нават, ці былі яны ўвогуле. Усе нашыя развагі — фэнтэзі. Забітыя былі тыя, хто трымаў зброю ў руках, але павага да роду княскага была — і гэта безумоўна. Вось таму і мог быць Ізяслаў малодшым братам Рагнеды. Гэта хоць нейк тлумачыць дайшоўшыя да нас легенды. Вось, напрыклад, сам Уладзімір ажаніўся на жонцы свайго брата кіеўскага князя Яраполка, а яна, быццам, была цяжарная Святаполкам і вялікім князем пасля смерці Уладзіміра павінен быў быць сын старэйшага вялікага князя — менавіта Святаполк. І там таксама польская жонка, дарэчы, і яшчэ адзін забіты прапаведнік нерамейскага разліву… Яраслаў зусім не першы быў з наследнікаў на вялікасьць. Падобна ж, што забіў братоў, каб абвінаваціць Святаполка… Гэта ўсё матэр'ял для гістарычных дэтэктываў.
    Аўтар кажа пра здарэньне: «ля 1000 году». У такой глыбіні 12 год нічога не значыць.
    Але чаму гісторыкі не акцэнтуюць увагу на тавары, які здабывалі і транспартавалі варагі. Спачатку варагі- таргоўцы грэка-славяне, потым русь-хрысціяне…
    Існуе версія паходжаньня назвы «славяне» ад ловьчанинъ — «охотник» — паляўнічы за кім? За нейкім таварам. Шо там патрэбна было ў Рамеі — футры? лыка? Там жа горача. Але нешта такое прадавалі, што везлі сюды каштоўнасьці. Усе гэтыя трактоўкі кораня «слова» і «слава» з індаеўрапейскай мовы могуць быць роўнымі цьверджаньню «абараняў дзетак ад гвалту». Вунь Ігар у «Слове» папёрся, прабачце, да полаўцаў за славай. А руская зямля — далёка. Гэта быў захоп тавару — славы, ці гэта было вызваленьне сваіх — Пагоня? І Пагоня можа быць знакам захопу нейкай гнанай здабычы — слова «прыгон» жа нездарма існуе. І слава «сяляне» — не кажучы ўжо пра слова «крестьяне», якое дажыло да распаду савецкага калхоза ў выглядзе кароткага «кресты»…
    І ў Ноўгарадзе Вялікім таксама быў славянскі канец — больш даўні. А ваколіцы Ноўгарада былі зняволенымі — у адрознасьці ад ваколіц, напрыклад, Пскова… Гэта толькі падцверджвае, што славянства папярэднічала русь-хрысціянізацыі, якая стала родам абяртаньня ў рабства пад знакам крыжа. Таму такія прапаведнікі, як Торвальд, і былі забіты. А «славяне» — лаўцы — тавар «перасялялі» — вось яно і перасяленне гэтых, зусім не качэўнікаў, славян. Хоць нейкі сэнс знаходзіцца. Але знікае сэнс верашчаць ад радасці, што нас паняволіў нейкі «рускі князь» і пахрысціў у сваё рабства. Ды яшчэ, калі рускі князь, які (пазней) быў на службе ў Арды.:p…
    0
    avatar
    Добра будзе, калі вы яшчэ біяграфію Уладзімера пачытаеце. Хаця б па дыяганалі )
    Так, можна пісаць дэтэктывы пра тое, хто чыім сынам быў на самой справе, дыскутаваць, згвалтаваў Уладзімер Рагнеду і забіў усіх яе сваякоў, альбо толькі тых, хто з ім са зброяй змагаўся. Але. Уладзімер Святаслававіч — цалкам гістарычная фігура, гэта не паўлегендарны Рурык. І асноўныя даты ягонай біяграфіі вядомы больш-менш дакладна: сын Святаслава ад рабыні, нарадзіўся недзе ля 960 года, стаў ноўгарадскім князем у 970, захапіў кіеўскі пасад у 978-980 годзе, ПЕРАД ГЭТЫМ захапіў Полацк. У 988 ажаніўся з бізантыйскай цэсарэўнай Ганнай і абраў хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. Памёр ў 1015 годзе. Ня ўсё гэтыя даты дакладныя, але ж хібнасць 1-2 гады, не 20. У 986 годзе, калі Торвальд быццам прыехаў у Полацк, Рагвалода ўжо шмат гадоў на свеце не было, а Полацк падпарадкоўваўся Кіеву і Ўладзімеру. Увогуле, успрымаць гэты артыкул сур'езна немагчыма, бо зашмат фактычных памылак. Хаця мо нейкае рацыянальнае зерне тут і ёсць.
    Пра філалёгію дыскутаваць не буду, не лічыце вы слова «слава» аднакаранным са словам «Улаў» і ад яго утвораным — і тое добра.
    А вось наконт «рускага князя, які (пазней) быў на службе ў Арды.» такі спытаюся: вы пра каго?
    Таму сур'ёзна успрымаць артыкул з такой колка
    0
    avatar
    Гэты артыкул — гістарычная зацемка. Акцэнт на існаваньні таго, аб чым вельмі старанна і, самае галоўнае, шырока замоўчвалася. Ужо таму ён мае сэнс — разам з нашым правам на крытыку.
    Біяграфію «Солнышка» я чытала і не раз — я ўвогуле, між іншым!!!-ужо не раз гэтае ўсведамленне здзіўляла саму — пачала чытаць рознае гістарычнае з мэтай знасці адказ на пытаньне «што значыць рускасьць» пасля біяграфіі менавіта гэтага персанажа, напісанай з улікам сведчаньняў з рускіх былін. Сагі, быліны, жыція, аповесці, акадэмікі, вікіпедыі —
    Вы пішаце: нарадзіўся недзе ля 960 — дык дзе менавіта нарадзіўся? Ажно пад Псковам? Гэта «русская» гісторыя напісана так, быццам на месцы Беларусі было вялізнае мора без высокіх хваль, а русічы мелі хуткасныя катамараны… Дарэчы, цалкам прасочваецца лёс Рагнеды — Святаслаў напэўна мог пазабіваць Малушыных братоў, што маглі трымаць зброю — каб ператварыць Малушу на рабыню… А можа Уладзімір якраз ейны брат, як Ізяслаў — Рагнеды? Маленькі сын таго самага князя Мала, бацькі Малушы? Ну бо цікава так: як толькі
    древлянский князь Олег, отступая в бою с Ярополком, был раздавлен во рву падавшими лошадьми. Владимир при этом известии бежал в варяжские земли.
    Падазрона вельмі. А можа гэта ўжо ішлі разборкі за грамату Рамейскага імператара — пры гэтых разборках нехта задаў моду на дэвіз: «нічога асабістага — гэта толькі бізнэс».
    Стаў князем у 970-м — так нельга пісаць. Князя наўгародцы выбіралі — каб ваяваў.
    Захапіў пасад — пасля таго, як былі забіты старэйшыя браты (ну чыста ягоны магчымы сыночак Яраслаў, зачаты падчас гістарычнага гвалтаваньня, калі Ізяслаў — брат)…
    Але вось крыўдна, што побач з фактам жаніцьбы на рамейскай прынцэсе не любяць распавядаць пра раку Папы Клімента, а мне гэта я гісторыя падаецца вельмі цікавай — тым больш, што рака гэтая неабвержна існуе і сёньня, што не магу ўтрымацца, каб не працытаваць:
    «Живший задолго до разделения церквей, Святой Климент Римский одинаково почитается и православной, и католической церквями. Св. Климент пользовался широким почитанием на Руси; ему посвящены значительные храмы в Москве (Церковь Климента, папы Римского), Торжке и иных местах. Связано это с тем, что мощи папы Климента были обретены, по преданию, святым равноапостольным Кириллом (по некоторым источникам, совместно с братом — святым равноапостольным Мефодием) в крымской Корсуни (Херсонесе) около 861. Святой равноапостольный Кирилл лично перевез мощи в Рим и передал папе Адриану II, где им было устроено небывалое чествование (конец 867 — начало 868 года). Папа Адриан II утвердил богослужение на славянском языке и переведённые книги приказал положить в римских церквях. Мефодий был рукоположён в епископский сан. По мнению некоторых авторов, именно обретение мощей святого Климента освятило в глазах Римской церкви просветительскую миссию Кирилла и Мефодия среди славян и введение богослужения на славянском языке. До того среди некоторых богословов Западной церкви господствовала точка зрения, что хвала Богу может воздаваться только на трёх «священных» языках (еврейском, греческом и латинском), поэтому братья были заподозрены в ереси и вызваны в Рим. В честь обретения мощей святой Кирилл написал на греческом языке краткую повесть, похвальное слово и гимн. Первые два произведения дошли до нас в славянском переводе, который имеет надписание «Слово на перенесение мощем преславнаго Климента, историческую имущи беседу» (ряд исследователей называет его «Корсунской легендой»). Мощи святого Климента были перенесены в римскую Базилику Святого Климента. Здесь же был похоронен святой Кирилл, скончавшийся в феврале 869 года.
    Часть мощей святого Климента была оставлена в Херсонесе, где покоилась в резной шеститонной мраморной гробнице, сделанной византийскими мастерами из проконесского мрамора. После захвата города князем Владимиром Великим в 988 или 989 году, мощи святого Климента (вместе с мраморным саркофагом) по его приказу были перенесены в Киев, где почивали в Десятинной церкви — первом каменном храме Киевской Руси.
    После всего этого Владимир взял царицу, и Анастаса, и священников корсунских с мощами святого Климента, и Фива, ученика его, взял и сосуды церковные и иконы на благословение себе[9].
    Судя по всему, для мощей святого Климента была сделана новая рака, поскольку сын Владимира Ярослав Мудрый был похоронен 20 февраля 1054 года в Киеве в херсонесской мраморной гробнице св. Климента, сохранившейся в Софийском соборе до сих пор.»

    А мошчы ранейшага святога прадалі на сувеніры? Выбачайце, калі вас гэта шакуе, але ж мы тут шукаем праўду, назіраючы сляды ад кругоў на вадзе.
    А вось наконт «рускага князя, які (пазней) быў на службе ў Арды.» такі спытаюся: вы пра каго?
    Рускія князі на службе ў Арды — ну маскоўскія ж… Неўскі той — герой расейскага тэленароду. Тэленарод русскамоўны ў 2008-м выказаўся менавіта так. Гэта гістарычна неабвержны факт. Вось таму узнікаюць новыя тэмы-пытаньні:
    Русскі тэленарод і ягоная роля ў тэлевайне. Тэлевайна пачатку 3-га тысячагоддзя на Украінскім фронце і на ўсёй тэлепрасторы — мэты і сутнасьць.:)
    0
    avatar
    На просьбу Торвальда імпэратар выдае грамату, згодна якой Торвальд прызначаўся “паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі да рускіх князёў ў краінах Усходняй Балтыкі.” Князі (мелася на ўвазе Полацку, Ноўгараду і Пскову) мусілі выконваць усе парады Торвальда.
    Але ж, пэўна і канкурэнцыя была за такія граматы і паміж грэкамі, і варагамі, і грэка-варагамі… Дзе той Полацк — ні дарог, ні самалётаў. Рэчкі да Кіева даводзілі, ці языкі?
    0
    avatar
    Тарвальд ня мог загiнуць пасьля 1002 падчас штурму Полацку, бо захоп Уладзiмерам Полацку адбыўся ў 978, пасьля чаго Уладзімер 11 чэрвеня 978 году быў абвешчаны вялікім князям кіеўскім.
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.