|
Голубые штаны |
|
Зарегистрирован: 21 окт 2014, 13:46 Сообщения: 3284
|
Глупые патриоты очень не любят это признавать, умные — про это говорить. А советская историография просто всегда про это знала. Собственно, тут и знать-то было нечего, ибо исторический факт состоит в том, что Вторая мировая война началась в сентябре 1939 года с совместного раздела Польши двумя хищниками — Германией и Советским Союзом.Цитата: Woloh 6 часов назад Оно-то так. Но есть еще одна неприятная правда — в процессе начала этой войны мы (Беларусь) захватили вернули себе 40% своей территории. Да и Украина, к слову, тоже. А иначе придется полякам возвращать. Потому мы вежливо молчим Навошта ж маўчаць? На Браме маўчаць нельга, бо атрымваемся пасобнікамі камунафашыстаў. "Глупыя" - гэта часцей тыя, што проста не мелі інфармацыі - каб выбар зрабіць - паміж Дабром і Злом. То бок, не тое, што інфармацыі не мелі, а проста - былі атручаны свядомай хлуснёй. А вось так званыя умныя - гэта і ёсьць самае падонства. Ведалі - але прыслужвалі. Ведалі, што насамрэч фашысты - яны самі , менавіта. Таму і, нават, не прыслужвалі, а благародна - служылі. І пабядзілі. Вось сёньня трапілася - у пошуках казкі пра асілка Рымшу - дык і ня ведаю куды змясціць.. Я ж ні ў якіх суполках не ўдзельнічаю.. Але ўжо і не дзіўна, што няма нармальнай гісторыі краіны. Я такая глупая патрыётка гэтай зямлі, якая хоча прызнаць усё, што насамрэч адбывалася тут. Тут - на гэтай зямлі, у гэтай краіне, што зараз завецца Беларусь. Якая яшчэ можа быць гісторыя? Напрыклад - гісторыя Хімер.. Камуністычных. Таксама важная. Толькі яе мы і вывучалі - у савецкіх школках-інстытутах.. А праўдзівую гісторыю, атрымліваецца, трэба вышукваць па слоўках, галасах.. Кулях сярод гразі..
Сяргей Хмара
Неяк у лiсьце да Юркі Вiцьбiча Антон Адамовiч, спрабуючы вызначыць месца паэта Паўлюка Шукайлы ў лiтаратуры й – шырэй – у беларускай справе, прапанаваў назваць гэткi тып нацыянал-авантурыстам. Пэўна, нацыянал-авантурыстам можна назваць i Сяргея Хмару. Пра постаць гэтага пiсьменьнiка, грамадзкага дзеяча ўжо даводзiлася пiсаць раней. Але вось выйшла кнiга «Сяргей Хмара» Андрэя Чэмера – чалавека, якi на працягу свайго жыцьця не парываў сувязi з сваiм героем, блiзкiм сябрам i паплечнiкам. I кнiга – на дзiва – засьведчыла, наколькi ён мала можа расказаць пра лёс С. Хмары, асаблiва ў даваенны час. Гэтым i была паклiканая неабходнасьць зьвярнуцца яшчэ раз да асобы Хмары, у прыватнасьцi, надрукаваць ягоную аўтабiяграфiю «Кароткiя данныя аб сабе» Сяргей ХМАРА КАРОТКIЯ ДАНЫЯ АБ САБЕ Нарадзiўся ў 1905 годзе ў Адэсе, куды мае бацькi выэмiгравалi на працу зь Беларусi. Бацька паходзiў зь вёскi Задвор'е Казлоўшчынскай воласьцi на Слонiмшчыне. Мацi – зь вёскi Нарбутовiч на Дзятлаўшчыне Наваградзкага павету (Магдалена з Шымукоў). Пасьля, як мне было пяць год, бацькi пераехалi ў Варшаву, дзе бацька служыў на пошце. Падчас Першай Сусьветнай вайны эвакуавалiся да Казанi, пасьля жылi ў Растове-на-Дану i ў Варонескай губэрнi, дзе ў 1918 годзе бандыты забiлi бацьку. Жывучы там, я знайшоў часапiс «Саха» зь дзiўнай для мяне мовай. Ня мог правiльна прачытаць словы. Мацi папраўляла, i так дазнаўся, што гэта беларуская мова й што мы беларусы. Па забойстве бацькi мацi выбралася з намi, я й малодшая на сем год Нiна, на Беларусь. Iшла вайна. Цягнiкi дайшлi толькi да Дзьвiнска. Зь Дзьвiнска трапiлi возам да Эжэрэнаў у Лiцьве. Перахварэлi там на тыф. Пакiнуўшы клумкi зь везенымi рэчамi, пайшлi пехатою дабiвацца на бацькаўшчыну. Галодныя дабiлiся да Вiльнi, адтуль эвакуiцыйным цягнiком далей i пехатой да хаты ў Казлоўшчыне. Хата без страхi, бяз мэблi, без вакон. Латалi чым маглi. Печ палiлi сечаным ялаўцом і алешнiкам. Печ распарылася й завалiлася з комiнам. Сядзелi ў курной хаце, бо не было за што выставiць новы комiн. Тры гады ня бачылi хлеба, а нават бульбу рэдка. Зiмой хадзiлася зь сякерай i рубiлася выкiнутую мёрзлую бульбу зь ямаў у мясцовым маёнтку. Мацi хадзiла да багатых сялян на падзёншчыну за гарнец жытняй мукi цi кошык бульбы. Я наняўся пасьцi ў шляхцiча кароў. Хадзiў босы, бо нават лапцяў ня ўмеў сабе сплесьцi, а халявы на боты, што прынёс з сабой, мусiлi прадаць i купiлi за гэтае цяля-гадунца, зь якога з часам выгадавалi карову. Летам было добра, але на восень, калi буйны шрон пакрываў палi, пакуль сонца не прыгрэе, ногi дубелi, што хадзiлася як на дзеравяных, а потым пры адаграваньнi нясьцерпны боль. Чуць не памёр, наеўшыся хлеба з жалудоў i цёртай асiнавай кары ды верасу. Атрымаў курыную сьлепату й з заходам сонца зусiм асьляпаў. Хадзiў амацакам. Потым дастаўся на працу ў маёнтак; за пратэст, што не даюць амаль паўдзённага перапынку, выкiнулi й не хацелi нават выплацiць заробленага, а калi пачаў спрачацца ў прысутнасьцi купы работнiкаў, ён пiхнуў мяне з ганку. Схапiўшыся на ногi, у гарачцы схапiў вялiкi камень i шпурнуў у аканома. Была палiцыя, але грошы выплацiлi. Пайшоў касцом на касавiцу ў другi маёнтак, але плацiлi нам толькi адзiн злоты ў дзень. Пастанавiлi страйкаваць, дамагаючыся двух злотых. Мяне, вядома, як больш пiсьменнага, выставiлi дэлегатам. Палiцыя. Мянушка камунiста. Людзi трымалiся. Страйк выйгралi, але мяне выкiнута. Дзеля людзей, першы раз правёўшых i выйграўшых страйк, баранiць страйкам i свайго выкiнутага дэлегата было замнога! Пайшоў на будову дарогi. Зноў страйк i зноў я мусіў быць прадстаўнiком страйкуючых. Арыштавана як арганiзатара страйку, зноў работнiкi страйк выйгралi, атрымаўшы 50 адсоткаў падвышкi, мяне выкiнута на загад палiцыi як падбурвацеля, а праца пры дарозе была дзяржаўная. Будаваў яшчэ масты, працуючы пры ўбiваньнi слупой «бабай», а потым стаў памочнiкам агароднiка ў маёнтку «Падоле», бо знаўся на садаводзтве й гароднiцтве як аматар. У 1921 годзе арыштаваны падчас вайсковай аблавы ў пошуках зброi. У 1922 годзе кантактуюцца са мной прадстаўнiкi партызанскага адзелу БНР атамана Шэршня, прапануючы, каб я дапамог iм навязаць лучнасьць з кiраўнiцтвам, якое парвалася ў сувязi з арыштамi ў Беласточчыне й адыходам у Лiтву дзеючага Штабу 5-ай Групы Войскаў БНР, што знаходзiўся ў Белавескай пушчы. Еду да Варшавы з даручэньнем зьвязацца з пасламi Польскага Сойму Бараном цi Якавюком праз Рамуальда Зямкевiча, але гэтаму апошняму гаварыць, што патрабую паслоў у сялянскай справе процiў абшарнiка. Даручэньне выканаў, а разам пазнаёмiўся зь першым патрыётам-беларусам, да непрытомнасьцi ўлюблёным ува ўсё беларускае, дзядзькам Ромусем. Ён пазнаёмiў мяне й зь iншым выдатным нашым адраджэнцам, паэтам Гальляшом Леўчыкам. Чым гэта было для мяне, можна будзе зразумець, бо я тады ўжо прабаваў складаць свае першыя песьнi-вершы на папулярныя мэлёдыi. Праз Гальляша Леўчыка я пасьля ў 1924 годзе пазнаёмiўся з Рак-Мiхайлоўскiм i сэнатарам Уласавым i стаў сябрам Таварыства Беларускай Школы ў Вiльнi (старшыня тады С. Рак-Мiхайлоўскi) i Радашкоўскага Таварыства Беларускае Школы, якiм кiраваў Уласаў, бо Вiленскае ТБШ ня мела права дзеяць у нашым Наваградзкiм ваяводзтве. У 1923 годзе арганiзую ўспамагаўчую групу партызанскага аддзелу Шаршня ў сваёй ваколiцы, а пасьля выдзяляемся ў асобны партызанска-паўстанчы аддзел Iскры (5-я Група Войскаў БНР). Аддзел Шаршня зьлiквiдаваны ў 1924 годзе палiцыяй. У 1925 годзе зьлiквiдаваны другi суседнi аддзел атамана Рудога. Мы засталiся адныя. Навязаны быў сталы кантакт празь мяне зь Беларускiм Пасольскiм Клюбам у Варшаве. Нам радзiлi лiквiдаваць збройную дзейнасьць, бо наш Соймавы Клюб мае намер хутка прыступiць да масавае легальнае працы на вёсцы. У 1925 годзе выйшлi так званыя законы Грабскага аб праве меншасьцяў на свае прыватныя школы. Аднак калi Радашкоўскае Таварыства Беларускай Школы падало заявы на такiя школы, нягледзячы на пачатак школьных заняткаў, адказу ад ваяводзтва не атрымала. Тады пастаноўлена было зарганiзаваць такiя школы яўным парадкам без дазволаў. Я як прадстаўнiк ТБШ пачаў такую арганiзацыю школаў на ўсходняй частцы Слонiмшчыны, а М. Бурсэвiч на заходняй. Пасьпеў зарганiзаваць 12 школаў: падшукаць настаўнiкаў, зарганiзаваць сялян, каб правялi ў сваiх вёсках сходы з пастановамi адкрыць беларускiя школы й запрасiць адпаведных настаўнiкаў да iх. У нашых чатырох валасьцях аднаго дня пачало дзеяць 12 школаў, i ўсе дзецi пакiнулi польскiя дзяржаўныя школы. Улады спачатку хацелi змусiць сялян вярнуць дзяцей у польскiя школы страхам, накладаючы кару за кожны дзень адсутнасьцi дзiцяцi ў польскай школе пяць злотых (пуд жыта каштаваў тады два злотыя). Празь месяц, калi гэтае не памагло, палiцыя арыштавала ўсiх настаўнiкаў i некаторых старастаў вёскаў, а школьныя пакоi апячатана. Арыштавана й мяне як арганiзатара. Зьбiта дэфэнзывай, прычым перабiта зыкавую перапонку ў вуху. Сьледчы мусiў мяне звольнiць з турмы, бо доказаў, што я зарганiзаваў «нелегальныя» школы, не было, а быць прадстаўнiком ТБШ на сваю ваколiцу было легальным. Настаўнiкi на суду атрымалi па 3, 6 месяцаў турмы, а адна – год. Настаўнiца Шундрык атрымала ў турме сухоты й памерла па выхадзе на волю. Таму што сяляне й далей не пускалi дзяцей з паваротам да польскiх школаў, зьявiлiся сэквэстратары сьцягваць кары, забiраючы кажухi, каровы й iншае дабро. Сяляне сэквэстратараў папраганялi. Тады яны явiлiся з палiцыяй. У Лядзiнах адбыўся цэлы бой. Мусiлi выклiкаць войска. Беларускiя паслы ўнесьлi ў гэтай справе iнтэрпэляцыю* ў Сойме. Экзэкуцыя была спыненая. Тыя законы прадбачылi права пасылаць лiсты па пошце ў нашых ваяводзтвах, адрасаваныя лацiнкай па-беларуску. Калi я зьявiўся й хацеў падаць у Вiльню да ТБШ замоўленае (заказное) пiсьмо з адрасам па-беларуску, пошта адмовiлася прыняць i на маё дамаганьне выконваць закон паклiкала палiцыю, якая мяне арыштавала й зьбiла. Беларускiя паслы злажылi зноў iнтэрпэляцыю ў Сойме ў гэтай справе. Пошту змусiлi прымаць такiя пiсьмы. У 1924 годзе намовiлi сьвятара Казлоўшчынскага праваслаўнага прыходу Катовiча з амбону заклiкаць сялян, каб намагалiся беларускiх школаў i не пускалi моладзь у Беларускiя арганiзацыi. Польскiя ўлады пастанавiлi яго за гэта выселiць з Польшчы ў Гданск. Выклiкала гэта вялiкае абурэньне. Баючыся, што нашая партызанка яго адаб'е, бо такiя хадзiлi чуткi сярод сялян, а нашыя партызаны i ўзапраўду хацелi гэта зрабiць, польскiя ўлады прыслалi арыштаваць i вывезьцi з Казлоўшчыны сьвятара цэлы швадрон кавалерыi. Гэтак i вывезьлi яго ў суправаджэньнi двухсот вершнiкаў i палiцыi. Вызначылi новага сьвятара, былога белагвардзейскага афiцэра Баталiна, якi адразу пачаў выступаць з казаньнямi аб бандытах i iхных супольнiках ды камунiстах, што выдумалi нейкую беларускую мову. Намаўляў выдаваць прычасных да партызанкi палiцыi й наагул слухацца ўлады. Зь сялянамi паступаў, як з быдлам. Калi нешта хто меў да яго, не пушчаў на плябаню, мусiлi чакаць на панадворку. За шлюб гроб карову. На скаргi сялян да эпархii ў Гораднi не было адказаў, бо меў там «плечы». Вернiкi зьвярнулiся да нас, асабiста да мяне, каб памаглi. З маёй iнiцыятывы заклалi Камiтэт Беларусiзацыi Царквы: настаўнiк А. Тарасюк – старшыня, я – сакратар, настаўнiк П. Коска – скарбнiк (усе дзейныя сябры партызанкi). Пайшлi да сьвятара ў нядзелю перад службаю й ад iмя камiтэту й парафiян зажадалi беларускiх казаньняў у царкве. Абзываючы нас бандытамi й камунiстамi, выгнаў з плябанi. У царкве, калi пачаў расейскае казаньне з выкрыкамi аб бандытах i камунiстах i нашым камiтэце, з народу адазвалiся выгукi: прэч расейскага правакатара, гавары па-беларуску. I ўсёй масай вернiкi выйшлi з царквы й тут жа на пагосьце зрабiлi веча, прыняўшы рэзалюцыю з патрабаваньнем выдаленьня папа-правакатара й беларусiзацыi царквы. Пакуль поп паведамiў палiцыю, веча разышлося. Рэзалюцыя й апiсаньне падзей паслалi да кансысторыi ў Гораднi й да вiленскiх беларускiх i польскiх газэт. Зрабiўся гук у прэсе. Перадрукавала й варшаўская. Кожную нядзелю рабiлiся дэманстрацыi ў царкве й пры царкве. Палiцыя не памагала. Кансысторыя была змушаная зьняць Баталiна й прыслаць нам беларуса. Гэта быў Сокал-Кутылоўскi, б[ылы] камандуючы Слуцкай Паўстанцкай Брыгадай. Царква была беларусiзавана. З амбону пачало заклiкацца аб патрэбе складаньня дэклярацыяў за беларускую школу й iншае. Пры Баталiне быў нам прысланы дзяк – украiнец Алексiевiч, якi поўнасьцю разумеў нашыя нацыянальныя памкненьнi. Ён як з вышэйшай адукацыяй меў права выкладаць для праваслаўных вучняў у польскiх урадавых школах Закон Божы. Вось жа з мае iнiцыятывы, справадзiўшы беларускiя лемэнтары й Закон Божы ў беларускай мове, Аляксiевiч пачаў выкладаць падчас сваiх лекцый ня толькi па-беларуску, але праводзiў i навучаньне беларускае мовы ў чатырох школах. У канцы школьнага году (1924–1925) Алексiевiча па даносу кiраўнiцтва школаў у Гербелевiчах i Мiдзьвiнавiчах арыштавана за «тайнае» навучаньне беларускай мовы. Суд апраўдаў, бо Алексiевiч тлумачыўся, што мусiў вучыць беларускай кiрылiчнай абэцэды дзяцей, каб маглi чытаць кiрылiцай пiсаны Закон Божы. Але ўлады выдалiлi яго з Казлоўшчыны адмiнiстрацыйна. Розгалас зь беларусiзацыяй царквы прыцягнуў увагу д-ра Паўлюкевiча, якi тады стварыў прапольскую арганiзацыю Беларускую Тымчасовую Раду з намерам зрабiць пасьля зьезд, на якiм выбраць Беларускую Нацыянальную Раду як прадстаўнiцтва Заходняй Беларусi. Паўлюкевiч быў знаёмы з Сокал-Кутылоўскiм па Слуцкiм паўстаньнi. Ён прыехаў да нас i запрапанаваў закласьцi аддзел ягонай Рады, што дасьць магчымасьць нам легальна дзеяць з забясьпекай ад арышту. Мы самыя шукалi выхаду, бо палiцыя наступала нам на пяты з нашай партызанскай, ужо замiраючай арганiзацыяй, бяз сувязi звонку. Мы рашылi замаскавацца ў Паўлюкевiча. Створана павятовы аддзел Тымчасовай Рады з Тарасюком як Старшынёй i мною як сакратаром ды выкапанай мною студэнткай Аленай Лябецкай. Залажылi 4 аддзелы «прасьветы», беларускую бiблiятэку. Паставiлi першыя канцэрты беларускай песьнi й драматычныя творы на сцэне. Калi Паўлюкевiч паехаў на зацьверджаньне нас да ваяводзтва ў Наваградак, дык ваявода адмовiўся зацьвердзiць нас, бо мы былi на лiстах моцна падазроных у партызанцы, у камунiзме й наагул у авантурнiцтве. Паўлюкевiч давёў, што мы патрыёты, бо камунiсты не змагалiся б за беларусiзацыю царквы, а авантурызм – гэта, маўляў, паўната сiл i энэргii, якую ўласьне трэба абняць рамкамi ягонай арганiзацыi, ляяльнай да ўладаў, чым папусьцiць iх пайсьцi ў камунiсты перасьледам. Довады, казаў Паўлюкевiч, падзеялi, i нашая Рада была зацьверджаная. Калi даведалiся аб нашым кроку нашыя паслы ў Сойме, страшна нас скрытыкавалi за неразважны крок, якi дае карысьць палёнафiлам i можа ўплынуць у гэтым напрамку на мясцовае сялянства, якое ня можа ведаць нашых праўдзiвых тэндэнцыяў. Але калi наведалiся – спачатку Васiль Рагуля, а пасьля Сымон Рак-Мiхайлоўскi, прызналi нам рацыю, што трэба было так зрабiць, як зрабiлi. Мы аб'ядноўвалi каля соткi актывiстаў, маглi легальна зьбiрацца, дыскутаваць, чытаць, ставiць спэктаклi. Якось, слухаючы аб нашых паходжаньнях, захоплены Рак-Мiхайлоўскi ўскрыкнуў аба мне: «Вось сатана!» Так нарадзiўся неспадзявана мой псэўданiм, у сувязi з пасламi пазьнейшага Клюбу Грамады скарочаны на Сат. Я ходаўся як найбольш моладзi выслаць у беларускiя гiмназіi Вiльнi, Клецка, Радашковiч. Паслалi мы iх 11 чалавек з Казлоўшчыны, у тым трох габраяў: двох братоў Кравецкiх i Валачынскага. У 1925 годзе зьяўляюцца мае першыя вершы друкам у «Крынiцы». У Казлоўшчыне маем аж трох пачынаючых лiтаратуразнаўцаў: я, Мiхтар (Мiхась Тарасюк, празаiк) i Хаiм Кравецкі – беларускі паэта-габрай. У суседнiх Скрэндзевiчах трох паэтаў: Пiгулеўскi, Бякета й Бякецiк (дзядзька й пляменьнiк). Ня так далёка ў суседняй гмiне (Раготная) – М. Дубок (Язэп Сiняк). У Дзятлаўскай гмiне – Н. Жальба (Бяленка). Спрабавалi мы падняць i нашых каталiкоў на барацьбу за беларусiзацыю касьцёла ў Рандзiлаўшчыне. Сярод iх знайшлi каля 100 падпiшчыкаў на «Крынiцу». 120 асобнiкаў прыходзiла да нас агульнабеларускай газэты й 100 асобнiкаў паўлюкевiчаўскага «Беларускага слова», якое, на адмену ад iншых, не ішло на паасобныя адрасы, а на нашую Раду, а мы дзялiлi мiж сваiмi сьвядомымi сябрамi, а не пушчалi ў народ дзеля яе палёнафiльскага зьместу. Мяне выклiкана ў 1925 годзе ў Варшаву й павядомлена, што нашая група паслоў пастанавiла залажыць асобны Пасольскi Клюб Беларускае Сялянска-Работнiцкай Грамады. Iмем нашае арганiзацыi, якая тады пачала мiж сабой называцца Незалежная Сялянская Група, укрываючыся пад шыльдай паўлюкевiчаўскай Рады, я дакляраваў поўную падтрымку й абяцаньне, што з момантам арганiзацыi Грамады на мясцох паслы могуць лiчыць за пэўнае 1000 сяброў у нашым раёне, што было прынята крыху як перахвалка, бо яны самi аблiчалi, што ўся арганiзацыя будзе мець якiх пяць тысяч сяброў. Зараз па афiцыяльным утварэньнi Грамады прыехаў да нас сьпешна наш часты госьць пасол Васiль Рагуля, якi да Грамады не ўвайшоў. Ён думаў, што мы пойдзем за iм у створаны iм i Ф. Ярэмiчам Сялянскi Саюз. Мы патрабавалi, каб ён або ўступiў у Грамаду, або мы парываем зь iм усе сувязi. Так скончылася мая дружба з Рагулем, бо ён мяне лiчыў закапёршчыкам. Паўлюкевiч тым часам гатаваў зьезд у Вiльнi. Хацеў зрабiць гэта шырока й гучна, бо палякi далi грошы на бiлеты й на Кангрэс. Мы ж таксама гатавалiся да яго гучна. Нас ён лiчыў адзiнымi iдэоўцамi ў ягонай арганiзацыi, бо калi ён напачатку запрапанаваў нам грошы на арганiзацыю й аплату кожнага сябры Рады, мы з абурэньнем гэтае адкiнулi й асьведчылi, што працуем дзеля iдэi, а не для грошай, што яго вельмi ўразiла, i ён стаў нам вельмi верыць i паважаць, а нас брала агiда, што мы змушаныя былi быць з такiмi прадажнiкамi й пэцкацца. Вось жа ён, ня маючы нiдзе прыхiльнiкаў, запрапанаваў нашай павятовай радзе ўзяць арганiзацыю дэлегатаў з суседнiх паветаў. Мы задакляравалi, што прывязем з сабой 200 дэлегатаў ад паветаў: Слонiмскага, Баранавiцкага, Наваградзкага й Лiдзкага. На сваiх паседжаньнях мы выпрацавалi пункты, дэклярацыю нашай Незалежнай Сялянскай Групы, якая мела быць пастаўленай на зьезьдзе. Яна галасiла аб патрэбе падзелу памешчыцкай зямлi, поўнага беларускага дзяржаўнага школьнiцтва, удзяржаўленьня беларускай мовы, супроць усякага супрацоўнiцтва з польскiмi ўладамi й права на самастаўленьне заходнебеларускага народу. Усё гэтае мы парадкова ўпiсвалi ў кнiгу пратаколаў Рады, каб не закiнулi нам, што гэта тры групкi асоб звонкi. Склiкалi прышлых дэлегатаў i азнаямлялi iх з гэтымi пастановамi. На канец зьезду мы мелi агаласiць Тымчасовую Раду разьвязанай, выразiць вотуум недаверу д-ру Паўлюкевiчу й абвесьцiць Грамаду прадстаўнiчкай беларускага народу. Тры днi перад зьездам мы атрымалi тэлеграму: «Зьезд адкладзены. Дэлегатаў спынiць. Еду». На ранiцу зьявiўся Паўлюкевiч. Зьявiўся данос: Хмара з 200 дэлегатамi едзе апанаваць зьезд i далучыцца да Грамады. Даносчык, наш дэлегат з Мураванкi, па даносе й атрыманьнi нагароды, скрыўся назаўсёды ў Горадню, баючыся партызанскай помсты. Разьяраны Паўлюкевiч патрабаваў кнiгу пратаколаў i, прачытаўшы iх, аж зароў аб здрадзе. Абвесьцiў аб лiквiдацыi нашага павятовага аддзелу Рады. На гэтым скончылася маё знаёмства з Паўлюкевiчам. Зьезд ён правёў на тыдзень цi два пазьней, усяго з 60 удзельнiкаў, сярод якiх i так пранiкла 10 нашых, якiя здолелi агаласiць сваю дэклярацыю аб Грамадзе й дэманстратыўна пакiнуць зьезд здраднiкаў. Палякi, пабачыўшы фiяска, па зьезьдзе Паўлюкевiча зьлiквiдавалi. У 1925 годзе – сталы супрацоўнiк «Маланкi». У маi 1926 году нарэшце атрымалi пастанову Грамады аб утварэньнi Цэнтральнага Сакратарыяту Грамады й прыступiлi да арганiзацыi на вёсцы. Я стаўся арганiзатарам i залажыў першы гурток Грамады ў Казлоўшчыне й наагул у Слонiмшчыне. Мой сяброўскi нумар быў 235. Разам на працягу паўгода залажыў 32 гурткi Грамады зь лiкам сяброў больш як тры тысячы. Для ўспраўненьня арганiзацыi трэба было залажыць у Казлоўшчыне раённы камiтэт на тры гмiны: Казлоўшчынскую, Дзераўнянскую й Рагоценскую. Сакратаром камiтэту стаў я. У нашых ваколiцах сярод каталiкоў дзеяла й польскае «Вызваленьне». Потым Беларускiя паслы-каталiкi гэтай партыi залажылi радыкальную Незалежную Партыю Хлопскую*, на чале якой стаяў падазроны намi як агэнт контрразьведкi С. Ваявудзкi. Зараз пасьля пачатку арганiзацыi Грамады мы заатакавалi прыехаўшых паслоў НПХ – Галавача, Шэвеля, Балiна, Шакуна, каб яны як беларускiя паслы пакiнулi Ваявудзкага й далучылiся да Грамады, iначай мы iх прагонiм з нашых вечаў. Мы прыступiлi да лiквiдацыi гурткоў НПХ, якiх у нас некалькi iснавала. Зьлiквiдавалi па дарозе й аддзелы Саюзу Сельска-Гаспадарчых Работнiкаў, якiя падлягалi Польскай Партыi Сацыялiстычнай. Сябры гэтых арганiзацый улiлiся ў гурткi Грамады. Цэнтральны Сакратарыят Грамады патрабаваў, каб мы не лiквiдоўвалi НПХ як нашых саюзьнiкаў, а прафсаюз батракоў каб не лiквiдавалi, а апаноўвалi кiраўнiцтва, якое было ў ППС. Але мы iх такi зьлiквiдавалi. У Дзераўнянскай гмiне былi камунiстычныя ячэйкi. Iм прыказалi не ўступаць да Грамады, але камсамольцы й камунiсты ў Шундрах i суседнiх вёсках палiквiдавалi свае ячэйкi й пайшлi ў Грамаду. Наказ iсьцi ў Грамаду й апаноўваць яе знутра дадзены быў толькi цераз 4 месяцы, калi ўбачылi, што яна ўжо мае дзясяткi тысяч сяброў. На назначаны павятовы зьезд накiравалася толькi з нашага раёну больш 2 тысяч сяброў фурманкамi. У Слонiме сабралася каля пяцi тысяч сяброў. Заля кiна, дзе меў адбыцца зьезд, аказалася зачыненай. На дзьвярох была афiша, падпiсаная наваградзкiм ваяводам, што зьезд забаронены. Запрудзiўшы вулiцу, натоўп ня верыў афiшы й дамагаўся, каб я як найстарэйшы чынам, бо раённы сакратар i арганiзатар (больш раённых камiтэтаў не было), паразумеўся з пасламi тэлеграфiчна, што я й зрабiў, выслаўшы тэлеграму ў Вiльню. Вядома, навокал мяне зьбiралiся сябры агромнымi натоўпамi. На вулiцы зьявiлiся трохасабовыя патрулi палiцыi й вайсковай жандармэрыi, разганяючы натоўпы сялян ды загадваючы выяжджаць дадому. Выклiкала гэта спачатку сутычкi, а потым i наагул грозныя настроi ў натоўпах. Пачалiся арышты. Першага схоплена мяне, ўпакавана да дарожкi й адвезена да староства. Па-за мною арыштавана 12 сяброў з майго раёну за нашэньне кiёў i зялёна-чырвоных стужкаў на шапках цi на грудзёх, што палiчылi знакам «баявых дружын» Грамады. Заалярмаваныя маiм арыштам тысячы сяброў пастанавiлi iсьцi дэманстрацыяй да будынку староства з дамаганьнем майго й маiх сяброў звальненьня. Палiцыя й жандармэрыя спрабавала натоўпы спынiць i разагнаць, але блiзу трохтысячная маса прарвала загароды й апынулася перад староствам з выгукамi: звольнiць арыштаваных. Гэта быў сапраўды грозны рык натоўпу, перастрашыўшы й старасту й камандзераў палiцыi й жандармэрыi. Да мяне ў пакой, у якiм я сядзеў пад ахаронай двух палiцыянтаў, ускочыў стараста й асьведчыў, што ён мяне звольнiць i маiх сяброў, калi я скажу дэманструючым ехаць дадому. Тут жа мне прынесьлi тэлеграфiчны адказ на маю тэлеграму, што зьезд такi адклiканы. Калi нас выпусьцiлi з староства, маса дэманстрантаў са сьпевам «Ад веку мы спалi i нас разбудзiлi» рушыла да сваiх вазоў i пасьля зь песьнямi цераз горад валкамi з соткамi вазоў да хаты. Хутка па гэтым здарэньнi мяне выклiкаюць у староства. Там мяне арыштоўваюць па закiдах у сфальшаваньнi ў дакумэнтах майго ўзросту. Маўляў, у дакумэнтах стаiць век маладзейшы, чым я ёсьць. Нягледзячы на мае пратэсты, мяне адразу тут жа ў старостве павялi на прыгатаваную лякарскую камiсію апазнаваньня ўзросту з двох лекароў, якiя нiбы «па зубах» апазналi, што мой узрост на адзiн год старэйшы, чым стаiць у дакумэнтах (я ня меў мэтрыкi). Не пасьпеў я апамятацца, як мяне пацягнулi ў другой пакой, дзе сядзеў вiцэ-стараста й пару ваенных. Вiцэ-стараста прадставiўся, што ён сёньня выконвае абавязкi старшынi спэцыяльнай вайсковай рэкруцкай камiсіi, а таму, што лекары прызналi мяне цяпер на год старэйшым, дык падпадаючым пад набор у войска, i ўласьне яны тут залатвяюць справу пабору да войска. Нягледзячы на пратэсты, жандары прымусiлi мяне распрануцца, а вайсковы лекар абвесьцiў мяне годным. I тут жа пабаровы афiцэр прыдзялiў мяне недзе ў Быгдашч да палка. Усё было прыгатавана загадзя. Тады я падаў, што маю балячае вуха й на яго ня чую (вынiк бiцьця ў дэфэнзыве ў 1925 годзе). Вiцэ-стараста знэрваваны крычаў, што я манкiрую, а доктар пераслаў мяне да камандаваньня корпусу ў Берасьцi дзеля агледзiн у лекара-спэцыялiсты. Мяне пад арыштам дастаўлена ў берасьцейскую турму, а адтуль у крэпасьць i здадзена войску. Жандары даставiлi да вайсковага лекара, якi й сьцьвердзiў перабiтую перапонку ў вусе. Ды на аснове гэтага я быў прызнаны нягодным да вайсковае службы й праз тыдзень вярнуўся дахаты. Недзе ў кастрычнiку выклiкана мяне на спэцыяльную нараду да Вiльнi. Там нас паiнфармавана, што гатуецца лiквiдацыя Грамады польскiмi ўладамi, таму трэба загадзя шыкаваць «другiя акопы», гэта значыць, арганiзаваць усюды моцныя аддзелы Таварыства Беларускай Школы – нашай культурнай прыбудовы й выстаўляць на iхнае кiраўнiцтва людзей, менш замешаных у палiтычнай грамадаўскай працы. Я высунуў знойдзеную мной Алену Лябецкую, былую студэнтку, якая пасьля была сакратаром Галоўнае Ўправы ТБШ. Вестка, што Грамаду могуць зьлiквiдаваць, выклiкала вялiкiя хваляваньнi ў нашым нiзавым актыве, якi быў калiсьцi нашым партызанскiм актывам. Сябрам было незразумела, чаму стотысячная арганiзацыя без супрацiву паддаецца насiльству. Усе выказалiся стыхiйна на нарадзе за паўстаньне на выпадак спробы лiквiдацыi. Зараз жа быў выпрацаваны плян збройнай акцыi: пераняцьце чыгунак, захоп турмаў з арыштаванымi й г. д., i выслана мяне сьпешна да Вiльнi з плянам. Паслы адкiнулi думку паўстаньня. Падтрымалі часткова толькi Валошын i Рак-Мiхайлоўскi. Процiў мадэрнай армii нашае паўстаньне не ўстаiць. Насельнiцтва ў вынiку будзе зьдзесяткаваным, а спадзяваньняў на нейкiх саюзьнiкаў з-за мяжы няма. Мне было загадана пад маю адказнасьць суцiшыць партызанскiя настроi, што мне зь цяжкасьцяй удалося. З 14 на 15 студзеня адбылася паўсюдная лiквiдацыя Грамады. У нашым раёне лiквiдацыю праводзiла палiцыя ў асысьце батальёну пяхоты. Войска акружвала хаты, а палiцыя арыштоўвала. Соткi арыштаваных везьлi вазамi пад канвоем войска да найблiжэйшых турмаў. Нас 30 чалавек асадзiлi ў турме ў Слонiме. Ужо церазь месяц мы ўзносiм у турме бунт, каб дабiцца правоў палiтвязьняў, якiх нам не давалi. У вынiку мы права здабылi, але нашую камэру бунтаўнiкоў хутка вывезена да Гораднi. Я быў дэлегатам камэры перад турэмнымi ўладамi. Сяляне Слонiмшчыны адразу зарганiзавалi нам, вязьням, масавую дапамогу харчамi, якая ўжо распачалася на вялiкдзень. Зьбiрана па вёсках вазамi й пасьля везена нам у вастрог. Мяхi булак, мяса кошыкi, з сотнямi валачонных. У Гораднi сядзела палiтвязьняў нешта 10 камэраў. Гэта былi найбольш партызаны, камунiсты, а нават крыху анархiстаў. Я быў прадстаўнiком прыехаўшых грамадаўцаў, цi як у турме звалi «беларусаў». Старастам палiтвязьняў быў У. Тамашчык (на эмiграцыi – архiэпiскап Васiль). Ён сядзеў асуджаны як сакратар Берастовiцкага падраёну Камунiстычнай Партыi Заходняй Беларусi на чатыры гады. Зьвязаны быў з сэцэсіяй* Гурына. Спаткаўся з пачынаючым тады пiсьменьнiкам – Пiлiпам Пестраком-Зьвестуном, сядзеўшым па партызанскай справе. Незадаволеныя з швiндляў камунiстаў, якiя атрымоўвалi пакункi МОПРу** з сродкаў сабраных на нашых вёсках для палiтвязьняў, не дзялiлiся iмi з усiмi палiтвязьнямi, а спажывалi iх толькi ў сваiм асяродзьдзi, а партызаны й грамадаўцы сядзелi галодныя. Мы патрабавалi дзялiць на ўсiх, бо гэта народная дапамога на ўсiх. Выдалi з маёй iнiцыятывы рукапiсны часопiс па-беларуску «За калектыў». Я быў рэдактарам. У рэдкалегii былi: А. Марчык, здольны карыкатурыст i фэльетанiст, А. Пронька-Трактар, Гiль i iншыя вучнi Наваградзкай Гiмназіi, арыштаваныя за камсамол. На дамаганьне камунiстаў часапiс сканфiскаваў стараста як абражаючы камунiстаў. А на шпацыры адзiн з гэтых дзеячоў кiнуўся да мяне з кулакамi бiцца, бо ў часопiсе было выкрыта, што прысвойтаўшы сабе МОПРаўскiя грошы, ён устаўляў за iх сабе залатыя зубы. Пасьля бунту ў турме й пяцiдзённай галадоўкi нас, грамадаўцаў, вывезьлi ў 1928 годзе на Лукiшкi ў Вiльню. На Лукiшках сустрэўся з паэтамi: А. Салагубам, Хв. Iльляшэвiчам, Машарам ды iншымi. У 1928 годзе арыштавана маю сястру Нiну (Антанiну) i асуджана на два гады «за дапамаганьне падрыўной акцыi». У 1928 годзе адбыўся наш цэнтральны працэс Грамады на чале з Тарашкевiчам, гэтак званы «Працэс 56». Мяне асуджана на чатыры гады. Вывезена ў Каранова на Памор'i, дзе сядзеў з С. Рак-Мiхайлоўскiм, Максiмам Бурсэвiчам, паэтам Шкодзiчам i iншымi. Там залажылi нашыя «Лiтаратурныя серады». Друкаваўся ў нелегальным часопiсе палiтвязьняў, выдаваным польскiм пiсьменьнiкам Выгодзкiм, якi стаў з нашым прыездам польска-беларускiм. Я падпiсваў вершы С. Сьвiтка. Пасрэдна браў удзел у спробах залажыць у Вiльнi нашую лiтаратурную арганiзацыю «Рунь». Група вiленскiх студэнтаў з Арсеньневай, Бартулем, Сергiевiчам адстойвала свой назоў «Веснаход». Каб пагадзiць нашую сялянскую плынь «Рунi» й мяшчанскую «Веснаходу», галоўны дзеяч таго часу на гэтым полi, Iгнат Дварчанiн, запрапанаваў падвойны назоў «Рунь Веснаходу». I пад такiм назовам i выдана альманах, але арганiзацыi закласьцi не ўдалося. У сувязi з амнiстыяй да Грамады ў 1929 годзе звальняюся. Адразу паклiкаюся на працу ў Пасольскi Клюб «Змаганьне» ў Вiльню. Накiроўваюся на самы небясьпечны адцiнак: у Пiнск на арганiзацыю ТБШ i як кiраўнiк павятовага сакратарыяту пасольскага Клюбу «Змаганьне». Пасьля вызначаюся на ваяводзкага палескага сакратара Клюбу «Змаганьне». Закладаю павятовы сакратарыят у Берасьцi i ў Гайнаўцы на Бельшчыне, якая знаходзiцца ў Беластоцкiм ваяводзтве, але падлягаюць мне, бо ў Беластоку сакратарыяту няма. Закладаю ТБШ у Пiншчыне й Лунiнеччыне. У Пiнску творым павятовую ўправу ТБШ на чале з Гасяй (Агатай) Невядомскай, якая з гэтага часу робiцца маiм верным памочнiкам. Невядомская – настаўнiца, паходзiла з Лагiншчыны. У Лунiнцы – кiраўнiчкай ТБШ сталася настаўнiца Алеся Томчык. Заклалi гурткi ў Давыд-Гарадку й на Столiншчыне ў Высоцку й на Камень-Кашыршчыне ў Любяшове, у Янаве Драгiчынскiм, Драгiчыне, Лахве, Пагосьце, Марочне. Зарганiзавалi масавае складаньне дэклярацыяў на беларускiя школы. У Любяшове-Кашырскiм заклаў аддзел Беларускага Каапэратыўнага Банку, сетку беларускiх каапэратываў. Падгатаваў разам з Ключановiчам настаўнiцкiя кадры й будынак пад беларускую гiмназію ў Пiнску, але ўлады лiцэнзіi не далi. Таксама не далi дазволу на беларускi часопiс, якi меў выходзiць афiцыяльна пад рэдакцыяй Ключановiча, а яго самога потым выдалi з Польшчы як уцекача-случчака ў Гданск. Прымаю ўдзел у зьезьдзе ТБШ. Арыштоўваюць усiх i этапам дахаты. У 1930 годзе пачалiся вялiкiя непаладкi ў вярхах Пасольскага Клюбу. Павал Крынчык, якi прыйшоў у Клюб пазьней, замянiўшы Стагановiча, не падпарадкаваўся статуту Клюбу, якi забараняў належаньне па-за Клюбам да iншай палiтычнай арганiзацыi, а тым больш iнфармаваць iншыя арганiзацыi аб дзейнасьцi й пастановах «Змаганьня». Крынчык жа усё перадаваў Камунiстычнай Партыi. У 1930 годзе вясной адбылася Канфэрэнцыя Сакратароў «Змаганьня» ў Вiльнi разам з пасламi. На другi дзень канфэрэнцыi ў будынак Клюбу, дзе адбывалася канфэрэнцыя, уварвалася палiцыя й шпiкi. Паслы пачалi валтузьню з палiцыяй, не пушчаючы iх у глыбiню залi й пратэстуючы процiў зламаньня экстэрытарыяльнасьцi пасольскага Соймавага Бюро. За гэты час я здолеў схапiць папку пратаколу канфэрэнцыi, якую я меў як пратакольны сакратар, i пасьпеў перадаць Грэцкаму, якi запхаў паперы за пазуху, а паслоў як недатыкальных палiцыя не абшуквала. Нас, 30 асоб, вывезьлi да турмы на Дунiлавiцкай вулiцы, дзе пасьля двох дзён допытаў адправiлi паасобку пад палiцыйнай экскортай па мясцох жыхарства. На 1 мая ў сувязi зь дзiкiм тэрорам у Пiншчыне пастаноўлена правесьцi ў Пiнску вялiкую сялянскую дэманстрацыю з выступамi нашых паслоў, каб паддаць духу запалоханым i задэманстраваць перад панамi нашую сiлу. Трэба ведаць, што да гэтае пары дэманстравала на 1-е мая толькi групка гэтак званая ППС-Фракцыя, зложаная з баёвак шпiкоў i хулiганаў з палякаў, вывезеных да працы ў Порце. Яны разьбiвалi жыдоўскiя малыя бундаўскiя дэманстрацыi ды часам далучаючыхся да iх сотку цi дзьве жыдоўскiх камунiстаў. Падгатова па вёсках вялася салiдна. Гатавалi ня толькi сялян, але й сялянскiя баёўкi ў прадугледжваньнi спробы разьбiць веча бандамi «фракаў». Вестка аб першамаёвым вечы на гарадзкiм пляцы з удзелам паслоў «Змаганьня», распаўсюджваная па вёсках, дакацiлася й да палiцыi, якая прыгатавалася добра, узброiўшы жалезнымi ламамi банды «фракаў», ачапiўшы падступы да гораду ды падставiўшы ў стан падгатоўя свой водна-ваенны гарнiзон. Спыняныя пры ўездах на вулiцы гораду, сяляне, сабраўшыся вялiкiмi групамi, праламалi палiцыйныя ланцугi й уварвалiся ў горад. Дзе не маглi, дык бокам, пераплыўшы Пiну на чайках, усё ж дабiвалiся да пляцу. Пляц быў запоўнены палiцыяй i баёўкамi «фракаў», разганяючымi сялян, якiя чакалi паслоў. Паслы Грэцкi й Дварчанiн зьявiлiся на пляцу неспадзявана й, калi пачалi клiкаць людзей згрудзiцца каля iх i калi прыгатаваныя людзi кiнулiся да iх i акружылi, туды ж кiнулiся й зарганiзаваныя палiцыйныя баёўкi з ламамi й жалезнымi рурамi. Прабiўшыся клiном цераз сялянскi натоўп, пераадзеты шпiк ударыў жалезным прутом Дварчанiна па галаве, разьбiўшы яе. Пачалася агульная бiтва на пляцы, якая прадаўжалася каля гадзiны на пляцу й пару гадзiн на вулiцах. Былi ўведзены ў дзеяньне сямiасабовыя матроскiя патрулi, якiя штыхамi разганялi групы сялян, а палiцыя арыштоўвала. Параненага Дварчанiна й Грэцкага палiцыя прывезла да мяне ў сакратарыят. Я завёз iх у шпiталь, а па перавязцы – на станцыю. Калi вярнуўся, Сакратарыят аказаўся абсаджаны палiцыяй. Мяне арыштавана як арганiзатара забурэньняў i антыдзяржаўнай дзейнасьцi. У турме мяне выбралi палiтвязьнi сваiм старастам – прадстаўнiком у зносiнах з турэмнай адмiнiстрацыяй. У абароне правоў палiтвязьняў прыйшлося нам правесьцi сямiдзённую галадоўку. Быў рэдактарам турэмнага часопiсу «Голас Палiтвязьняў». Абвешчаныя былi новыя выбары да Сойму. Нашая Грамада ў Пiнску зарганiзавала свой выбарчы сьпiсак пад назовам: Сьпiсак Барацьбы за Правы Сялян i Работнiкаў. Сьпiсак быў палiцыяй не дапушчаны, а ўсё сябры выбарчага камiтэту пасоджаныя да канца выбараў да нас у турму. На сьпiску першым стаяў я, другiм Гук, трэцiм Мацукевiч. Па годзе адбыўся суд. Баранiўся сам. Дабiўся, нягледзячы на супрацiў пракурора, беларускай мовы на судзе. Суд мяне апраўдаў, але пракурор падаў апэляцыю, па якой мяне пасьля асудзiлi на чатыры гады за дзейнасьць як ваяводзкага сакратара «Змаганьня». Выпушчаны па судзе, я апынуўся ў хаце ў Казлоўшчыне й адразу паразумеўся з дзеючым тады нелегальным «Змаганьнем» у Вiльнi пад кiраўнiцтвам Бакача, Пяткуна ды Тарашкевiча з Бэрлiну. Даў указаньнi накiраваць кур'ера да Пiнска ды аднавiць там дзейнасьць «Змаганьня». Легальнымi пазыцыямi былi ў нас тады пасады iнструктараў ТБШ. Такiм iнструктарам перада мной быў iнж. Муха, але ён уцёк у СССР. Пабачыўся зь дзядзькам Шырмай i Стэцкевiчам. Пераняў пасаду аб'яздовага iнструктара Галоўнай Управы ТБШ i выправiўся да Лукашыка ў Беласток, каб дапамагчы яму ў разгортваньнi досыць буйнай дзейнасьцi ТБШ i Выдавецкага Таварыства «Сяўба». Карыстаючы з больш мяккай палiтыкi ў Беластоцкiм ваяводзтве, мелi замер выдаваць там i сваю газэту, што вельмi не падабалася кампартыi, якая закiдвала Лукашыку «ўгадоўства»* з палякамi. Мяне арыштавана ў цягнiку ля Беластоку на наказ пiнскае пракуратуры па абвiнавачваньню ў арганiзацыi нелегальнага «Змаганьня» ў Пiнску на чале з Агатай Невядомскай i аб загадзе высланьня ў Пiнск для распаўсюджваньня нелегальнай лiтаратуры «Змаганьня». Аказалася, што быў арыштаваны кур'ер «Змаганьня» зь Вiльнi, вучань Беларускае Гiмназіi Маслоўскi, якi прызнаўся пасьля бiцьця ў дэфэнзыве, што прывозiў лiтаратуру ў Пiнск да Невядомскiх i што даручэньне яму далi ў кiраўнiцтве «Змаганьня» ў Вiльнi з майго наказу. Арыштавана мужа й жонку Невядомскiх, якiя прызналiся, што распаўсюджвалi прывезеную лiтаратуру Маслоўскiм, якi паклiкаўся на мяне. У турме Маслоўскi адклiкаў паказаньнi процiў мяне як непраўдзiвыя, вымушаныя бiцьцём. У гэты час, дзякуючы правакацыi, арыштоўваецца пераяжджаючы з Бэрлiну да Гданску прафэсар Тарашкевiч i, дзякуючы захопленым у яго матэрыялам, арыштоўваецца тайны сакратарыят «Змаганьня» ў Вiльнi на чале з Бакачом. У 1932 годзе адбываецца суд над тайным «Змаганьнем» на чале з Тарашкевiчам у Вiльнi. Нас асобна судзяць у Пiнску. Мне не ўдаводнена, што я ў тыя днi, калi Маслоўскi вазiў лiтаратуру ў Пiнск зь Вiльнi, быў у Вiльнi, аб чым прызнаўся быў Маслоўскi. Дзеўчына з Казлоўшчыны ў Слонiмшчыне, паданая як сьведак, сьцьвердзiла, што я быў цэлую ноч зь ёю, а яе прыяцелька гэта сьцьвердзiла. Суд мяне апраўдаў, але перад гэтым адбылося апэляцыйнае судзьбiшча (завочнае) па заяве пракурора па старым працэсе за сакратарства «Змаганьня» ў Пiнску. Асуджана на чатыры гады. Вывезена ў турму ў Седльцах. Адтуль вывозяць у Быдгашч, а пасьля ў Грудзёндз, дзе зьбiраюць усiх «непапраўных» правадыроў, а так як я быў старастам палiтвязьняў турмы ў Пiнску, дык i я трапiў у «непапраўныя» ў грудзёнскi iзалятар, якi на справе аказаўся вельмi добрым, бо як да непапраўных не стасавана там тэрору для зламаньня, дапушчана кнiжкi, нават лекцыi ў камэрах. А так як там апынулiся самыя камунiстычныя галавары, дык я пазнаў шмат каго зь iх i мог скарыстаць з кнiгаў i iхных лекцыяў. За мае зноў жа пазнаньнi ў розных немарксісцкiх галiнах веды, камунiстычныя начотчыкi паўнасьмешлiва ахрысьцiлi «хадзячая энцыкляпэдыя». У сваёй камэры выдавалi мы рукапiсны беларускi часапiс. Я быў радактарам. Пiсаў, вядома, вершы. Некаторыя сьпяваў наш хор. Па заканчэньнi адсiдкi, звольнены пад палiцыйны надзор, бяз права выезду без мэльдаваньня ў палiцыi ў Казлоўшчыне. Усё ж адразу навязваю сувязi зь сябрамi па Грамадзе. Пачынаю ходацца па зарганiзаваньнi лiтаратурнай сялянскай арганiзацыi. Навязваю сувязь з польскай групай сялянскiх пiсьменьнiкаў «Nowa Wies»* ды iншымi радыкальнымi польскiмi пiсьменьнiцкiмi групамi, а так жа з кашубскай нацыянальнай. Камунiстычная Партыя выдае адозву, у якой таўруе мяне разам з 11 iншымi сакратарамi «Змаганьня» як «капiталiстычных агентаў», супрацоўнiкаў расстраляных «агентаў заходнiх контрразьведак» – паслоў «Змаганьня». Пастанаўляем на патайной нарадзе ў Вiльнi ў 1935 годзе склiкаць Зьезд Былых Грамадоўцаў, каб стварыць арганiзацыю вэтэранаў Грамады ды заняць становiшча да падзеяў у БССР у сувязi з арыштам нашых паслоў i iхных «сазнаньняў». Просьбу аб дазвол на зьезд падаю да вiленскага ваяводы я як адказны распарадчык. Зьезд забараняецца з прычын «публiчнае бясьпекi» (1936 г.). Не ўдалася так жа легальная спроба залажыць лiтаратурны часопiс сялянскага лiтаратурнага маладняка пад рэдактарствам запрошанага нашанiўца Гальляша Леўчыка. Тады ў 1937 годзе творым нелегальную лiтаратурную арганiзацыю «Маладая Ўскалось» на нарадзе ў мястэчку Дзятлаве. Да арганiзацыi ўступiлi прысутныя на нарадзе: я, Н. Жальба, М. Дубок, П. Гранiт, Прамень, Струмень, Крыга, Пiгулеўскi, Бякета й непрысутныя Iверс, Вiлькоўшчык, Пяюн, Крэнь, Скрундзiк, Пронька, Зосiм. Хутка мяне запрошана ў Вiльню ад польскай радыкальнай групы Дэмбiнскага, якая выдавала «Папросту». Запранавана супрацу. Сувязiсткай была Марыя Жэромская. Яна зазнаёмiла мяне зь iхным супрацоўнiкам – Максiмам Танкам. З гэтай пары папрыяцельствавалi. Ён прызнаўся, што камсамолец. Калi прыяжджаў да «Папросту», дык начаваў у яго на Новым Сьвеце. Спалi разам на аднаасабовым ложку. Ён звычайна чытаў мне свае новыя творы, якiмi я захапляўся. Аднак мая актыўнасьць хутка кончылася. М. Дубок аказаўся даносчыкам у нашай лiтаратурнай арганiзацыi. Мяне схапiла аднаго вечару палiцыя на вулiцы й вывезла да канцэнтрацыйнага лягеру ў Картуз-Бярозе. Зьдзекi, гвалт, голад, бiцьцё давялi да крыватокаў з грудзёў. Сустрэўся там з старым прыяцелем, пачынаючым паэтам Пронькам (Трактар), з лiтоўскiм Ёзасам Кекштасам, зь iмi й дзялiў лёс i камэру. Пазнаў польска-жыдоўскага пiсьменьнiка Л. Пастэрнака, украiнскага Гаўрылюка, былога цэкiста КПЗБ, а потым сэцэсіянiста-гурыноўца Канстанчука. Звычайна трымаюць тры месяцы й дамагаюцца падпiсаньня дэклярацыi ляяльнасьцi. Хто непапраўны, прадоўжваюць на далейшыя тры месяцы, а потым наагул трымаюць, покуль уважаюць, што ўжо дабiлi, i тады выпушчаюць. Прыяжджаў па дэклярацыi працаўнiк Мiнiстэрства з Варшавы, нейкi Нарбут. Выклiкалi й мяне. Калi адмовiўся падпiсваць якiя-колечы дэклярацыi, Нарбут крыкнуў: што, кiдаеце рукавiцу польскай дзяржаве? Забачым! Мы вас зьнiшчым! Сатром на попел! Больш мяне ўжо не выклiкалi. Стаўся адным з старэйшых вязьняў Картуз-Бярозы. Па году прыйшоў наказ нарэшце зь Мiнiстэрства: звольнiць. Калi мяне ўжо сабралi ў дарогу з канвойным, раптам прыйшоў наказ затрымаць надалей. Як даведаўся, затрымалi па iнтэрвэнцыi слонiмскага староства. Трымалi яшчэ пяць месяцаў. Бiлi, катавалi, зьдзеквалiся. Сядзеў сем дзён у страшным падземным карцары, разабраны да сподняга бяльля й босы на ледзяным цэмэнце. Сядзеў i па iншых карцарах. Пiсаў, але лепш сказаць, укладаў у галаве, вершы аб Бярозе. Сталiся песьнямi «Баляда аб Амарантах», «Ах, Бяроза, ты, Бяроза!» Гаўрылюк перакладаў на ўкраiнскую мову. Чуць не памёр ад злоснае ангiны. Ляжаў пад вартай. Вывезены ў кобрыньскi шпiталь. Выйшаўшы у 1938 годзе, высланы на месца жыхарства ў Казлоўшчыну пад палiцыйны надзор. Дакумэнты ўсе адабраныя разам з польскiм грамадзянствам. Што другую-трэцюю ноч налёты на хату палiцыi, цi я ўдома. Ажыўляю дзейнасьць «Маладой Ускалосi». Закладаю зь сябрамi Сялянскi Лiтаратурны Фонд. Са складак сялян выдаю свой першы зборнiк вершаў «Жураўлiным шляхам». Таму што афiцыяльна я ня мог зьяўляцца ў Вiльнi, а толькi ўкрадкам, прасiў Танка быць рэдактарам i карэктарам майго зборнiчка. Ён прасiў майго дазволу запрасiць ад майго iмя яшчэ тады студэнта ўнiвэрсытэту радыкала В. Тумаша. Зборнiк быў выданы. Перад выданьнем зьвярнулася да мяне Хадэцкае Выдавецтва «Крынiца» з прапановай выданьня багацейшага зборнiка на iхныя сродкi з умовай адданьня выдавецкiх правоў iм i пастаўленьне на зборнiку як выдаўца iх. Адмовiўся. Пастанавiлi тварыць беларускi «Зялёны штандар», дамовiлiся з Мiкалайчыкам даваць беларускую бачыну ў «Зялёным штандары». Мяне прызналi рэдактарам. Пасьля захопу палякамi Цешынскага Шлёнску ад Чэхаславакii нам было ясна, што ідзе да вайны. Ясна гэтае стала пасьля распадзелу Чэхаславакii. Мы склiкалi ў Баранавiчы грамадоўскую патайную канфэрэнцыю, каб агаварыць, што маем рабiць на выпадак вайны. Было нас 18 чалавек, а памiж iмi: Саковiч, Новiк (Харэўскi), Перагуд. Да нас далучылiся былыя сэцэсіянiсты КПЗБ, сябра ЦК Канстанчук, а што яшчэ цiкавей, былы правадыр камунiстаў зь Берасьцейшчыны Тарасюк, якi па распавязаньнi КПЗБ Сталiным не падпарадкаваўся гэтаму, але навязаў сувязь з намi й перайшоў на грамадоўскiя пазыцыi, а разам зь iм цэлая сетка кiраваных iм вясковых ячэек у Берасьцейшчыне, Кобрыньшчыне й Драгiчыншчыне. Быў так жа Пронька з Наваградчыны, якi таксама не падпарадкаваўся разьвязаньню КПЗБ i зарганiзаваў свой незалежны акруговы камiтэт. Iх арганiзацыя праводзiла тэрарыстычную акцыю й напады на палiцыю. Прынялi такiя ўстаноўкi: вайна немiнучая. Польшча будзе разьбiтая. Каб не папасьцi пад гiтлераўцаў, трэба адразу на пачатку вайны арганiзаваць партызанку з мабiлiзаваных. Пры пачатку дэзарганiзацыi польскай улады захапляць меншыя гарадкi й потым Баранавiчы. Стварыць Часовы Ўрад Заходнебеларускай Рэспублiкi й праз радыё зьвярнуцца да ўсiх краiн сьвету, у тым лiку да Нямеччыны й СССР аб прызнаньнi яе de jure. Наступная канфэрэнцыя мела выбраць Штаб Дзеяньня, але вайна захапiла нас такi раптоўна. I я, i Саковiч не пасьпелi схавацца, бо гадзiну па пачатку вайны мы былi захопленыя палiцыяй i вывезеныя ў Картуз-Бярозу. Нам прапанавана падпiсаць дэклярацыю абароны Польшчы й барацьбы з гiтлераўскай Нямеччынай, як гэта рабiлi камунiсты. Падпiсаць адмовiлiся. Прынятыя пастановы на ўспомненай канфэрэнцыi ў Баранавiчах пачалi ажыцьцяўляць пазасталыя на волi грамадоўцы: Харэўскi ў Пiншчыне й Камень-Кашыршчыне, Тарасюк у Драгiчыншчыне й Берасьцейшчыне, Перагуд у Быценьшчыне. Плян змадыфiкавана да абставiн, парашыўшы захапiць Пiнск i там абвесьцiць Заходнебеларускую Рэспублiку. Выступ Саветаў сарваў намераны на 18 верасьня захоп Пiнску, хоць у руках паўстанцаў ужо знаходзiлiся павятовыя цэнтры: Драгiчын i Янаў i шмат мястэчак i станцый. Саветы паўстанцаў раззброiлi. Частку арыштавалi й вывезьлi ў канцэнтрацыйныя лягеры. Адзiнкi больш актыўныя расстрэльвалi на месцы. Частка вярнулася ў лес, дзе й паўсталi першыя антысавецкiя аддзелы беларускай партызанкi – аддзел Нябабы (Харэўскага), аддзел Перагуда ды iншыя. Нашая група грамадоўцаў, хоць i ня мела сьцiслых партыйных рамак, аднак дзеяла, i аб ёй ведалi. Мiж iншым, быў я ад групы сувязным з правадыром Хрысьцiянскай Дэмакратыi ксяндзом Адамам Станкевiчам, якi быў сасланы зь Вiльнi ў жаноцкi польскi кляштар у Слонiме на катэхета, каб iзаляваць яго ад беларускага асяродзьдзя. Кс. Адам Станкевiч вельмi радыкалiзаваўся ў той час. Расказваў ён мне, што хацеў на перакор забароны Папы выехаць да БССР, каб ачолiць там гіерархiю Каталiцкага Касьцёлу ды яго зьбеларусiзаваць, што запрапанавалi яму праз пасланцоў прафэсар Iгнатоўскi й Чарвякоў зь Менску. I толькi арышты, якiя пачалiся сярод патрыётаў, устрымалi яго ад гэтага кроку. У 1939 годзе вясной мяне арыштоўваюць разам з групай моладзi з гурткоў Беларускай Нацыянал-Сацыялiстычнай Партыi Акiнчыца-Гадлеўскага па абвiнавачваньнi, што я кiрую iнфiльтрацыяй у гэтыя гурткi радыкальных (грамадоўскiх) элемэнтаў, а таксама i ў гурткi польскага «Стральца». Судзьдзя звольнiў з папярэджаньнем. Потым мяне арыштоўваюць у дзень пачатку польска-нямецкай вайны. Вываз у Картуз-Бярозу. Праз два тыднi пасьля вызваленьня арыштоўваюць у Слонiме праз НКВД. Турма ў Слонiме. Гарадзкая турма ў Менску. Турма НКВД «Амэрыканка» ў Менску. Турма ў Чэрвенi. Самавызвалiўся падчас перагону нас пехатою ў Магiлёў. У 1942 годзе арыштоўвае гестапа ў Слонiме па спрэпараванаму даносу польскай палiцыi. Выратавалi сябры. У тым самым годзе ў Слонiме арыштавалi на вулiцы, калi адзiн правакатар родам зь Мiдзьвiнавiч, працуючы як шофер у немцаў, пачаў крычаць, убачыўшы мяне на вулiцы: «Гэта – небясьпечны камунiст i партызан». Выпусьцiлi на iнтэрвэнцыю* Менску. У 1943 годзе арышт Акруговым Нямецкiм Камiсарыятам «за нацыяналiстычную дзейнасьць i прапаганду». Адабрана зброю, выдалена з Камiтэту Самапомачы. Камiтэт зьлiквiдаваны. У 1944 годзе арыштаваны ў Слонiме ваеннай жандармэрыяй вайсковай камэндатуры за артыкулы ў слонiмскай газэце. Звольнены. Усяго турмаў i лягероў – 11 з паловаю гадоў.
Аб багох крывіцкіх сказы
[ur=http://knihi.com/Siarhiej_Chmara/Ab_bahoch_kryvickich_skazy.html]Сяргей Хмара[/url]
(Беларуская міталёгія)
ПАЧАТАК БАГОЎ НАРАДЖЭНЬНЕ ДАЛЬБОГА МАЙЯ ЗЯМЛІ ТВАРЭНЬНЕ І НАЗВАЎ СВОЙ ТВОР ЗЯМНЫ БОГ - ЧАЛАВЕКАМ ЯНА ПАТОП ПАВАРОТ НА ЗЯМЛЮ СВАЮ ЗАПОМНЕНАЕ СЛОВА НАРАДЖЭНЬНЕ ЯРЫЛЫ СОНЦАЛІКАГА БАРАЦЬБА ЗА ЗЯМЛЮ ЯРЫЛА І ЛЯЛЯ І ПАСЛАЎ ДАЛЬБОГ СЫНА СВАЙГО ЧАЛАВЕКУ КРЫВІЦКІ НАРОД РАТУЕ ЯРЫЛУ ЯШЧАР І ВОЛАС ЖЫЦЕНЬ-СПАРЫШ ЦЁТКА СТРАШНАЯ СЛОЎНІЧАК МІТАЛЁГІІ КРЫВІЦКІХ БАГОЎ
ПАЧАТАК БАГОЎ
Сусьветныя прасторы ўкрываліся ў процьмах беспрасьветнае млякі - колядзі халоднай. Не было неба. Не было зямлі. Толькі далоўкі плюскала бязьмежнае, бясконцае мора. Паднімаліся ў імгле беспрасьветнай шэрай туманы морскія, угару цягнуліся, у воблака сівае скупіліся. Затрапяталі воблачныя абрысы жывою істотаю, выцягнуліся ў постаць белую, сьветазарную, жаночую. І прыйшла на сьвет першая істота - жывая Багіня-прародзіца Жыва-Каляда. Імгліліся над морам бязьмежным бесканечныя сівыя туманы-колядзь. Мляка беспрасьветная панавісла над сусьветам. НАРАДЖЭНЬНЕ ДАЛЬБОГА
Насілася ў прасторах сівых імгляных Жыва. Сум і беспрасьветнасьць панавалі над сусьветам. І не было нічога апрача мора водаў бязьмежных, бурлівых. І сумна зрабілася Жыве адной ў прасторах сусьветных беспраглядных. Набеглі з суму вочы багіні сьлязамі. Туга ў цела Жывіна ўвапнулася асьцяном гострым. Прагаю істоты жывой-таварышкуючай. І зацяжарыла прагаю гэтай багіня - прародзіца. Хаценьнем чыстым запладнілася. Плакала з радасьці ўжо багіня, што зачала сваю прагу сьвятляную залатую. Капнула сьляза Жывы-багіні ў мора - у востраў-вырай абярнулася. Капнула другая - і прарасла яна дрэвам высокім на востраве-выраі, уверх безупынна пнулася. І тады нарадзіла Жыва-Каляда сьветлалікага сонечнага Далібога - сусьвету ўладара, гаспадара вялікага. Нарадзіўся Вялікі Дальбог. Усьміхнуўся ўсьмешкаю сонечнаю, над краем мора ўзьняўшыся. І пад вокам двулікага замітусіліся туманы сівыя, сьцені сумныя. З жахам у куты кінуліся, у процьмах бяздонных морскіх згінулі, царства Чарнабогава творачы. І настаў тады дзень сонечны над морам сусьветным. І ноў месячная. Бо два твары меў Дальбог Вялікі: Сонечны, дзённы, ласкавы. І месяцовы ночны, таёмны, халодны. МАЙЯ
Пад поглядам-променем Дальбогавым пачало ўсьміхацца сівое, хмурае мора. Хвалі халодныя шумавінныя вясёлым звонам плёскаюцца, уверх цягнуцца - ласкі Дальбогавай просячы. І пад шопат хваляў морскіх у бязьмежжах сусьветных, у самоце ходзячы, запраг Дальбог сяброўкі свае, судружыцы. Плюснула хваля, аб бераг вострава-выраю ўдарылася. І выскачыла з вады багіняю прыгожаю, пышнаю Майяю. Пайшла багіня-хваля па беразе, вадою морскаю, зялёнаю сьцякаючы. І дзе ступіла багіня, сьлед мокры ў пяску пакідаючы - выпрыскваў на тым месцы аер пахкі боскім водырам, а дзе кропель некалькі вады з цела багіні крапнула - там трава зялёная зазелянела. А насустрэчу ёй сам Дальбог у бляску сонечным на востраў спусьціўся. Убачыла Дальбога зблізка Майя - багіня нованароджая, і ўзяў багіню ляк нязнаны, сорам дзявоцкі, перад панам сваім, уладаром боскім. Схавацца, укрыцца ад вачэй боскіх запраглася. Абярнулася Майя тады ў дрэўца стрункае із станам дзявочым, з кудзеркамі пухкімі - галінкамі, з целам - карою белаю, сьнежнаю. Стаіць бярозачкаю, лісткамі шапаціць сарамліва, стыдліва пахіліўшыся. І прышоў Дальбог да маладой сваёй. Пазнаў бярозку-Майю, сяброўку, сабе з хвалі створаную. І было першае каханьне ў сусьвеце вялікім. ЗЯМЛІ ТВАРЭНЬНЕ
А па начох пашлюбных, у харомах Дальбогавых, затужыла Майя-багіня па моры сваім бязьмежным, па дне марскім з пяскамі жоўтымі - залатымі. І тады прышоў тварэньня час. Каб мець сваё роднае каля сябе, апусьцілася Майя ў бяздоню морскую на дно, прыгаршчы пяску залатога загарнула і на паверхню мора кінула. І вырасла з пясчынак, на гладзь морскую кіненых, цьвердзь земская - Майі ўладарства. Зазелянілася пад ступою Майінаю. Гаямі бярозавымі ўмаілася з загаду Дальбогавага, на ўспамін багіні, што калісь у бярозку абярнулася. І тады пэршы раз злы Чарнабог, сваю руку паганую, каб перашкодзіць тварэньню боскаму, прылажыў. Калі кідала прыгоршчы пяску на морскую гладзь Майя, каб зямлю стварыць, высунуўся Чарнабог з процьмы морскай, куды перад поглядамі-праменьнямі Дальбога хавацца быў змушаны, і пачаў з-пад долу новую зямлю сваім гарбом падкідваць, пароць. І з таго лядацтва Чарнабогава парэпалася зямля маладая, не застыглая прадоньнямі-шчылінамі, а ў іншых мясцох карабаценьнямі-горамі нарасла. А часьціну пясчынак дробненькіх, лядачы Чарнабог рукою схапіў і на зямлю, плюючыся ад люці, кінуў. І сыпанулі пясчынкі з рукі Чарнабогавай, каменьнем малым і вялікім на палеткі зямныя, каб Майя па зямлі ходзячы сабе пальцы ногаў зьбівала. А пляўкі Чарнабогавы ў балоты-дрыгву чорную, бяздонную абярнуліся - царствамі Чарнабога на паверхні зямлі сталіся, выхадамі ў ягонае панаваньне глыбокае. І НАЗВАЎ СВОЙ ТВОР ЗЯМНЫ БОГ - ЧАЛАВЕКАМ
І сказала Майя Дальбогу: - Зямлю стварылі, але сумна мне па зямлі хадзіць. Весялей у моры было, калі я хваляю ў ім бегала, паміж тысячаў іншых хваляў. А тут я адна. Няма над кім мне апекавацца, няма каму мяне славіць. А ў выраі Каляда-прародзіца пані. І тады пастанавіў Дальбог стварыць чалавека на зямлі. Узяў бог зямлі жменю клустай з вадой морскай, салонай, замяшаў і выляпіў чалавека па ўзору свайму боскаму, а ў грудзі яму дух уклаў. І калі стварыў бог чалавека, тады другі раз Чарнабог, каб пашкодзіць боскаму тварэньню, руку сваю паганую прылажыў. Боскае тварэньне чалавека, на веківечныя не дасканальным зрабіў, бо сваю чорную, пякельную атруту-руду ў жылы людзкія, у кроў падкінуў. Бо як браў бог зямлю, каб чалавека ляпіць, трапіла з зямлёю ў чалавека руда балотная з царства дрыгвянага, Чарнабогава, у целе людзкім з вадой морскай памяшалася і зрабілася людзкая кроў ад гэтага сумества, цечаю бурліваю, шалёнаю, што чалавека часам на розныя вар'яцтвы паклікае, у бяздоньне кідае, у пятлю ўсаджвае, чортам робіць. Бунт супроць бога выклікае. І назваў бог свой твор зямны чалавекам-істотай, якая вечна будзе жыць, і пад апеку Майі даў. ЯНА
Але атручаны быў новы твор боскі ў жылах сваіх рудою балотнаю Чарнабогавай. Скардзіўся чалавек на самоту сваю, на багоў скардзіўся, што на сьвет яго адзінокага пусьціўшы пакрыўдзілі. Плакаў, сьмяяўся, у гнеў трапіўшы, шалеў, лаяўся, бо насіла ягоную кроў-руду пякельнае цечыва, з зямлёю туды трапіўшае. Паказала яму Майя дарогу ў вырай, да прадрэва, неба падтрымоўваючага прывяла, але не супакоіўся чалавек у смазе сваёй. Зь зямлі створанага, да зямлі з паваротам цягнула. Ня цешыла яго прыгаство вырайскае - жыцьцё вечнае. На зямлі ён выраю хацеў, на сваёй зямлі жыцьця шчасьлівага, радаснага. Вярнуўся на зямлю чалавек, а з сабою Жывы-багіні, прародзіцы, дарунак прынёс - з прадрэва галінку маладую, жыцьця крыніцу вечную. - Пакуль будзе дрэва жыцьця з табою, будзеш вечна жыць, - сказала Жыва чалавеку. Пасадзіў чалавек галінку прадрэва ў зямлю і зазелянілася Іва лісточкамі зялёнымі, у пупяхі пухнастыя, залатыя ўбралася. І стала Іва-вярбіна адзіным другам чалавека ў самоце ягонай. Павяраў ён Іве зялёнай свае думкі сукрытыя. Песьні ёй свае пеў, стан дрэвіны стрункі абыймаў. І акрывала яна беднага чалавека сваімі галінамі аксамітнымі, калыхала яго да сну пошумам верхавінкі свае зялёнае, шаптала яму казкі цудоўныя, мроі, крозы навейвала. Пакахаў чалавек Іву-вярбіну - дрэва жыцьця вечнага - і пачаў багоў прасіць, каб далі яны Іву яму ў жонкі. Наракаць пачаў: - Не хачу я вашай вечнасьці адзінокай. Не хачу я Івы - дрэва нерухомага, хачу, каб сталася Іва такім-жа чалавекам, як я. Бо бунтавала супроць боскіх дзеяньняў чалавечая кроў, Чарнабогам атручаная. Да граху клікала. І разгневаўся Дальбог на чалавека неразумнага, які ня хоча вечна жыць, і выканаў просьбы чалавечыя. Абярнуў ён Іву ў жанчыну прыгожую, падчас сну чалавечага. Згубіў чалавек з свае дурасьці жыцьцё вечнае. Але за тое сяброўку жыцьця свайго кароткага атрымаў. Ды пашкадаваў бог, каб людзкі род на гэтай пары скончыўся і таму зрабіў бог, што будзе прадаўжаць жанчына род людзкі, новага чалавека радзіць век у век, і хоць памрэ сама разам з чалавекам сваім, будзе жыць яна ў пакаленьнях сваіх, як галінка вярбіны ў зямлі вочкам аджываючы. І ад дрэва назваў сваю жанчыну чалавек Іваю - Еваю. І таму, што з Івы-вярбіны яна створанай была, засталіся ў жанчыны свомасьці вярбіныя. Пад ветрам ніцам хіліцца, гальлё-рукі ад тугі апускаць Івай плакучай, расою-сьлязьмі плакаць, ды пры першым проблеску сонечным залатою ўсьмешкаю сьмяяцца. ПАТОП
А заздрасьць Чарнабога ў процьмах ягоных бурыла, кроў ягоную чорную шумавіла супроць пана сусьвету. І як толькі адлучыцца куды Дальбог, або засьне, дык пачне Чарнабог на злосьць шкоду рабіць. Мора на зямлю пераверне, ледзяною крыгаю-гарою на тысячы вёрстаў прасторы зямныя пакрые. І вернецца, ці прачнецца Дальбог, а тут, дзе зямля была, мора бушуе, дзе расьліны красавалі - горы лядовыя па край сьвету. І з чалавекам клопат: Падашле Чарнабог сваю жонку Мару, забярэ яна пад час сну душу чалавецкую і Евіную ў сваё царства процьмавае, ману ў вочы пусьціць, цуды розныя пакажа, ёміны нячуваныя, нябачаныя, прагу, пожадзь хваравітую выкліча і назад кіне. Прачнецца чалавек, а ў вушах яшчэ музыка цудоўная, а ў вачах яшчэ мары сонныя. І збунтуецца боскае тварэньне, плыняй руды Чарнабогавай цераз кроў атручанае. Слухае Дальбог нараканьні чалавечыя, углядаецца на работу Чарнабогаву зласьлівую і ўзьбіраецца гнеў боскі ў грудзёх на злога. А Чарнабог, пабачыўшы, што раз нашкодзіць удалося, другі раз удалося, адвагі нахабнае набраўся і парашыў самы вырай і неба вадой заліць, усё боскае тварэньне затапіць, і калі Дальбог кудысь адвярнуўся, узьняў Чарнабог мора вялікае ўгару і на небе хмараю павалок тапіць вырай. Але на шчасьце ў гэтую хвіліну азірнуўся Дальбог. Спалахнуў пан сусьвету Маланкаю наглаю, секануў гнеў боскі Перуном магутным. У Чарнабога ўдарыў. Грымоты сьветам здрыгнулі. Паваліўся сьцяты боскім гневам Чарнабог у процьму ліхую, а хмары разьбітыя ўніз на зямлю струмамі-дажджом навальным паліліся. І ліў дождж з мора разьбітага, што на неба Чарнабог зацягнуў сем па сем дзён. І затапіла вада ўсю гладзь зямную. Чалавек з Еваю ўзапнуліся, ратуючыся ад паводкі на самае высокае дрэва, але вада штораз прыбывала і прыбывала. І тады апрытомнеў чалавек з нагавораў Чарнабогавых і ратунку ў Дальбога запрасіў. І зьмілаваўся Дальбог. Загадаў Перуну-богу, які з гневу пана сусьвету радзіўся, перакінуць масток з выраю да дрэва, на якім чалавек з Еваю сядзелі, каб маглі яны ў вырай перайсьці, выратавацца ад паводкі. Узяў Пярун сем устугаў разнакалёрных, цудоўных і цераз неба да дрэва, на якім чалавек сядзеў, перакінуў. І перайшоў чалавек Перуновым мастком праз неба аж да выраю, цэлы, няўшкоджаны. І так узрадавалася сэрца чалавечае ратунку, што назвала масток Перуновы, цудоўны, - Вясёлкаю. Бо радасьць ён чалавеку прынёс. Радасьць ратунку ад пагібелі. А каб і далей не пасьмеў Чарнабог свае ўчынкі злыя даконваць на небе і на зямлі, паставіў Дальбог Перуна вартавым нябесным і ключаром выраю боскага. І як пабачыць толькі Пярун дзе Чарнабога, ці слугаў ягоных пры рабоце пякельнай, дык і секане Маланкаю па злым, грымне грымотамі, агнём нябесным асмаліць. А заразам і людцоў, што супроць пана сусьвету грашаць, пакарае за сувязь із злымі моцамі. ПАВАРОТ НА ЗЯМЛЮ СВАЮ
Сышла вада з зямлі пасьля патопу, сонейка падсушыла, выпарыла вільгаць, траўка зазелянелася, бярозкі, вербы зашапацелі сваімі лісточкамі зноў песьню жыцьця. І тады затужыў чалавек па зямлі, седзячы ў выраі. І сонейка яму вырайскае ня цёплае, і прадрэва сусьвету ня радуе, і кветкі цудоўныя вырайскія ня цешаць, і мёды вырайскія не смакуюць. Добра ў выраі, але яшчэ лепш у роднай хаце, на роднай зямлі, цела, з цела якой чалавек сам быў. І ўзмаліўся да Дальбога чалавек: - Пусьці мяне, Божа, зпаваротам на зямлю! Не прыймае душа мая выраю... А жонка ягоная, хоць і з выраю паходзіла, ад прадрэва галінкі, за чалавекам запрасілася. Бо дзе чалавек, там і я... Буду ягоныя болькі суцішаць... Тугу разьвейваць... Песьні яму пяяць. Зьдзівіўся Дальбог хаценьням чалавечым неразумным. Даў аднак журавоў ключ і казаў ім чалавека з Еваю на зямлю адвясьці. А над чалавекам апякуноў вызначыў адумысных: Раду-багіню. Якая лёсы жыцьця чалавечага вясьці мае. І Кона. У якога на кію лёс, кожнага чалавека доля засечкай наканаваная. І калі прыдзе час, на Кона кію засечаны, Радаю пастаноўлены, тады споўніцца над чалавекам наканаванае. А калі няма чаго ў жыцьці і долі чалавечай, Радай пастаноўленай, дык выйдзе чалавек з лапаў Самога Чарнабога і жонкі Ягонай Кастухі - Маруны цэлы, нячэплены. Бо ня маюць чорныя сілы і сьмерць самая голасу ў чалавечых справах, калі гэта боскімі апякунамі ня вызначана. А за тое, што абразіў чалавек Дальбога ў выраі застацца ня хочучы, пакараў пан сусьвету чалавека тым, што па сьмерці мусіў дух чалавека ў падземнае царства Чарнабога ісьці вандраваць, па пустынях лядовых і процьмах бязьмежных. І ня добрая Рада прыходзіла па душу чалавека па сьмерці, а Маруна чорная, страшная. А жанчыны пасьля сьмерці ў лесе жылі над вадою, на бярозах гальлі гушкаючыся, у вадзе плёскаючы, гушкалкамі вадзінымі. ЗАПОМНЕНАЕ СЛОВА
А калі адсылаў Дальбог сваімі ганцамі-журавамі чалавека на зямлю, пашкадавала яго Рада-багіня, жонку ягоную на бок паклікала і слова боскае цудоўнае шапнула на вуха Еве. Калі - кажа - цяжка вам там на зямлі станецца, тады перавярні да гары дном камень і клікні ты гэтае слова вядуннае. Прылятуць мае журавы, тады з выраю і вас сюды з паваротам забяруць, на радаснае, вырайскае бытаваньне. Былі радасныя першыя дні чалавеку на зямлі абноўленай. Але штораз цяжэй прыходзілася з часам. Каменьне, раскіданае Чарнабогам, ногі зьбівала, дрыгва балотаў засмактвала. Зюзя-зімавіца подыхам лютым кроў у жылах студзіла. Яшчэ чалавек неяк кідаўся, а Ева дык і зусім далася - плача, вырай цёплы, цудоўны ўспамінае. І захалелі яны вярнуцца да выраю, які здуру пакінулі. І як толькі яны падумалі аб гэтым, паказаліся небам журавы, ключамі лятучы. Перавярнула Ева камень, што ля ногаў ляжаў, як Рада вучыла, а слова вядуннае і запомніла. Закружыліся над галовамі журавы, каменьнем зачыненым затрыманыя, мітусяцца, курлыкаюць, а Ева слова вядуннае запомніла. Сіліцца, сіліцца і ўспомніць ня можа. Гэтак і адляцелі журавы без чалавека ў вырай. З тае пары, як толькі цяжка чалавеку на зямлі, прышле па яго Рада журавоў з выраю, затрымае чалавек з Еваю журавоў на небе камнем абарочаным, а слова-замову ўспомніць ніяк ня могуць. Гэтак і засталіся і надалей на зямлі неразумныя, дзякуючы Евінай пустой галаве, што замову запомніла, аб сваіх толькі ўборах жаночых думаючы ды песьні пяючы. НАРАДЖЭНЬНЕ ЯРЫЛЫ СОНЦАЛІКАГА
Старэць пан сусьвету Дальбог магутны пачаў. На вочы прыхвараць. Менш зямлёй апекавацца. Менш даглядаць. А бяз догляду Дальбогава і іншыя багавікі разьлянаваліся. Пярун, замест чорныя моцы пільнаваць, у забаўкі-гулянкі ўдаўся, котку на небе катае, грукоча. Кон па-за кіем лёсу засяканым нічога ня бачыць. А Рада толькі сядзіць ды ў кнізе доляў сабе чыркае, калі якую душу чалавечую Маруне аддаць. А тады і Чарнабог із сваёй дружынай адвагі набраўся, зноў із процьмаў выпаўз супроць сьветлага ваяваць. Каб зьнішчыць Дабро, каб цемрач у сусьвеце запанавала, зачыніў ён жыцьцё зямное, на ключ замкнуў, завязаў. І ўзнамерыўся самую Жыву-Каляду зьністожыць, бо ведаў, хуткі час народзіць яна бога маладога, які на варце Дальбогавае дзяржавы стане і тады навекі заставацца Чарнабогу толькі ў сваіх нетрах падземных. Ляжаў хворы Дальбог у выраі. Хадзіла Жыва-Каляда па зямлі, Чарнабогавымі моцамі апанаванай. Марозамі-сьцюжай, сьнягамі акрытай, пад подыхамі Зюзі-зімавіцы сьцюдзёнае. Хадзіла, мейсца ціхуткае выбірала, дзе радзіць будзе Сонечнага... І клікнуў тады Чарнабог усіх слугаў сваіх. Зюзю-зімавіцу з булавою каменнаю. Віхуры злыя, сьцюдзёныя. І казаў ім за Жываю на зямлю ўдацца і прародзіцу сусьвету загубіць, карыстаючыся Дальбогавай хваробаю. Пачула Жыва вой люты, слугаў Чарнабогавых, булавы Зюзявай страшнае вуханьне. Абярнулася казою белаю Жыва, стралою стрункаю, ад моцаў чорных у бег паімкнулася. Сам Чарнабог у мядзьведзя перакінуўся, а дружына ягоная віхуровая ў ваўкоў лютых і наўздагон за Жываю-Калядою шуганулі. Рыкам страшным роўкаюць-выюць. Імчыцца каза-багіня па зямлі, а за ёю прасьледвальнікі ліхія. Усьцяж бліжэй і бліжэй. Мара жахлівая з нетраў сваіх вылезла, касьцьмі заляскала. Вось-вось дагоняць злыя моцы Жыву-казу. Але хоць хворы быў Дальбог, пачуў і зразумёў, што гэта Чарнабог Жыву прасьледуе. Узмахнуў пан сусьвету рукою і паслаў ён на Чарнабога сон мёртвы. Уваліўся Чарнабог у бярлогу лясную і абмёр. Засталіся ягоныя слугі-віхуры, ваўкі без кіраўніка. Са сьледу Жывы-Каляды зьбіліся. Зблудзілі. Па зямлі бегаюць, выюць. А Жыва-Каляда прыбегла на Крывіцкую зямлю. Каля стогу із жыта-снапамі прытулілася. І на снапох жытніх нарадзіла Сонцалікага Ярылу, Дальбогавага сына. БАРАЦЬБА ЗА ЗЯМЛЮ
І прадзначаны быў Ярыла - Дальбогаў сын - палажыць канец панаваньня моцаў злых на зямлі, цемры лютае Чарнабогавае. Не па днёх, а па хвілінах рос малы Ярыла, дужэў. І ўзяў ён у рукі свае маладыя меч прамяністы і ў нетры апусьціўся, у царства падземнае, каб бой Чарнабогу даць. Ключы зямныя адабраць, зямлю зноў да жыцьця адчыніць, Чарнабогам замкнёную. І чакала Жыва і ўсе багі ў выраі і чалавек на зямлі змаганьня вялікага вынікаў. Да пана сусьвету маліліся, каб сілу Ярыле-змагару з цемраю даў: І спаткаліся ў нетрах падземных дзьве сілы: сьвятла і цемры. Бліснулі мячы, сыпанулі іскры. Здрыганулася зямля, закалыхалася мора. І грукат вялікі счыніўся над усім сусьветам. Змагаліся багі. Не бярэ меч Ярылаў Чарнабога да канца, адкінуў тады Ярыла яго на бок, схапіў Чарнабога ў абыймы, сьціснуў і ключы зямныя з поясу ягонага сарваўшы самога аб скалы кінуў. Ад удару аб скалы трэснула зямля, горамі пакарабацілася. І пацякла з горла Чарнабога пераможанага кроў-дрыгва вагнявая-апальваючая цераз шчыліны зямныя смуродам вялікім. Дымам, дрыгвою вагнявою балотам гарачым чорным выбілася, пацякла. І быў тады ўсёй зямлёю землятрус, гукі падземныя, грукаты. Каб заспакоіць хутчэй Жыву-маці, пакуль сам на зямлю вернецца, схапіў Ярыла ў міжскальлі падземным каменьчыкаў шэрых жменю, духам сваім на іх дунуў і ўверх кінуў. І абярнуліся каменьчыкі ў птушак лёгкакрылых, жаваранкаў - пасланцоў Ярылавых на зямлю панясьліся. І як вырваліся яны з нетраў Чарнабогавых на зямлю, узьнялі яны гімн радасны Ярыле-пераможніку, у паветры крылцамі з радасьці перабіраючы. Хвалу Сонцалікаму ўзносячы. І на птушак-ганцоў Ярылавых зыкі шчасьлівыя пакацілася перапалоханая Зюзя ў глыбокія нетры, віхуры, хвост ваўкамі паджаўшы, са страхам за ёю з зямлі паўцякалі. Выехаў Ярыла-пераможац на зямлю, ключамі адамкнуў жыцьцё замёрлае. Едзе Ярыла і ад подыху каня ягонага таюць ляды Зюзіны, бягуць сьнягі сьлязою халоднай. А пад капытамі траўка зелянее, вярбіна пупяхамі вясельнымі ўбіраецца. Славяць у небе высока Пераможніка жаўранкі, граюць у трубы журавы, ад Дальбога прывітаньне Ярыле нясучы. Сьвята на небе, сьвята на зямлі. Жывому ўсяму Вялікдзень настаў. Вялікі дзень перамогі сьвятла над цемраю. ЯРЫЛА І ЛЯЛЯ
Ехаў Ярыла па ўваскросшай зямлі і п'янела ўсё жывое радасьцю буйнаю, Ярылу сустракаючы. Расчынялі дрэвы свае пупяхі зялёныя, смалістыя. Краскі ўлоньні свае насустрач богу маладому адкрывалі, нэктар цудоўны яму падносячы ў дарунак. Курывам - пахкім водырам цьветавым - дарогу ягоную акраплялі. Брыняла зямля пяшчотаю нявесты маладой, цяплынёю курылася ласкавай. Яр хадзіў па зямлі, сама зямля яравала, улоньне прагна насустрэчу Сонцалікаму з пожадзьдзю раскрывала. І вылілася пожадзь - каханьне зямное - да бога-вызваліцеля залатымі латоцьцямі на грудзях зямлі. Убачыў Ярыла ў сваім паходзе ўрачыстым латоцьця цьвет, убачыў, і заварушылася маладое сэрца бога. Ключмі ня толькі зямлю сырую адчыніў, сэрцы істотаў зямных, але і сваё собскае. Заярылася яно вагнём каханьня да зямлі нявесты. Да латоцьця цьвету, сэрца зямнога, да пяшчоты расчыненага. І пад поглядам палкім бога-юнака здрыганулі ад раскошы латоцьцявыя пялёсткі, асалоды водырам, нібы імглою акрыліся. І пачалі ў імгле латоцьцевыя пялёсткі грудкамі цела белага раніцы адценем ружовым, вуснамі чырвонымі абяртацца, вырастаць. Яшчэ міг і стала перад Ярылаю, ува ўсёй сваёй красе земскай, дзева з целам, нібы латоцьце залатое, а вачыма, нібы неба блакітнае, з косамі, нібы лён крывіцкі. Зямная прага каханьня. Зямная пожадзь запладненьня. Ляля-прыгажуня, Ляля - Ярылавая нявеста - на хмельным банкеце вясновым. Ляля - багіня вясны, багіня радасьці хмельнай, багіня каханьня, багіня прыгаства. І быў на зямлі банкет вясельны. І была Ярылавая шлюбная ноч. І было на зямлі каханьне. І зачатак плоду зямнога. І ПАСЛАЎ ДАЛЬБОГ СЫНА СВАЙГО ЧАЛАВЕКУ
Калі настала ноч, калі сонейка ў выраі хавалася, выпаўзала з процьмаў цемра чорная, зямлю акрывала. І хадзілі цемраю па зямлі моцы чорныя, злыя - слугі Чарнабогавы. Лесавік, дзед стары з барадою мохавай, з валасамі з амялы па лесе вандраваў. Чарты хвастатыя, злыдні, ведзьмы ў ступах лёталі. Жабурэньнем абросшы вадзянік з вады вылазіў, па беразе рыскаў. Карачун, пасланец Марунін у хаты падкрадваўся, людзей, што сьпяць, за горла хапаў, душыў, на грудзі сеўшы. І чым даўжэй сонейка ў вырай хавалася, тым вялікшыя гулі пачыналі моцы чорныя, з людзей зьдзекваліся, безбаронных страшылі. І сабраўся тады ўвесь народ, што на зямлі быў, на гару высокую Дальбога клікаць, маліць, аб помачы людзём прасіць. Каб і ў начы абарону супроць моцаў чорных мець. Каб і начою багаславеньне боскае з людзьмі было. Казаў Дальбог Ярыле пякучаму ў паход сабрацца, да людзёў на помач, каб ім начны час асьвятліць, цяплынёю сваёй сагрэць, сьцені чорныя разагнаць. Спусьціўся Ярыла на гару да людзёў сабраных духам на дрэве высокім сухім маланкаю прамяністаю, сьвятым вагнём запалаў, сьцені чорныя разганяючы, людзёў цешачы, цяплыню даючы. І назвалі людзі з радасьці сышоўшага бога, Ярылу-агонь, «Багачом». Бо багатым з тае пары стала жыцьцё людзкое. Сьветлае, цёплае. Узьнесьлі людзі гімн магутны небу. Хвалу Дальбогу, пану сусьвету, апякуну чалавецкаму. Панясьлі людзі «багача» па хатах сваіх, на таку паклалі, гальлём сьвятым вярбовым падсычваючы. І радасьць настала ў хатах крывіцкіх. Уцеха вялікая. КРЫВІЦКІ НАРОД РАТУЕ ЯРЫЛУ
Але прызвычаіліся людзі да цяпла і стала яно іх штодзёньніцай. Запамінаць пачалі, галінкамі сьвятымі агонь падсычваць пакінулі. На варце пры багачы ў пуні-багоўні сядзець ня сталі і тады пакінуў аднаго дня вагонь людзей. А калі кідаў багач хаты людзкія, падсьцярог яго Яшчар люты, красуняю абярнуўся, да сябе запрашаючы, песьняю чароўнай вабячы. І прывабіў ён багача ў нетры свае морскія, у харомы падземныя. І аблутаў там, сілу адняўшы, багачу-Ярыле рукі вадаростамі, да скалы прыкаваў. І калі настала ноч, не запалаў багач у пуні-багоўні, не зашумеў вагонь у хатніх вогнішчах. Тады заенчыў народ у жаху, пазнаўшы грэх свой. На калены ўпаў, Дальбога зьмілавацца просячы. Ярылу-багача клікаючы. Але закуты-павязаны багач на дне марскім у Яшчара. Цемрач халодная зноў над зямлёю пануе. І зьмілавалася тады над людзьмі неразумнымі апякунка іхная Рада-багіня, навучыла старых вяшчуноў людзкіх, як багача-Ярылу з мора ратаваць, ад Яшчара вызваляць, ласку ягоную нанова здабыць. Зрабілі людзі па загаду старых жэрдку доўгую, пры канцох па папярэчыне прывязалі. Дрэва паваленае, на якім ужо Ярыла маланкаю на зямлю схадзіў знайшлі. І ўзяўшыся за папярэчкі-жэрдкі рукамі, пачалі яе па дрэвіне туды і назад цягаць, каб крыжавіньнем гэтым зарок Яшчараў з Ярылы-багача зьняць, з пад морскіх харомаў Яшчаравых вызваліць. Дарма шалелі моцы чорныя, дарма страшылі. Упарты быў чалавек. І стаўся чаканы цуд. Закурэўся над дрэвам дымок і спалахнуў вагонь у цемры бліскучым полымем. Вызвалены быў Ярыла-вагонь, цяпер Купалаю названы, бо ў моры купаўся, з нетраў морскіх. З няволі Яшчаравай. І радасьць зноў вялікая была між людзьмі ў гэтую ноч. Палалі на ўзгорках агні, ачышчаючыя з грахоў людзей. Грымелі песьні, славячыя Купалу - другі Ярылаў прыход на зямлю. А ключ Ярылаў цудоўны, якім сонцалікага з паваротам на зямлю выратавалі-адамкнулі з тоні морскай, на свой знак людзі ператварылі. І бараніў гэты знак крывічоў перад Чарнабогавай зграяй, сілу даваў, моц Крывіцкаму народу. А Яшчара злога куклай саламянай, агнём Ярылавым пераможным палілі, у ваду кідалі пераможанага. ЯШЧАР І ВОЛАС
І прышоў зноў Яшчар пракляты на зямлю. Начою цёмнаю падкрадваўся ён у падпавеці, ў загарады з дабыткам рагатым людзкім. І пад лапаю Яшчаравай валілася скаціна - статак сялянскі. І дзе было сто хвастоў - тры засталося, і дзе было дзесяць - аніводнага. І плач быў вялікі сярод народу Крывіцкага. Тады пастанавілі старэйшыя: Уласкавіць трэба бога злога, удабрыць лютага Яшчара. І паслалі да стані Яшчара паслоў людзі. А з пасламі дзяўчынку нявінную, найпрыгажэйшую. Злому богу ў ахвяру. Прышлі вечарам пасланцы да балота - дрыгвы бяздэннай, да Яшчаравай стані. Ніцма назем упалі, гукаць лютага пачалі, дзяўчыну ахвяруючы. Выпаўз Яшчар страшны з дрыгвы чорнай. Пасткаю з клыкамі-піламі заляскаў вачыма вугольнымі запалыхаў, хвастом дзесяцілакцёвым па балоце запляскаў. Пхнулі да яго з жахам ахвяру абамлелую і ўпаўзьлі пасланцы ў пярэпалаху назад. Але не надоўга ўласкавілі лютага Яшчара. Не мінула доўгага часу, не пасьпелі яшчэ людзі маладняку быдлячага ад пазасталай скаціны нагадаваць, як выпаўз ён зноў на зямлю. Як пачаў ён зноў статак сваёй лапай чорнай гарнуць. Дый ня толькі статак, але і гаспадароў ягоных сваімі кіпцюрамі значыў. І гінуў значаны ад таўра Яшчаравага. Зноў далі Яшчару ахвяру з дзяўчаці маладога. Але ня ўласкавілі ўжо Яшчара. Кажны дзень ахвяры новае жадаў ненасытны. І не дадуць людзі ахвяры - сотні гінулі. І быў у паселішчы адным пастух, і ніхто ня ведаў, скуль ён між людзёў зьявіўся, колькі год яму ёсьць. Пасьвіў ён быдла, на жалейцы граў, пана сусьвету, вялікага Дальбога славячы. І калі пачаў Яшчар сваю лютую расправу сярод быдла рабіць, узяў аднаго дня пастух кія свайго пастушага і пайшоў да балота Яшчаравага. А калі выпаўз Яшчар з бяздоньня балотнага на ахвяру спадзаючыся новую - схапіў яго пастух за пашчу клыкастую рукою старэчай і была тая рука мацней скалы каменнай. А кіем сваім пачаў Яшчару вочы выпорваць. Бо быў пастух багавіком-Воласам, якога паслаў Дальбог на зямлю быдлам апекавацца. Зароў Яшчар з болю і ў злосьці ў тры кольцы скручваўся, раскручваўся, хвастом аб балота біў. На моц з адным вокам з рук Воласавых вырваўся, у балота шугануў і сьлед за сабой замёў. А тады прыйшлі людзі і пазвалі Воласа, і хвалу яму далі, і ўчынілася на зямлі вясельле вялікае, буйнае і радаснае. А каб Яшчар і далей ня мог у аселішчы людзкія пракрасца, узялі людзі барану, Воласа, апякуна жывёлы, на шкурах пасадзілі і абвалачылі на сабе поезд гэты Воласаў навакол сядзібаў сваіх, колам замкнулі. І калі спрабаваў Яшчар, ачуняўшы, зноў да скаціны людзкой дабірацца, натрапляў ён поўсьляпы на сьлед поезду Воласава і з жаху дзікага перад апякуном жывёлы, думаючы, што ён недзе тут блізка знаходзіцца, кідаўся з паваротам у балота сваё, у самы глухі куточак забіваўся, дрыжаў. ЖЫЦЕНЬ-СПАРЫШ
І нарадзіўся Дальбог двулікі другі раз спарышом-двуколасам жытнім ад зямлі каханкі. Бо калі Ярыла-сын пераможцам з нетраў Чарнабогавых на зямлю зьявіўся, калі радасьць вялікая зямлёй і небам запанавала, калі хмель буйны сьветам хадзіў, ажыла тады старая кроў Дальбогава і ўвайшоў ён ува ўлоньне зямлі - палюбоўніцы сваёй, а калі час прайшоў азначаны, радзіўся нанова Прадвечны спарышом-двуколасам жыта буйнага. Бо даў пан сусьвету чалавеку жыцьцё, а на падтрыманьне яго жыта-расьліну даў. І ходзіць Дальбог па палетках жытніх старым Жыценем-Спарышом з каласянаю барадою, аб'яжджае із поездам сваім казіным, і дзе ступяць козы Дальбогавы воз ягоны цягнучы - буйніцца жыта, калосіцца. Прыйдзе Жыцень-Спарыш па Дажынках у хаты Крывіцкія, у покуце памесьціцца ў снапу дажынковым, багаславенства хаце нясучы, дабра прыспараючы, аж да другога народжаньня ў годзе наступным. Прызначыла кажнаму чалавеку Рада-багіня Долю-апякунку духа добрага, а ў хату кажную гаспадара-Багавіка вызначыла Дамавіком званага, каб дбалі яны аб людзёх добрых, злых і грэшных каралі. Бо калі толькі ня ўмее чалавек з доляю сваёй абыходзіцца, уйдзе яна з паваротам да Лады на скаргу і тады прапаў бяз долі чалавек, або і да іншага перабяжыць і будзе тады таму шанцаваць усюды, а бяздольнаму, хоць жывому, а жыцьця няма. І з Дамавіком таксама. Любіць Дамавік малачко, каб яму людзі на ноч ставілі і казла махнатага паедзьдзіць, пабавіцца. Тады ходзіць Дамавік-гаспадар, клеці падмятае, канём косы заплётвае, а хто ня дбае аб гаспадару, тады адчыніць Дамавік падпечак і клікне слугаў сваіх злыдняў. І ўсядуцца злыдні - маленечкія людзі з бародамі да зямлі із поглядам лютым у хаце, на шыю чалавеку, заядуць зусім. ЦЁТКА СТРАШНАЯ
А ў балоце Цётка-багіня сядзіць. Ня Цёткай яна па праўдзе завецца, а Трасцаю-шухляю, але ня можна яе гэтым імем зваць, бо вельмі яна чуткая і злая на імя сваё. Натыхмест да таго, хто імя яе прамовіць, зьявіцца і за грудзі сваёю рукой ледзяной схопіць і тады гіне чалавек павольна ў абыймах Цёткавых. Асьцярожна трэба каля дрыгвы на балоце хадзіць, Цёткавай хароміны, а галоўнае спаць ня можна, бо падкрадзецца да соннага, на грудзі жабаю асьлізлаю скочыць і ня вырвацца тады з абыймаў Цётчыных. Калісь паняю была яна сярод людзей, у хатах панавала і людзі баяліся яе, нізка кланяліся, самы лепшы кут ёй каб уласкавіць давалі, дрыготкаю ліхою дрыжучы, потам халодным абліваючыся ад зімавіцы-Цёткі подыху, пад сонцам гарачым. Ды пашкадавала Рада - апякунка чалавека, спусьцілася яна на зямлю на бой з Цёткаю, а Цётка вырасла жабаю вялікаю з гару велічынёй, сонца сабою закрыла, цемру робячы, каб Рада не змагла ў цемры яе пабачыць. І раскрыла яна пашчу сваю, каб багіні шыю перагрызьці. Але не далася Рада злой Цётцы. Абярнулася яна ў бусла вялікага, як тры гары, з дзюбай даўгою, з нагамі высокімі. Скача жаба-Цётка, ня толькі да шыі Радзе не дасягне, нават і грудзей не дастане. А Рада-бусел зьверху ды дзюбаю. Завіжджэла Цётка немым голасам ды ў балота, а бусел за ёю. Насілу ў нетры свае схавалася. І з той пары баіцца Цётка - злая трасца ў хаты ўлазіць. Ловіць людзей сонных дзе ў балоце, бо на варце хатаў паставіла Рада буслаў, пасланцоў сваіх, каб аселішчы людзкія пільнавалі. І баіцца Цётка боскага пасланца. СЛОЎНІЧАК МІТАЛЁГІІ КРЫВІЦКІХ БАГОЎ
Жыва-Каляда - Прародзіца-багіня. Сама нарадзілася з морскіх туманаў. З яе сьлёзаў, капаючых у сусьветнае мора, паўстаў правостраў, на якім ёсьць вырай і вырасла прадрэва, якое падтрымоўвае неба. Эмблема Жывы - дрэва жыцьця, прадрэва - вярба. Дальбог-Дажбог - галоўны бог, пан сусьвету. Нарадзіўся з Жывы, зачаты, заплоднены яе прагаю - супольніка ў мёртвым сусьвеце. Дальбог мае два твары: сонечны і месяцовы, дзённы і ночны. Езьдзіць на журавох. Эмблема - сноп жыта. Стварыў з зямлі чалавека, з галінкі вярбы - жанчыну. Жыцень-Спарыш - другая інкарнацыя (уваплачэньне) Дальбога ў выніку сувязі з зямлёй - Майяй. Эмблема - двуколас жыта (двутвары) і жытні сноп. Езьдзіць на козах. Ярыла - бог вясновага сонца. Народжаны ад супалкі Дальбога з Жываю. Пераможац Чарнабога. Уладар ключоў, адчыняючых зямлю да жыцьця. Эмблема - двукрыж і коньнік на белым кані з мячом (пагоня). Ярылава птушка - жаваранак. Купала - другая інкарнацыя Ярылы-сонца пасьля ягонага выхаду з падводных нетраў. Эмблема - двукрыж. Майя - сужонка Дальбога, нарадзіўшаяся пад поглядам Дальбога з морскае хвалі. Тварыцелька зямной гладзі. Нараджае ад Дальбога ягоную інкарнацыю Жыценя-Спарыша. Эмблема - бярозка, аер, зялёная трава. Мае сваіх падначаленых духаў і гушкалак. Ляля - багіня вясны, судружыца Ярылы. Нарадзілася з латоцьця ад Ярылавай прагі. Эмблема - цьвет латоцьця. Пярун - бог грымотаў, вартавы ў выраі. Нарадзіўся з гнеўнага погляду Дальбога. Рада - багіня розуму, апякунка чалавека. Кіруе людзкімі справамі, жыцьцём і сьмерцю разам з Конам. Мае сваіх падначаленых духаў - долі, якія прыдзяляе кажнаму чалавеку. Ёй падпарадкуецца багавік - Дамавік з сваімі слугамі - злыднямі. Эмблема - бусел. Езьдзіць на бусьле. Кон - разам з Радай кіруе лёсам чалавека. Мае кій лёсу, на якім засечаны (заканаваны) лёс і дзень сьмерці кажнага. Кон - выканаўца пастаноў Рады. Волас - бог, апякун скаціны. Эмблема - пчала. Чарнабог - уладар злога і цемры. Паўстаў у першапачатку з цемраў сусьвету. Знаходзіцца ў нетрах. Шкодзіць богавым справам. Эмблема - мядзьведзь і вуж. Мае слугаў: віхуры-ваўкі, чарты, злыя духі, лесавікі. Мара-Маруна - Марэна - багіня сьмерці, кастуха, жонка Чарнабога. Забірае аднак людзей толькі з пастановы Рады. Пасылае на сонных багавіка Карачуна і Пярэпалаха, што людзей страшыць. Пад яе загадам - душы памерлых пакуль ня трапяць у вырай. Эмблема - людзкі чэрап. Яшчар - злы бог паморку ў выглядзе аграмаднай яшчаркі, бог зімы. Ягоная інкарнацыя - вадзянік. Зюзя - багіня зімы, жонка Яшчара. Слугі яе - завеі. Цётка - Трасавіца - багіня хваробаў. Старая баба. Эмблема - жаба.
|
|