Романчук о себе:
Імя:: Алесь Астроўскі Горад:: Гародня
19.11.2010 18:51 Другая спроба даслаць каментар
Спадар Яраслаў.
У сеціве ёсьць такая інфармацыя пра вас:
- вы лічыся сябе палякам і належыце да "Зьвёнзку палякаў НА Беларусі" (хаця мястэчка Сапоцкіна, адкуль вы родам, было апошнім, дзе заставалася ўніяцкая царкава; пасьля ціску расейскіх імперцаў цяпер і там большасьць каталікі й "палякі");
- вы лібертарыянец - прадстаўнік скрайняй формы лібералізму;
- вы член арганізацыі Монт Перэлін, якая, як вядома, ёсьць адной з масонскіх ложаў.
Пытаньне: няўжо вы сапраўды самі лічыце, што з такімі "асаблівасьцямі" біяграфіі маеце права быць прэзідэнтам Беларускай дзяржавы, бараніць і арганізоўваць зьдзяйсьненьне аб'ектыўных інтарэсаў беларускага народу? З уласным сумленьнем у вас праблем няма?
Романчук:
03.12.2010 12:07
Давайце па чарзе.
Я беларус. Грамадзянін Беларусі. Патрыёт Беларусі. Беларускі палітык і эканаміст. Так,
мае бацькі і дзяды -- этнічныя палякі, Я -- таксама. Я люблю сваіх бацькоў, сваю малую радзіму. У дзяцінстве я ў сваім родным мястэчку размаўляў па-польску. Употай з бацькамі хадзіў у касьцёл, каб не нарвацца на рэпрэсіі уладаў. Не любіў савецкую уладу, якая зьнішчыла маіх дзядоў. Шкадую, што глыбока не вывучыў гісторыю майго роднага гарадка. Не было крыніц. Тады і пра Сталіна, і пра Леніна інфармацыйных крыніц не было.
Так, у канцы 1980-х я уступіў у Саюз палякаў. Таму што натуральна ганарыцца сваёй культурай, сваімі продкамі. Для мяне гэта было формай пратэсту супраць савецкай ідэалёгіі. Беларусь натуральна спалучае ў сабе элемэнты беларускай, польскай, расейскай і украінскай культуры. Вынік -- асаблівая, унікальная беларуская ідэнтычнасьць. Яна ёсьць часткай агульнаэўрапейскай культуры.
Пасьля актывізацыі ў беларускай палітыцы ў другой палове 1990-х я, вядома, значна больш даведаўся аб прыгажосьці беларускай культуры і мовы. Пры гэтым я ня бачу абсалютна ніякага канфлікту паміж маімі польскім каранямі, каталіцызмам і беларускім патрыятызмам.
а я вижу. Так, я лібэртарыянец з ідэйнага пункту гледжаньня.
Я не лічу лібэртарыянства нейкай крайняй, экстрэмальнай формай лібэралізму. Гэта найбольш пасьлядоўнае, несупярэчнае выкладаньне прынцыпаў свабоды. Заўважу, што няма нейкай адзінай "Бібліі" лібэтарыянства. Па многіх пытаньнях ідуць спрэчкі. Сутнасьць сваіх поглядаў я выказаў у сваіх кнігах, у тым ліку ў кнізе "Либертарианство. Доступно и просто". Скажу толькі адно. Лібэртарыянства - гэта ідэалёгія вольнага чалавека, які жыве ў палітычна свабоднай краіне і працуе ў эканамічна вольнай эканоміцы ў рамкам малой дзяржавы.
Я ня сябра таварыства Монт перэлен. Я быў адзін раз запрошаны на канфэрэнцыю гэтага таварыства. Каб стаць сябрам гэтай арганізацыі, трэба быць запрошаным двойчы. У гэтым таварыстве -- шматлікія лепшыя ў сьвеце лібэральныя эканамісты. Гэта проста цудоўны інтэлектуальны форум, дыялёгавая пляцоўка. Так што я вам рэкамэндую крытычна ставіцца да тэорыі змоваў і масонскіх ложаў. Шчыра прызнаюць, у сваім жыцьці ні аднаго масона не сустракаў. Або не ведаў, што гэты чалавек зьяўляецца прадстаўніком гэтай арганізацыі.
У мяне няма пакут сумленьня. Я жыву ў міры з навакольнымі. Ня маю даўгоў. Трымаю слова. Ганаруся сваімі сябрамі. Люблю сваю краіну (за апошнія 20 гадоў больш за дзесяць разоў адпрэчваў выгадныя грашовыя прапановы зьехаць з краіны). Займаюся каханай справай. Раблю усё, каб бачыць сваю любімую Беларусь свабоднай, заможнай і эўрапейскай.
Жадаю і вам такога ж гарманічнага балянсу. Прыходзьце на нашы мерапрыемствы. Пагутарым. Тады міты «страшнага радыкала» разьвеюцца вельмі хутка.