|
Голубые штаны |
|
Зарегистрирован: 21 окт 2014, 13:46 Сообщения: 3284
|
Адрэдагаваны тэкст для Лi Сао. Туга расстаньня
LíSāo
ТУГА РАСТАНЬНЯ
На восьмы годадзень У свет з’явіўся я, пяшчотаю бацькоў атулены зраньня, нашчадак імператара Чжуаня, сын мудрага Ба-Юна, што мне даў імя Джэн-Цэ – душы гармонія.
Адораны шчасьлівым лёсам, сябе з дзяцінства я аздабляў, як мог: са шпажніку і архідэй, і далікатнай павілікі штодня я плёў сабе вянок.
Я жыць спяшаў, як быццам бы за мною ішла пагібель змрочнаю сцяною, і я зрываў магноліі вясною, збіраў суман увосень і зімою.
За ноччу дзень змяняецца няспынна, ад восені нядоўга да вясны і не навек знікае квет раслінны, але уладара дні - злічаны.
Трымайся ж, мілы сябра! Не паддавайся звадзе, не бойся, калі трэба, на новы шлях звярнуць, шукай сваю дарогу, сачы мае пазнакі, быць верным ім старайся і не бяспомным будзь.
Трох імператараў сумленне было аховаю красы жыцьця: у коле красак размаітых квітнела дабрыня – там не плялі вянкоў са злога бадыльля.
І веліч Яо, і слава Шуня дагэтуль захаваны – дасёньня непарушны, але тыраны – і Цзэ, і Джоу – яшчэ да смерці ганьбою пакараны.
Ды чынавенства, ўзамен раскошы, збыло сумленьне і, разам, здольнасьць бяду прадбачыць. Я не пра тое кажу, што страціў – боль за Радзіму пячэ агнём.
Жыцьцё аддаць Радзіме рады, я ні хвіліны не жыў са здрадай, але ўладар паддаўся звадам, паклёпу злому дазволіў панаваць.
Вядома ўсім, што моц патрэбна, каб горыч праўды слухаць і казаць, ды кроіць сэрца несправядлівасьць, гняце няміласьць, што паспеў зазнаць, калі свайму змяніўшы слову, яго пакінуць мне загадаў ўладар. Выгнаньня шлях заўсёды горкі, ды я адолею яго цяжар.
На пустках уздыму дубровы і архідэй я пасаджу сто му. Хай узрастаюць дабрачынства словы – у дар народу светламу майму.
Я мару бачыць абшар у квеце – і сад, і тое, што там узрасло. Не аб маім ідзе размова леце – шкадую страты створанага мной.
Дзе ладзіць баль узбагачэньня прага, там злосьцю зайздрай кожны апантан: свая віна здаецца незаўважнай, віна другіх – памерам бервяна.
Суперніцтва вакол і лізаблюдства, але не гэта кроіць сэрца мне: здаецца, што найгоршым пакараньнем забытым быць у роднай старане.
Я п’ю расу з гарлачыкаў магнолій, пялёсткі ем асенніх хрызантэм – мужчынскай сілы і цьвёрдай волі жадаю я і беднасьць не палохае мяне.
Я ладжу абгароды строі – лістам і кветкам, каб апораю былі – каб з роўным станам вырасла касія, трава б высокая тулілася да іх.
Я жыў, як мудрыя мяне вучылі людзі і гэту мудрасьць не прыняў вакольны свет. Няхай сучасьнікі мяне асудзяць, а я Пэн Сяня слаўлю запавет.
Мне цяжка дыхаць, слёзы точаць вочы. Радзіме я прынёс у дар сваё жыцьцё, ды, што я з раніцы рабіў да ночы, знішчала заўтра зноўку ўсё.
Вянок мой разарваны, але ж, здыханы, другім вянком я замяню яго. Я дзевяць раз памру, без пакаяньня – законы праўды найвышэй ўсяго!
Не мае годнасьці той уладар, што не спазнаў народа вольны дух. Што ж, хай натоўп прыблудаў розных выносіць мне прысуд.
Няздарнасьць з хітрасьцю заўжды імкнуцца зліцца, ў хаўрус ідуць, каб разам нішчыць законы дабрыні. Хлусня дзеля карысьці – вось закон прыблуд.
Гняце душу расчараваньне і адзінота пячэ агнём. Жыць на чужбіне лепш, чым слабасьць і маўчаньне. З тыранам згода – для душы разлом.
Не сябра сокал вароне шэрай па-над прасторам гор і далін. Квадрат і кола несумяшчальны. Няма двух Дао. У кожнага ёсьць шлях адзін.
І я стрымаю свае пачуцьці, мяне не зломяць ганьба і навет – навуку маю з сабою жыць у згодзе, пра гэта кажа мудрых запавет.
Ды не кідаюць мяне сумненьні: вярнуцца, або рухацца далей? Здаецца нават, што заблудзіўся мой конь у гэтай дальняй старане.
Дык хай жа ён спачне на волі крыху сярод травы і архідэй – выпрабаваньняў не унікнуць – займуся ж строямі сваймі хутчэй.
Красою ззяе з лотаці адзеньне – твару яго з магнолій і лілей. Сябе не пазнаю — у захапленьні душа шчаслівай сустракае дзень.
На галаве – высокая карона і пасам залатым абгорнуты мой стан, і адчуваю я раскошу чысьціні, калі жывуць у згодзе памкненьні і душа.
Увесь вакольны свет я позіркам абняў бы – у творчасьці сваёй яго увагі прагну: жадае услаўленьня убор цудоўны мой — ён варты бляску воч, захопленых красой.
У кожнага свая крыніца асалоды: я ведаю зраньня натхненьне ад аздобы. Здаецца несумненным, што на краі жыцьця такому захапленьню пакіну вернасьць я.
Разумніца Нюй-сюй, вяршыня дабрыні, сястра мая, казала мне, што праўды не баяўся Гунь і вельмі мудрым быў, ды толькі выпадак яго згубіў.
А я, маўляў, хоць праўды не бягу, аж вельмі вытанчаны густ, пры гэтым, маю – калючкі злыя атачылі двор – скрозь іх іду, як бы не заўважаю.
Усім жа не раскажаш пра сэрца таямніцы, бо толькі добры сябра сягае ў глыбіню. Сяброўства –гэта шчасьце, а ты мяне не чуеш – не хочаш супакоіць прыхільніцу сваю.
Сястрыцы маёй любай я так сказаць магу: Жыў згодна запаветам, але спазнаў тугу. Пайду цяпер на поўдзень уздоўж цячэньня Сян, каб Джун-хуа данесьці гісторыю жыцьця.
Дало паэту неба мэлёдыі напеваў: традыцыі дынастый, аповеды вякоў. Каб ведалі нашчадкі, стварыў ён дзевяць песень пра лёс уладароў.
Дынастыю Цы я рады б уславіць: Ся Кан за распусту забіты братамі. А вось Хоу І, на лісіц паляўнічы заўзяты, страціў жыцьцё і жонку яго пераняў узурпатар.
Жорсткі Го Дзяо, кат для нявінных, сам безгаловы сабакам быў кінуты. Нішчыў краіну пыхлівы Ся-Дзэ – скончыў забойствам самога сябе.
Апошні з дынастыі Інь, Джоу Ван, славу здабыў, як жахлівы тыран. У дзесяць паверхаў вежы узняў – на плечы народа цяжар ён усклаў.
Юй быў суворы, але справядлівы. Таксама і Чжоу унікнуў памылак: хто славіў дабро — тым шчыра быў рады і зло ён заўсёды адпрэчваў з пагардай.
Ах, Неба! Існасьці вышэйшае зарука, мы ад цябе нічога не здольныя схаваць. Усім ты дапаможаш, хто змог у чысціні сваю душу ўтрымаць.
Упарта у мінулым шукаю знакі праўды – магу зрабіць выснову, што спеласьць мне дала: Той, хто дабра не робіць, не мае абавязкаў – ніколі той не знойдзе зваротнага цяпла.
І нават, калі смерці мяне крыло кранае, кажу я праўду смела, каб гонар не згубіць. Сумленным і праўдзівым заўжды чакаць ганеньняў, але ж яны не могуць па-іншаму пражыць.
У скрусе я, бо правіць намі карысьці і хлусьні, і подласьці хаўрус. Ад болю слёзы льюцца – за кветкамі я іх хаваю, а вочы слёзы льюць.
Я свету распавесьці хацеў пра ўсе трывогі праўдзівае душы, закрыўшы шлях хлусьне. Няхай жа у нябёсы расчыняцца дарогі – Дракон і фенікс узнясуць мяне.
Калі зямлю, дзе пахаваны Шунь, пакінуў я у раньні і дасягнуў гары святой Сяньпу, хавалася ўжо сонца за гор ланцуг. Я папрасіў Сі-Хэ, вазніцу сонца, каб запаволіў крыху да пячоры лёт – агледзецца мне трэба, бо шлях мой невядомы і лёс пакуль ня вызначаным ёсьць.
Я напаіў дракона у возеры Сянчы, дзе ранак кожны Сонца мые вочы. Хаваецца яно за дзеравам Фусан і да яго лейцы прывязаў.
Прасторам небасхілу вядуць мае дарогі і белыя аблокі мне сцелюцца пад ногі. Вазніца месяца, магутны фенікс, нясе мяне угору. Фэнь Лянь, бог ветру, за плячыма, а птушка мудрасьці Луаньхуан паказвае дарогу. Аднак Лэй-шы грымотны мне перашкоды чыніць, бо лічыць не гатовым.
Ляці ж, мой фенікс, і ўдзень, і ўночы! Хай бура за сьпіной раве-грукоча і гоніць хмары. Хай сонца блішча, аблокаў горы няхай вітаюць нас!
У бляску сонца мы прыляцелі да Небацарства – каб адчынілі дзверы, пазваў я варту, але пахмуры стражнік няўвагаю мяне зняважыў.
Злавесная адразу ўпала цемра. Стаю у адзіноце і вырак-стогн з грудзей ірвецца: Ні на хвіліну свет не стане чыстым – заўжды заганны ён. І нават, калі заўтра я несмяротным стану, міну раку Байфэй і стрэну там світанак, і на Лянфыне нават, мне сэрца жаль пратне: Там справядлівасці няма таксама, не.
Але палац Вясны Чуньгун красуе зеляніны ззяньнем. Галінку з дрэва Цюн сарву, знак вечнага каханьня. Абранніцы сваёй я падару яе, каб свежасьці не страціла ў чаканьні.
Няхай бог перуноў на хмары прыімчыць, сустрэне ён Мі Фэй ля казачнай ракі, уручыць ёй вянок майго прызнаньня - папросіць для мяне яе рукі.
Мі Фэй спачатку, мо была не супраць, але затым адмовіла у прапанове мне – рака Лошуй яе спатоліць сэрца і боствам водаў назаве.
Сваёю прыгажосьцю захоплена была Мі Фэй, хацела выставіць на сьмех мяне, таму забуду я красу яе.
З нябёс гляджу – які цудоўны свет ляжыць перада мной. Сыходжу на зямлю і ў полымі зары я бачу на тэрасе юсунскую красуню – дзівосную Цзян Дзы.
Тады я загадаў, каб вып была мне свацьцяй, яна ж сказала: «Не дуры мне галаву”, а голуба здаўна лічыў я недалёкім – яго ў сваты не пазаву.
Трывогаю да краю сэрца поўна – я сам пайду прасіць яе рукі… Раней мяне зляцела птушка з неба. Паслаў яе магутны Гао Сін.
Ізноў туга душу халодзіць – яе адпрэчу: помню вунь, сам Шао Кан быў без прытулку – красы не ведаў юйскіх прыгажунь.
Мой сват дурны, не лепей свацьця. Куды не глянь – вакол няўдача. Ізноў кажу: той брудны свет, дзе шчырасць губяць і злому дзячаць.
Далёка уладар. Тугі маёй ён не пазнаў, хоць мудрасьць меў. Мае дакоры і папрокі з сучасьнікаў ніхто не зразумеў.
Красак чырвоных збяру я букет – гаданьне, мо, лекамі стане журбе. І вось, што сказала гадалка Ліньфэнь: »Красу хто шукае, той знойдзе сябе!
Край наш вялікі – гор і далін – яго, як спазнаеш — не будзеш адзін. Тая душа, што красою жыве, сэрца адчыніць адразу табе.
Духмянай травою поўніцца край – навошта шукаеш ты страчаны рай? Юнацтва мінулага скончыўся час – новы прастор апаноўвае нас.
Розныя людзі жывуць у краіне – любоў і пагарда розныя ў іх. Нізкія мкнуцца найвышай узняцца, быццам бур'яна растуць бадылі.
Не разумеюць яны прыгажосьці, не ўсведамляюць красы архідэй, яны не ацэняць вады дыямента – будзе заўсёды такім свет людзей"
Я выканаць рады разумных парады, ды нешта трымае рашучасьць маю. Яшчэ запытаю — У-сян чараўніца спускаецца ў ночы з нябёс на зямлю.
Я перац і рыс ёй прыгатую, наказы яе таксама пачую. Месяца свет срэбрам ліцца, голас у ночы шэптам здаецца:
«Сапраўдных сяброў ты павінен шукаць усюды, дзе шлях твой будзе ляжаць. Уладароў прыклады маем – мудрасьці свет іх пазначае.
Так і ў каханьні — сам ты павінен ўсё вырашаць без перасыльных. Катаржнік стаў першым дарадцам - князю апорай і ратаванцам.
Аж у семдзесят год палкаводзец адзін шлях перакрыў для дынастыі Інь. Ну а песні Нін Цы, слаўныя ладам, узнялі пастуха да высокай пасады.
Жыць не баяцца, раджу табе я, бо хутка настане восень жыцьця – неспадзявана зязюлі куваньне знішчыць духмяны водар у траў.
Ты проста чароўны у гэтым адзеньні! Высакародны маеш убор – вельмі баюся, што недарэкі такой прыгажосці зладзяць адпор.
Так, безумоўна, час сплывае, пакуль ля брамы я чакаю – губляе водар архідэя і шпажнік пырнікам стае.
Чаму, о Богі, над далінай ужо лунае дух палыну – у горычы й журбе? Якое зло таму прычынай, акром таго, што смертны чалавек?
Дружбай дарыла мяне «Архідэя», апораю царства здавалася мне – час праляцеў і я болей не веру той прыгажосці, што служыць хлусне.
«Перац» ільсцівы, а прагне улады – грубым і наглым сябе паказаў, але пры тым, намагаецца славы – здраднік жа сам і ў смуродзе прапаў.
Вось рэкі гнуцца нібы лукі, дарогу прабіваючы сярод далін. Сачу за імі са здзіўленьнем – што ж мне сказаць пра свет раслін?
Мне дарагі вянок, што успаміны занатаваў жыцьця майго – ён захаваў яшчэ свой водар, бо цяжка выветрыць яго.
Пайду шукаць сабе сяброўку, каб разам жыць і ў шчасьці, і ў журбе – пакуль вянок духмяны, сэрца просіць натхненьня для сябе.
Пра мой, хоць лёзны, але слаўны лёс абвесціла Лінь-Фэнь: адораны я знакам несмяротнасьці і яшма замест ежы мне.
Дракона ў калясніцу запрэгла чараўніца. Трывожная душа у пошуку імкне - няведамая даль чакае зноў мяне.
На горы Куэньлунь лячу – пабачыць свет з вяршынь хачу і тут званочак спадарожніцы завоблачных вандровак чую.
Адкрытым стаўся шлях да зор і мы ляцім у весь апор. Шаўковы сцяг трымае фенікс – не мае роўных нам прастор.
Ды вось паходу пустыня ўзнікла перашкодай. Рака наўзбоч імчыць чырвоная і мостам стаць прашу дракона я.
Прыйшоў затым прывалу час. Нялёгкі шлях чакае нас – праз скалаў лес ляжыць дарога, да мора Захаду вядзе яна.
Ўсе тысячу сабраныя, з нэфрыту, калясніцы, аблокамі над імі – сонм сцягоў. У кожнай з іх па восем коней, напругаю гараць, нібы драконы.
Магутны рух спыніў я крыху, ды не стрымаў натхненьня – стварыў я дзевяць песень і напеваў у творчым захапленьні.
І вось гатовы імкнуць у неба, зірнуў уніз – Радзімы бачу сьвет. Тугою раптам занялося сэрца. Застыў мой конь і не ідзе далей.
Ўсяму канец! Дары мае не прыняла Айчына, не зразумелі людзі. Нашто аб гэтым плачу я? Хай прыкладам мне лёс Пэн Сяня будзе.
Для стварэньня беларускамоўнай версіі быў скарыстаны, найперш, пераклад на расейскую мову А.І.Гітовіча, але таксама іншыя пераклады: Цюй Юань. Ли Cao (Антология переводов)пераклад зроблены - у сваёй аснове - вясной 2014 http://www.synologia.ru/a/%D0%9B%D0%B8_ ... 0%B0%D0%BE
Последний раз редактировалось аліна 06 июн 2016, 16:46, всего редактировалось 2 раз(а).
|
|