Andrej Cieraszkou' писал(а):
Але ёсьць яшчэ адзін прыклад дастаткова пасьпяховага інтэграцыйнага праекту - Эўразьвяз, які па сутнасьці ёсьць канфэдэрацыяй з паступовым разьвіцьцём у фэдэрацыю.
Я з'яўляюся вельмі паслядоўным еўрааптымістам і ў гэтым мне дакладна не адмовіш.
![Улыбка :-):](./images/smilies/ab.gif)
Вось чаго праўда не скажаш пра вашых адзінадумцаў-нацыяналістаў у сучаснай Еўропе, якія бачаць у гэтым адзінстве непасрэдную небяспеку. Зразумела, што не без падстаў, бо фінальная мэта праекта ЕЗ - стварэнне адзінай Еўропы рэгіёнаў (
Імперыі, як яе назваў сам Барозу), а не Еўропы нацый-дзяржаў. Я як раз сёння чарговы раз рэкламаваў
тэкст Томаша Габіся на гэту тэму, вельмі яго раю ўсім да прачытання - "Рэгіёны ў Еўрапейскай Iмперыі". Упэўнены, не пашкадуеце згубленага часу.
Як раз праблема сучаснай Еўропы - нежаданне дзяржаў паступіцца нацыянальным суверэнітэтам (судовая сістэма, ворганы кантролю, падаткі, банкаўская сістэма і г.д.) у інтарэсах адной вялікай мэты. Толькі жахлівы крызіс у 2008-2010 гг. прымусіў немцаў і французаў нарэшце пачаць дамаўляцца пра інтэграцыю падатковай сістэмы. Калі еўрапейцы не здолеюць зараз пераадолець эгаізм сваіх эліт, якія не жадаюць дзяліцца суверэнітэтам (=сваёй уладай) з Бруселем і Страсбургам, то на вялікі жаль гэты праект перастане быць "паспяховым". Спадзяюся, ён прынамсі не стане катастрафічным.
Andrej Cieraszkou' писал(а):
Тут ключавое слова - "паступовы". Да гэтага праекту нацыі падышлі толькі пасьля таго, як усталявалі свой сувэрэнітэт на пэўных тэрыторыях і забясьпечылі э-э-э... вытворчасьць носьбітаў гэтага сувэрэнітэту праз моўна-культурную асыміляцыю рэгіёнаў. Толькі адчуўшы бясьпеку і трываласьць свайго знаходжаньня на сваёй зямлі, краіны пачалі патроху скасоўваць бар'еры паміж суседзьмі.
У Еўропе яшчэ ў другой палове ХХ ст. зразумелі, якой вялікай памылкай быў нацыяналізм у сферы культуры.
Andrej Cieraszkou' писал(а):
Нам жа прапануецца пачаць аддаваць сувэрэнітэт пачкамі, калі мы яшчэ ў гэтым сувэрэнітэце ня сьцьвердзіліся. Сапраўды, такі праект мае пэрспэктыву, суседнія нацыі зьядуць і пальчыкі абліжуць. Вынікам станецца тое, што беларусы застануцца толькі ў гістарычнай літаратуры ў адрозьненьне ад палякаў ці ўкраінцаў. Праўда, гэты нябыт можа быць і сытым, Манро будзе задаволены.
Я разумею вашы страхі адносна рэгіяналізму, бо я шмат абмяркоўваў гэтыя пытанні ў сваім колішнім блогу на ЖЖ. Прынамсі з некаторымі беларускімі нацыяналістамі я змог знайсці нейкія кропкі паразуменні, з некаторымі не. На самой справе, рэгіяналізм яшчэ ніводнага разу ў гісторыі (!) ні быў нейкай небяспекай і ні разу не падарваў суверэнітэт нейкай дзяржавы. Як раз наадварот - развіццё, падтрымка аз боку ўраду лакальнай ідэнтычнасці і традыцыі спрыялі ўмацаванню тых сувязяў, якія лучаць людзей з дзяржавай. Паглядзіце на сучасныя Нідэрланды (асабліва выпадак фрызаў, якія нават размаўляюць на мове з іншай моўнай падгрупы), Нямеччыны ці Аўстрыі - ніводнага адэкватнаму чалавеку там не прыйдзе ў галаву думка пра сепаратызм ці нешта такое. Ці які франкамоўны ці нямецкамоўны швейцарац пажадае размяняць годнасць быць мяшканцам свайго кантона і грамадзянінам Швейцарыі на нейкую аморфную нацыяналістычную французскую ці нямецкую ідэю? І гэта зусім не таму, што нацыяналізм там нівеліраваў усё рэгіянальныя асаблівасці да рэшты - як раз наадварот! Гэта тыя краіны, якія свядома і паслядоўна развіваліся ў кірунку федэралізацыі і развіцця рэгіёнаў. У той час, як у Бельгіі, дзе ў ХІХ ст. урад імкнуўся стварыць "бельгійскую нацыю" з адной французскай мовай, дзе доўга прыніжаўся статус фламандскай - усё гэта вылілася ў дакладна іншую рэакцыю - фламандскі сепаратызм. Тое ж самае тычыцца карсіканцаў у Францыі і баскаў у Гішпаніі (рэзультат спадчынны ідыёцкай палітыкі Франка ў гэтай сферы).
Andrej Cieraszkou' писал(а):
Ідэя сьвежая, але зноў жа: ва ўмовах размытай нацыянальнай сьвядомасьці рэгіёны найслабейшага зьвяна - Беларусі - будуць дрэйфаваць у бок больш моцных нацыянальным духам суседзяў. Зь ініцыятывы насельніцтва будуць зьяўляцца школы з мовай суседзяў, у выніку чаго беларусы пачнуць зьнікаць ня толькі натуральным шляхам адыходу ў лепшы сьвет, але і празь пераход у іншую нацыянальнасьць, выпадаючы тым самым з-пад беларускага сувэрэнітэту. Беларуская прастора пачне скарачацца, як шагрэневая скура, урэшце ад яе застанецца некалькі вёсак у раёне Будслава на пацеху турыстам.
Ідэя як раз зусім не новая, а старая. Рэгіяналізм як рух пачаў упершыню ўзнікаць у Францыі ў другой палове ХІХ ст., як адказ на гвалтоўнае навязванне адной літаратурнай мовы і ідэнтычнасці, на знявагу, высмейванне ("бергонья") да лакальных моў і традыцый. Ідэя ж канфедэратыўнай Еўропы рэгіёнаў ўзнікла ў пачатку ХХ ст., сто гадоў таму. Па сутнасці яна таксама з'яўлялася рэтраспектывай таго, чым была Еўропа да Французскай рэвалюцыі. Свежасць ідэі хіба ў тым, што яна абсалютна сучасная і перспектыўная, у той час як я абсалютна не бачу нейкіх трывалых тэндэнцый для развіцця класічнага этнанацыяналізма ХІХ ст. у сучасных умовах.
Вельмі шкада, што абсалютная большасць беларускіх нацыяналістаў не ўмеюць прызнаваць свае памылкі, зразумець, што магчыма новае "адраджэнне" ў стылі пачатку 1990-х гг. не абудзіцца з шэрагу прычынаў. Мне падаецца, для любога патрыёта, нацыянальна арыентаванага чалавека рэгіяналізм мусіць стаць не нейкай паразай, а пазітыўнай альтэрнатывай, так бы мовіць, каранізацыяй нацыянальнай ідэі ў лакальнай прасторы. Больш не трэба навязваць адзіны штучны стандарт гісторыі, ідэнтычнасці, традыцыі, мовы, а можна мадыфікаваць, трансфармаваць яго ў варунках той або іншай лакальнай традыцыі.
Зразумела, што гэта вымагае нашмат больш інтэлектуальных высілкаў ад чалавека, нават на прыватным узроўні, не кажучы ўжо пра маштаб публічнай сферы. Значна прасцей, завучыць некалькі стандартных фактаў "нацыянальнай гісторыі", вывучыць досыць просты стандартызаваны варыянт літаратурнай мовы, безапеляцыйна назвацца беларусам і назваць беларусам Міцкевіча ці Вітаўта таксама проста (з гледзішча нацыяналіста). Куды складаней заняцца праўдзівай гісторыяй свайго краю (краязнаўствам), пазнаёміцца з гаворкай сваіх дзядоў, вывучыць з дзесятак мясцовых (!) традыцыйных спеваў, паспрабаваць упісаць сваю лакальную ідэнтычнасць у прыватны культурны код, а таксама пазіцыянаваць там таго ж Міцкевіча ці Касцюшку. Самі па сабе ўсе гэтыя найменні (беларусы, палякі, рускія, украінцы і г.д.) не маюць ніякага значэння і каштоўнасці без повязі з малымі лакальнымі традыцыямі і гаворкамі.
Меней варта баяцца рэгіяналізму і рэгіяналістаў, бо з сучасным станам адукацыі і культуры ў Беларусі нас яшчэ доўга будзе вельмі мала (дзесяткі), каб стаць чымсьці большым, чым маргінальнай галіной мясцовых інтэлектуалаў. Іншая справа, што калі беларускія нацыяналісты ці любы беларускі ўрад не зразумеюць той карысці, якая вынікае з гэтых праектаў, то ў перспектыве сапраўды гэта можа стаць вялікай стратэгічнай паразай Беларусі. Асабліва, калі праз якіх 10-20 гадоў тая ж Польшча стане федэратыўнай краінай з Сілезіяй, Памор'ем, Мазовіяй, Падляшшам і іншымі "аўтаномнымі" рэгіёнамі, а Беларусь па ранейшаму будзе сваімі ж рукамі вынішчаць сваю лакальную гісторыю і культуру.
Наконт забаўкі для турыстаў і рэзервацыі - беларускія рэгіёны і іх традыцыі ўжо сталі такімі, калі вы не заўважылі.
Andrej Cieraszkou' писал(а):
Гэта так. Але ў кожнага з гэтых народаў быў цэнтар, касьцяк - носьбіт нацыянальнай сьвядомасьці. Беларусі ж не пакідаюць магчымасьці і часу гэты касьцяк - носьбіт беларускай моўнай і культурнай традыцыі - сфармаваць. Краіну імкнуцца альбо папросту разарваць папалам, альбо ператварыць у студзень без нацыянальных прызнакаў, які сам распаўзецца ў розныя бакі.
Калі ж мы хочам застацца на культурнай мапе сьвету, нам неабходна прайсьці стадыю ўмацаваньня нацыянальнай дзяржавы. Гэта не перашкода інтэграцыйнаму праекту, папросту разьвіваць яго трэба вельмі паступова, доўгі час абмяжоўваючыся дэклярацыямі, прынамсі на палітычным узроўні.
Нацыяналізм пераважна заўжды развіваўся ў вельмі складаных і варожых умовах. Аднак гэта не было перашкодай нідзе. У Беларусі ж ён чамусьці не можа прыжыцца. Мажліва варта адфармаваць сам нацыянальны праект, калі ён нагэтулькі не функцыянальны, чым імкнуцца змяніць грамадства пад яго?
Andrej Cieraszkou' писал(а):
Згодны, што гэта багацьце. Я нават расейскую мову ў беларусаў лічу багацьцем, бо неразумна адштурхоўваць свой народ ад гэткага агромністага пласту сусьветнай культуры і навукі, да якога мы зараз дакранаемся наўпрост. Але пры ўмове першынства і дзяржаўнасьці беларускай мовы.
Разумееце, гэта толькі рыторыка. Вельмі рэдка нацыяналіст скажа, што ён ненавідзіць нейкую культуры (хіба толькі розныя вар'яты), але ў выніку ўсе нацыянальныя праекты зводзяцца менавіта да таго, каб выкінуць той ці іншы "ненацыянальны" кантэкст з "нацыянальнага" культурна-гістарычнага ландшафту. Згадайце ўсім вядомы спрэчкі за "Вільню і ВКЛ" ці нападкі на "маскоўскую РПЦ" і г.д.