"Народ, нацыя — гэта герархічныя структуры. Мы сваю герархію страцілі ў выніку цяжкага гістарычнага лёсу. Наша эліта (шляхта) нас здрадзіла і пакінула, прыняўшы польскую культуру і нацыянальнасьць, мяшчане таксама былі разабраныя Польшчай і Расеяй, а калі рэшта верных свайму народу шляхты і мяшчанаў нарадзілі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў новую нешматлікую эліту, то яе зьнішчылі ў 1930-я гады. Так мы засталіся сялянскай нацыяй амаль без эліты, а тая, што памалу нарадзілася зноў — была ўжо сялянскага паходжаньня. Для нармальнай жа эліты патрэбная патомнасьць — пакаленьні і пакаленьні адукацыі і дабрабыту. У выніку для нашай постсялянскай эліты 1950-80-х гадоў характэрнаю была ўжо малаадукаванасьць і ня надта высокая культура.
Гэтая слабасьць і дала аб сабе знаць, калі ў сярэдзіне 1990-х гадоў пачаліся разбуральныя для грамадзтва і культуры працэсы. У выніку выцясьненьня інтэлектуальных асяродкаў на маргінэс грамадзтва, пазбаўленьня іх доступу да дзяржаўных мэдыяў, у выніку цэнзуры і рэпрэсіяў адбылася атамізацыя культуры і тых, хто яе стварае. Агульны ўзровень гуманітарыстыкі і так быў ня надта высокі на мяжы 1980-х і 90-х гадоў, а цяпер ён наогул абрынуўся.
Але горш іншае. У выніку атамізацыі культуры і творцаў, адбылося разбурэньне той кволай нацыянальнай герархіі, якую мы назіралі ў позьнім СССР і раньняй Рэспубліцы Беларусь. Моцнай стратай для нацыянальнай герархіі стаў сыход у 2003 годзе Васіля Быкава.
Заканамерным вынікам разбурэньня герархіі каштоўнасьцяў і аўтарытэтаў стала самасьцьвярджэньне драбнаты — і ў культуры, і ў палітыцы, і ў апазыцыі, і ва ўладзе. Прычым, у культуры як афіцыйнай, так і неафіцыйнай.
Сам сабой нараджаецца іранічны вершаваны дэвіз нашага часу:
Хаос,
анархія.
Прэч
герархію!
Я, я, я...
Людзі страцілі элемэнтарную павагу да калегаў. Баюся, што гэта сьледзтва сялянскага паходжаньня новай эліты. І ня проста сялянскага (бо селянін-гаспадар сябе паважае), але сялянска-калгаснага, бо якраз пазбаўлены ўласнасьці вясковы люмпэн мае мала падставаў для самапавагі. А хто не паважае сябе, той не паважае іншых.
У выніку каго мы толькі ня пляжам! Шчыкаем і зьневажаем творцаў, палітыкаў, эмігрантаў, прымяншаем іх даробак, лічым чужыя грошы, узвышаем сваіх сяброў (бо ўзвышаючы іх, узвышаем сябе), хвалім тых, хто хваліць нас, ставім лайкі тым, хто ставіць нам... Пахваліць калегу-канкурэнта? Лепш памерці. Параіць замежнаму перакладчыку для перакладу не сваю кнігу? Лепш засіліцца... Маладое пакаленьне ня ведае, што зрабілі яго папярэднікі і — які жах! — ня хоча ведаць.
Дадайце сюды праблемы маралі і сумленьня — сумленьня ў сэнсе веры (страты яе), і сумленьня як такога, якога шмат хто з нас ужо элемэнтарна ня мае. Яно зьнікла, страцілася за сьцёбам, шчыкамі, злосьцю, зайздрасьцю і самасьцьвярджэньнем. Пры гэтым тыя, хто шчыкае, тут жа нарываюцца на тое ж самае, і па шмат разоў... Трагікамэдыя і фарс.
....Нешта мне падказвае, што каб заўтра П. вярнуўся ў Менск, на вакзале яго сустракала б толькі маленькая купка людзей... І гэта не праблема П., гэта праблема ўсіх нас, нашай хворай, амаль пры сьмерці, супольнасьці беларускамоўных."
http://www.svaboda.org/content/article/25134356.html====================================
Редкой искренности признание о том, что белорусский "проект" белорусскоязычных белорусов-националистов провалился.
