Артурас ДУБОНІС
Abstract: Artūras DUBONIS. Prablemy Litoŭskaj Metryki: pohlad z Vilniusa [Problems of the Lithuanian Metrica: a View from Vilnius] // METRICIANA: Daśledavańni i materyjały Metryki Vialikaha Kniastva Litoŭskaha. Vol. II (ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae. VIII, 2003). P. 16-32.
Літоўскай Метрыкай (далей ЛМ) называюцца кнігі, створаныя з копіяў дакументаў, выдадзеных з канцылярыі Вялікага князя Літоўскага і трапіўшых у яе рознымі шляхамі. У іх багацце прывілеяў тэрыторыям дзяржавы (землям, княствам і пад.), асобам, гарадам, саслоўям, розных актаў, рашэнняў суда правіцеля і іншых (заміж іх – кнігі Віленскага гродскага суда), матэрыялы дыпламатычнай дзейнасці (ад Швецыі да Турцыі, ад Ватыкана да Расіі і татараў), дакументы фінансавай дзейнасці, інвентароў маёмасці гаспадара і шляхты, кніг дапаможнага справаводства і так далей. ЛМ за стагоддзі сфармавалася як важнейшы, падставовы архіў даўнейшай Літоўскай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага, ВКЛ). Даўнейшыя дакументы ЛМ сягаюць у 1385—1387 гг. (пачатак палітычнага стратэгічнага саюзу з Польшчай і хрышчэнне Літвы), пазнейшыя – у канец XVIII ст., пакуль драпежныя суседзі, Расія, Прусія і Аўстрыя, не знішчылі ў 1772—1795 гг. аб’яднаную Рэч Паспалітую Польшчы і Літвы. Як гістарычная крыніца яна найпаслядоўней і найшырэй адлюстроўвае мінулае тагачасных Літвы і Беларусі, вузей – Украіны і Польшчы. У ёй багацце дадзеных па гісторыі Расіі, Прусіі, Латвіі, Эстоніі.
Утварэнне кніг ЛМ. Сцвярджаецца, што першыя кнігі ЛМ узніклі за праўлення Вялікага князя Казіміра ў 1440—1492 гг. Да таго часу, у часы гаспадарання Вітаўта (1392—1430), у канцылярыі ВКЛ яшчэ не было правіла рабіць копіі ўсіх атрымліваемых і выдаваемых гаспадаром прывілеяў, іншых дакументаў, са сшыткаў якіх пазней сфармаваліся б канцылярскія кнігі (Метрыкі)1. Усё ж маецца намёк, што дакументы, што паступалі Вялікаму князю Літоўскаму, ужо маглі быць капіяванымі ў кнігі копіяў у пачатку 4 дзесяцігоддзя XV ст.2 Прыблізна 1480—1486 гг. датуюцца першыя называемыя канцылярскімі кнігамі сшыткі копіяў выдаваемых Вялікім князем Літоўскім і яму паступаючых, г. зн. дзяржаўных дакументаў (даўнейшыя створаны з дакументаў знешняй палітыкі)3. У тыя самыя гады фармуюцца кнігі з дакументаў Канцылярыі гаспадара або іх рэестраў, і іншых загадаў, указаў, судовых выракаў гаспадара, неабходных дзеля кіравання краінай і яе гаспадаркай, якія храналагічна сягаюць у сярэдзіну XV ст.
Нагляд за ЛМ і месцы захоўвання. Неабходныя ў справаводстве кнігі Метрыкі былі ў распараджэнні канцлера (пасля Люблінскай уніі 1569 г. яшчэ ўводзіцца пасада падканцлера; ён павінен быў весці кнігі так званай Малой канцылярыі) і пісараў канцылярыі. Захаваннем непатрэбных кніг і важнейшых дзяржаўных прывілеяў апекаваўся канцлер з падскарбіем краю4. На падставе толькі аднаго намёку сцвярджаецца, што да пачатку XVI ст. архіў ВКЛ захоўваўся ў Троках (гэта магло быць традыцыяй, уведзенай Вялікім князем Вітаўтам). У пачатку XVI ст. ЛМ ужо ў скарбе краю, у двары гаспадара ў Вільні5. Ахова Метрыкі ды іншых важных дзяржаўных дакументаў павінна была не на шмат адрознівацца ад практыкі, якая склалася ў Кароне Польскай. Захоўваемыя ў Кракаўскім каралеўскім двары прывілеі каралеўства, іншыя важныя дакументы і паднішчыліся вільгаццю, бо захоўваліся ў неправетрываемых памяшканнях, куды службовыя асобы заходзілі тры разы на стагоддзе6. У канцы XVI ст. было заўважана, што мноства кніг ЛМ у Вільні абшарпалася, таму канцлер Леў Сапега ў 1594—1607 гг. арганізаваў іх перапісванне, а Сейм Рэчы Паспалітай – у 1607—1621 гг. зверку перапісаных кніг з даўнімі7. Пасля гэтага старыя ЛМ пакідаюцца ў скарбе, а новыя, перапісаныя, перадаюцца ў распараджэнне канцлера. Імкнучыся спрасціць доступ зацікаўленым да дадзеных архіва ВКЛ і яго самога лепш засцерагчы ад пажараў ці спусташэння, Сейм і Кароль у 1607 г. вырашылі захоўваць ЛМ у дамах віленскіх мяшчан. Да першай палавіны XVIII ст. перапісаныя і іншыя новыя кнігі Метрыкі пабывалі ў некалькіх зручнейшых і прэстыжнейшых дамах віленчукоў на Ратушнай плошчы, вуліцах Замкавай, Шкляроў і Нямецкай8. У 1747—1751 гг. Літоўская Метрыка перавозіцца ў Каралеўскі архіў у Варшаве. Хаця і датуль дакументы ВКЛ аказваліся ў архіве гаспадара Рэчы Паспалітай. Ян Станіслаў Сапега 3.IV.1635 перадаў у архіў гаспадара ў Варшаве матэрыялы нябожчыка бацькі, канцлера Льва Сапегі, пра адносіны з Маскоўскай дзяржавай — дакументы і дагаворы. Пасля гэтага ў 1664 г. яны адбылі ў Каралеўскі архіў у Кракаве10. У Варшаве перавезеныя ЛМ, разам з Польскай Метрыкай, стварылі Таемны (асобны, ведамасны) архіў Караля Рэчы Паспалітай.
ЛМ у Варшаве. Вяртанне ў Вільню. Зігмантас Кяўпа раскрыў незадаволенасць літоўскай шляхты ўскладненнем карыстання ЛМ. На сейміках шляхцічы з 1786 г. (сярод першых – сеймікі Трок і Упіты) патрабавалі вярнуць яе ў Вільню або Гародню12. Альгірдас Балюліс шырока апісаў, як у 1792 г. Метрыка зноў вяртаецца ў Вільню. 23 верасня 1792 г. вялікі канцлер і маршалак прарасійскай Тарговіцкай канфедэрацыі Аляксандр Сапега, яго намеснік Юзаф Забела і хавальнік вялікай пячаткі і сакратар канфедэрацыі Ян Зажыцкі абвясцілі грамату, паводле якой са студзеня 1793 г. у Вільні былі адноўленыя асэсарскія суды. Метрыканту Літоўскай Метрыкі Рыгору Качаноўскаму было ўказана на працягу 8 тыдняў з даты выдання дакумента перавезці Літоўскую Метрыку з Варшавы ў Вільню і размясціць яе ў былым езуіцкім манастыры пры касцёле Св. Казіміра. За невыкананне ўказання прыгразілі адабраць пасаду метрыканта. Выдаткі на перавозку па ўказанню маршалка Канфедэрацыі павінен быў пакрыць скарб ВКЛ. Такім чынам, у пачатку снежня 1792 г. хаця б частка Літоўскай Метрыкі павінна ўжо была быць у Вільні.
Гэтае пацвярджаецца паведамленнем князя Н. В. Рапніна імператрыцы Кацярыне ІІ ад 14.ХІІ.1794, што большую частку Літоўскай Метрыкі метрыкант Качаноўскі праз некалькі год перавёз у Вільню. Пасля паўстання 1794 г. ды захопу сталіцы ВКЛ расійскімі войскамі, у рукапіснай кнізе выдаткаў горада Вільні ад 11 жніўня 1794 г. фіксуецца, што пасля ліквідацыі дзяржавы і падзелу яе паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, Польская і Літоўская Метрыкі як ваенны трафей былі перавезены ў Санкт-Пецярбург: з касы Віленскага магістрата было выдадзена 157 злотых і 20 грошаў. Адзначаныя выдаткі былі зробленыя 9—18 студзеня 1795 г. Гэта плата сталяру за выраб 20 скрынак і кавалю за акаванне гэтых скрынак, за цвікі і акоўку, за рамонт дзвярэй метрыканта. Паводле акта перадачы Сенат Расійскай імперыі прыняў: 834 кнігі, 14 кардонных скрынак спраў і 16 скруткаў асобных дакументаў.
Кнігі канцылярыі літоўскага гаспадара не ў комплексе ЛМ. Даволі часта здаралася, што дзяржаўныя чыноўнікі не перадавалі ў канцылярыю ВКЛ ці скарб ужо закончаных кніг Метрыкі, важных прывілеяў, іншых дакументаў. Цяпер вучоныя ведаюць дастаткова добра кнігі XV—XVIII стст і асобныя дакументы, якія павінны належаць да ЛМ, з іх амаль усе знаходзяцца ў сховішчах Польшчы, хаця маюцца і ў Літве15. У гэтых адносінах вылучаецца род Радзівілаў. З іх выходзілі канцлеры, іншыя высокія афіцыйныя асобы, якія ўжо з канца XV ст. у сваіх дварах захоўвалі найважнейшыя дзяржаўныя прывілеі, не спяшаліся перадаваць на захаванне ў канцылярыю гаспадара кнігі Метрыкі, што вялі яны самі16. Канцлер Леў Сапега ў лісце ў 1594 г. інфармаваў Мікалая Крыштофа Радзівіла пра выяўленыя кнігі канцылярыі ВКЛ, сшыткі няўпісаных у іх дакументаў. За непарадак папракаў ранейшых канцлераў ВКЛ. Асабліва шмат кніг і важных дзяржаўных прывілеяў не хапала, паводле Л. Сапегі, з часоў канцлерства Мікалаяў Радзівілаў Чорнага і Рудога (1550—1565 і 1566—1579). Пры гэтым ён прасіў вярнуць яму канцылярскія кнігі і дзяржаўныя прывілеі17. Арыгіналы дзяржаўных дакументаў, асобныя кнігі копій дакументаў Радзівілы накоплівалі ў Нясвіжы. Прывілей гаспадара Мікалаю Радзівілу Чорнаму і будучым нясвіжскім князям на прадастаўленне права захоўваць важнейшыя дзяржаўныя прывілеі і дакументы датаваны 3.ХІ.1551. Хаця гэта фальсіфікат І-й палавіны XVIII ст., але яго рэальны статус быў узаконены, калі на працягу 1655—1661 гг. у час вайны з Расіяй важнейшыя дзяржаўныя прывілеі былі схаваныя ад маскавітаў – перапраўлены з Вільні на захаванне ў Нясвіж18. Між тым даўнія кнігі ЛМ з-за тых падзей згубленыя. Перапісаныя былі схаваныя ў Прусіі і пазней вернутыя.
ЛМ у Сенаце Расійскай імперыі. Калі пасля анексіі дзяржавы ў 1795 г. усе кнігі Метрыкі і дакументы апынуліся ў Санкт-Пецярбургу, тут іх, разам з Польскай Метрыкай, да траўня 1798 г. прывяла ў парадак спецыяльная камісія Сената імперыі і Калегіі замежных спраў. Да ЛМ была далучана частка Польскай Метрыкі (Кароннай Метрыкі), фонд быў падзелены на дзве няроўныя часткі. Дакументы і кнігі дыпламатычныя, замежных спраў былі перададзеныя Калегіі замежных спраў і ў 1828 г. перавезеныя ў Галоўны архіў Міністэрства замежных спраў у Маскве (Московский главный архив Министерства иностранных дел). Усё астатняе было змешчана ў 1-м аддзеле ІІІ-га дэпартамента Сената Расійскай імперыі, дзе ў 1835—1838 гг. пераразмеркаваныя па дванаццаці раздзелах паводле відаў кніг і дакументаў. У Сенаце кнігі ЛМ выкарыстоўваліся для практычных патрэб жыхароў анексаваных тэрыторый Польшчы, Літвы і Беларусі: для праверкі законнасці патрабаванняў юрыдычных асобаў з новых губерніяў да казны імперыі. Нямала кніг, сшыткаў дакументаў і асобных адзінак з Польскай Метрыкі і тое-сёе з ЛМ у 1799 г. было перададзена Прусіі, якая валодала часткай тэрыторый Польшчы і Літвы (Занямонне). Пасля Цільзіцкага міру 1808 г. гэтая матэрыялы былі перавезены ў Варшаву і тут знаходзяцца дагэтуль20. У той час у Санкт-Пецярбургскай Імператарскай публічнай бібліятэцы (цяп. Расійская нацыянальная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу) “Дэпо манускрыптаў” узначальваў вядомы расійскі калекцыянер Пётр Дуброўскі (1754—1812 ?). Ён у 1806—1808 гг. з архіва ВКЛ і Кароны выбраў важныя гістарычныя дакументы, прывілеі, акты, напр., васальныя прысягі Вітаўта (1388—1389), мірны дагавор Ягайлы і вялікага магістра Нямецкага ордэна ў Рацёнжы (22.V.1404), дагавор аб перамір’і Скіргайлы і магістра Лівоніі (1.VII.1387), 50 папскіх булаў, 314 лівонскіх і 36 літоўскіх актаў, усе акты казацкіх спраў, дакументы на польскай мове21. Таму цяпер фонд Дуброўскага гэтай бібліятэкі і некаторыя іншыя маюць шмат важнай літуанікі і палонікі: рукапіс статута Літоўскага трыбунала 1581 г., фрагмент Попісу войска ВКЛ 1528 г., дакументы гарадоў Вільні, Менска, дакументаў па гісторыі уніі Літвы і Польшчы і іншых22. Дарэчы, частка дакументаў у гэты фонд патрапіла з архіва Радзівілаў.
ЛМ, архіў даўняй Літоўскай дзяржавы, быў па-варварску спустошаны, часткі яго раскіданы па некалькіх гарадах і сховішчах Расійскай імперыі. Расія ператварылася ў імперыю гістарычных архіваў і застаецца ёю.
ЛМ у Маскве. З ІІ-й паловы XIX ст практычнае значэнне ЛМ, што захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу, змяншаецца, але расце і мацнее навуковае. Частка дыпламатычных кніг ВКЛ была ў Маскве з 1828 г. Дырэктар архіва Міністэрства юстыцыі М. В. Калачоў ужо ў канцы 70-х гадоў XIX ст. прапанаваў аб’яднаць асобныя часткі ЛМ у адзін комплекс23. Калі былі скасаваныя дэпартаменты Сената імперыі, у 1887 г. Метрыка з Санкт-Пецярбурга была перапраўленая ў Маскву, у архіў Міністэрства юстыцыі (Московский архив Министерства юстиции): 1048 кнігі, 393 акты, 50 генеалагічных табліц і 19 картаў. На працягу 1888—1898 гг. у Варшаўскі галоўны архіў старажытных актаў перадаецца некалькі дзесяткаў кніг Польскай Метрыкі, адлучыўшы іх ад ЛМ, а асобныя акты — Дзяржаўнаму сховішчу даўніх хартый, рукапісаў і пячатак, якое цяпер знаходзіцца ў Крамлёўскай зброевай палаце (Оружейная палата)24. У бібліятэцы Расійскага генеральнага штаба па невядомых прычынах апынулася 16-ць кніг ЛМ25. Кіруючыся пунктам 4 артыкула ХІ Рыжскага дагавору (1921 г.) паміж Расіяй і Польшчай з 1923 г. 419 кнігі фонду ЛМ былі перададзеныя Варшаве26. Яны стваралі амаль палавіну фонда, бо цяпер у Маскве знаходзіцца больш за шэсцьсот адзінак захоўвання ЛМ. Хаця большасць вывезеных у Варшаву кніг належала да Кароннай Метрыкі, аднак між іх трапляюцца некалькі спраў пра ВКЛ.
Нарэшце ў выніку праведзеных пасля бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расіі пераўтварэнняў архіваў аказалася, што захоўваемыя ў архівах Міністэрстваў юстыцыі і замежных спраў кнігі ЛМ дасюль знаходзіцца ў цяперашнім Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве (Российский государственный архив древних актов).Правы Літоўскай Рэспублікі на ЛМ. Палітызацыя праблемы.
Урад адноўленай Літоўскай дзяржавы па мірнаму дагавору з Савецкай Расіяй у ліпені месяцы 1920 г. атрымаў назад некаторыя вывезеныя культурныя каштоўнасці, зборы дакументаў па гісторыі краю, але ЛМ між іх не было, хаця ўрад і стараўся яе вярнуць. У час перагавораў навуковымі контраргументамі праф. Уладзімір Пічэта і праф. Сяргей Шамбінага (пры ўдзеле праф. Мацвея Любаўскага) даказалі, што Метрыка не можа дастацца Літоўскай Рэспубліцы, бо: а) літоўскага матэрыялу ў ёй толькі 10 %, b) Масква – даўні цэнтр даследавання і выдання ЛМ, c) у Літве не было б каму з ёю працаваць. Гэта расійскі вучоны сказаў літоўскай дэлегацыі. Як успамінае эксперт Паўлюс Галаўне, яму, замаладому, не хапіла ведаў і вопыту абараніць справу вяртання ЛМ. Паводле яго строгай думкі, урад Літвы не аказаў дэлегацыі неабходнай палітычнай падтрымкі і не вылучыў больш вопытных экспертаў. Па прапанове члена літоўскай дэлегацыі на перагаворах С. Гольдберга літоўскіх ўдзельнікаў перагавораў падтрымалі яўрэйскія гісторыкі і грамадскія дзеячы (праф. Шымонас Дубновас, праф. Юлюс Бруцкус і Бянзёнас Катцас). Пасля пасяджэння дэлегацый Літвы і Савецкай Расіі 18 жніўня 1921 г. адносна вяртання культурных каштоўнасцей Паўлюс Галаўне заслухаў неафіцыйную думку экспертаў расійскай дэлегацыі праф. Любаўскага і праф. Пічэты. Абодва ў адзін голас заявілі, што Літоўская Метрыка, архіў Вільнюскага ўніверсітэта і іншае былі б вернутыя, калі б у той час Літоўская Рэспубліка авалодала сваёй сталіцай. Яны не хацелі, каб каштоўнасці трапілі палякам. “…Пазней ці раней Метрыка будзе ў Вільнюсе. Інакш не можа быць, мы верым у гэта”, — сказалі абодва гісторыкі. За перагаворамі літоўскай і бальшавіцкай дэлегацый 1921 г. назіралі маскоўскія чэкісты. Пазней, у 1924 г., на Першай Беларускай архіўнай канферэнцыі праф. Пічэта рэзюмаваў, што матыў савецкага ўраду не аддаць літоўцам ЛМ быў той, што ім не належыць акупаваны Польшчай Віленскі край, і наадварот, з-за праблемы прыналежнасці Вільнюса саветы не гатовы вярнуць некаторыя культурныя каштоўнасці палякам (яны прэтэндавалі і на ЛМ). На той канферэнцыі беларусы запатрабавалі не аддаваць ЛМ палякам, перадаць архіў ВКЛ у БССР. Урад Літвы падрыхтаваўся і вельмі ясна запатрабаваў вярнуць Метрыку на працягу перагавораў 1925—1926 гг. па дагавору з СССР аб ненападзенні. У дні перагавораў савецкі бок не адмаўляўся гэта зрабіць, нават дапусціў праф. Ігнаса Ёнінаса ў архіў, каб праверыць кнігі Метрыкі паводле спісу, але між сабой ужо было вырашана гэтае пытанне зацягваць і ЛМ Літве не аддаць. Цвёрдая пазіцыя літоўскай дэлегацыі прымусіла савецкі бок звярнуцца нават да абароны.
Народны камісарыят замежных спраў СССР абавязаў адпаведныя структуры Беларускай ССР запатрабаваць звароту Метрыкі ў Мінск. Першы з’езд археолагаў і археографаў гэтай рэспублікі (17—18 кастрычніка 1926 г.) прыняў рэзалюцыю аб перадачы ЛМ беларускаму народу. Бальшавікі не бачылі палітычнай неабходнасці вяртаць Літве культурныя каштоўнасці. Як гэта выглядала ў 1930-я гады ў СССР, засталіся цікавыя назіранні праф. Канстанцінаса Яблонскіса: пасля 1933 г. стала немагчыма весці перагаворы з СССР наконт вяртання ЛМ і іншых вывезеных каштоўнасцей. На яго думку, гэта было вынікам устаноўкі камуністычнага ўраду на дасягненне васальнай залежнасці Літвы, а пазней інкарпарацыі. Прарочая дальнабачнасць – так і атрымалася. Пазней савецкай Літве больш не спатрэбілася дзяліцца “з братнімі народамі” багаццем агульнанароднага архіва.
ЛМ як аб’ект навуковага даследавання.
Даследаванне ЛМ, асабліва пошук у ёй гістарычных дакументаў, пачатыя да 1795 г. ў Варшаве, працягнуліся ў Пецярбургу39. Спачатку вучоныя неверагодна цяжка атрымлівалі магчымасць пакарыстацца матэрыялам вядомага фонду. У пачатку ХІХ ст. гэта рабілася таемна, часта карыстаючыся знаёмствамі з парадкаваўшымі архіў спецыялістамі. Вядомаму расійскаму асветніку графу Мікалаю Румянцаву ў 1820—1822 гг. удалося перапісаць аж тры тамы розных дакументаў (цяпер яны і іншы матэрыял, забраныя ў 1921—1927 гг. з музея Румянцава, знаходзяцца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве – былой імя Леніна)40. З 1836 г. царскі ўрад ужо дазваляў па пісьмовай просьбе чытаць ЛМ, але пад наглядам чыноўніка. Гэтым правам да 1887 г. у Санкт-Пецярбургу скарысталася каля трох дзесяткаў цікаўных41. У Маскве Метрыка стала адным з найбольш чытаемых архіўных фондаў42. Пры гэтым, у ХІХ ст. і ў пачатку ХХ ст. ужо выпускаюцца перыядычныя зборы гістарычных крыніц “Літоўскай Русі” у Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Варшаве, Вільні. У іх надрукавана нямала актаў з ЛМ. Па дадзеных акадэміка Уладзіміра Пашуты – больш за 1200 дакументаў43.
Сімонас Даўкантас і ЛМ. Пры гэтай, з адной з найважнейшых літоўскіх гістарычных крыніц аж 13 год у Санкт-Пецярбургу працаваў Сімонас Даўкантас, адзін з пачынальнікаў літоўскага нацыянальнага руху. У 1837—1850 гг. ён служыў у Сенаце Расійскай імперыі памочнікам метрыканта. Царская адміністрацыя кіравалася дадзенымі ЛМ, устанаўліваючы шляхецтва былых грамадзян ВКЛ, правы землеўладання, рэвізуючы правы Каталіцкай царквы, пацвярджаючы прывілеі гарадоў і падобнае. Між тым знаўцаў гісторыі Польшчы і Літвы, валодаючых польскай і лацінскай мовамі спецыялістаў царскай адміністрацыі, пазней кіраўніцтву архіваў вельмі не хапала44. Памочнік С. Даўкантас шукаў у ЛМ патрэбныя дакументы. З. Кяўпа раскрыў яго, першага літоўца-даследчыка ЛМ, намеры45. На сённяшні дзень вядома 1000 аркушаў выпісак С. Даўкантаса з ЛМ. Працуючы ў Сенаце, літоўскі гісторык забяспечыў матэрыялам Тэадора Нарбута, паслаўшы яму пару збораў дакументаў, большую частку якіх складалі выпіскі з ЛМ. Разам з тым ён дапоўніў падрыхтаваны Юрыем Плятэрам збор жамойцкіх прывілеяў, падрыхтаваў яго да друку, прысвяціўшы апошняму. Аднак збор не быў выдадзены. Разам з тым С. Даўкантас накопліваў прывілеі літоўскіх гарадоў – склаў пачак матэрыялу з 243 актаў 162 гарадам і мястэчкам. С. Даўкантас даў матэрыял з ЛМ біскупу Мацеюсу Валанчусу, які пісаў гісторыю Жамойцкага біскупства, а за С. Станявічуса дакументы гэтай самай крыніцы з гісторыі гарадоў атрымаў Міхал Балінскі, працуючы над прысвечаным Літве томам шматтамовай гісторыі даўняй Польшчы. Хутчэй за ўсё матэрыялам, які меўся ў літоўскага гісторыка, карыстаўся Антон Мухлінскі, даследчык гісторыі літоўскіх татараў. Пасля С. Даўкантаса ніводзін літовец непасрэдна карыстацца ЛМ больш не мог. Пры гэтым у 1839 г. ён (С. Даўкантас) склаў службовы вопіс ЛМ46.
Вывучэнне ЛМ у Літве. Пасля савецкай акупацыі і анексіі ў 1940 г., у гады “Хрушчоўскай адлігі”, калі павольна ажывала літоўская гістарычная навука, праф. Яблонскіс адзін з першых пачаў чытаць Метрыку ў Маскве. Яго клопатам былі зроблены мікрафільмы больш чым сотні кніг (яны знаходзяцца ў бібліятэцы Інстытута гісторыі Літвы, у Вільнюсе). Пазней негатывы мікрафільмаў усіх кніг (!) стараннямі Домаса Буцянаса і Сігітаса Ягялявічуса ў 1967—1983 гг. набыў Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў47. Пытанне выдання комплексу рукапісных кніг ЛМ было зноў узнята ў Маскве намаганнямі акадэміка Пашуты і падтрымана ў 1978—1980 гг.48 Гэты комплекс, будучы выдадзеным, павінен быў стаць аднаўленнем і лагічным працягам прац археографаў Расійскай імперыі. У снежні 1980 г. паміж Акадэміямі навук Польшчы і СССР падпісваецца пагадненне разам пачаць выданне кніг Метрыкі (па дзве кнігі за 1981—1985 гг)49. Праз некалькі год да гэтай праграмы далучыўся Інстытут гісторыі Акадэміі навук Літвы. Створана была міжнародная сумесная рэдакцыйная калегія. Гэты план заахвоціў некаторых літоўскіх гісторыкаў частку свайго працоўнага часу прысвяціць даследаванням ЛМ.
Эгідзіюс Банёніс (1948—1993) удзяліў гэтаму ўсю сваю ўвагу. Ён дасюль застаецца найбольш інтэнсіўна даследаваўшым ЛМ. Па яго ініцыятыве ў 1988 і ў 1991 гг. у Вільнюсе адбыліся дзве навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя праблемам Метрыкі. Акрамя літоўцаў, у іх удзельнічалі беларускія, украінскія, расійскія спецыялісты. Пры гэтым Э. Банёніс апублікаваў некалькі артыкулаў па актуальных праблемах ЛМ, такіх як паняцце, тэрмін, дэфініцыя, пра генезіс яе кніг у XV ст., пра ўтварэнне Пасольскіх кніг у 1480—1486 гг.50 Асабліва актуальная і каштоўная яго прынцыповая палеміка з амерыканскім вучоным, знаўцам і даследчыцай праф. Патрыцыяй Кенэдзі Грымстэд з-за сутнасці 389 фонду. Кіруючыся высновамі польскіх архівістаў, яна сцвярджае, што ЛМ і фонд з такой назвай не існуе. Ёсць толькі гібрыдная калекцыя (збор), “які называецца Літоўскай Метрыкай” і які зусім не адпавядае патрабаванням архіўнага фонду. Выкарыстоўваемы тэрмін “Літоўская Метрыка” – гэта толькі тэхнічны тэрмін, які літаральна не ўсведамляецца. Блытацца пачалі са Станіслава Пташыцкага, які ў 1887 г. апісаў 389 фонд і даў яму памылковую назву. А расійскія архівісты далей ускладняюць архіўныя справы, называючы гэтую калекцыю фондам, імем ЛМ51. Праф. Кенэдзі Грымстэд можна папракнуць, што яна, кажучы пра польскі і літоўскі дзяржаўныя архівы, не бачыць асобнага Вялікага Княства Літоўскага і архіва яго гаспадара, Польшча застаецца адзіным спадкаемцам спадчыны Рэчы Паспалітай Абойга Народаў. Даследчыца падрабязна разглядае, як трыумфавала справядлівасць і Каронная Метрыка і частка ЛМ былі вернутыя ў 1924 г. у Польшчу, месца паходжання крыніцы. Рэшткі гэтага архіву, г. зн. ЛМ, цяпер у Маскве. У іх багацце матэрыялу з Літвы, Беларусі, Украіны, гісторыі іх суседзяў. Правоў Літвы на свой гістарычны архіў амерыканскі вучоны не прызнае. Намаганні нашага ўраду і вучоных вярнуць гэтыя правы яна без агаворак назвала “імперскімі прэтэнзіямі”52. Э. Банёніс крытыкаваў П. Кенэдзі Грымстэд за звужэнне паняцця фонду ЛМ ад дэфініцыі да гістарычнага тэрміну асобнага віду. Пры такіх умовах Метрыкай павінна была б называцца малая частка гэтага фонду, толькі Кнігі запісаў, а іншыя, напрыклад, Судовых спраў, Валынскія, Публічных спраў апынуліся па-за ёй. Э. Банёніс адмаўляе Метрыку як успрыняцце тэрміну, ён паказаў шырэйшае разуменне яго як дэфініцыі – гэта ўсе вывезеныя ў канцы XVIII ст. Метрыкі і дакументы канцылярыі гаспадара, што неўзабаве склала ахіўны фонд.
Разгортванне даследаванняў і выдання ЛМ. Агульная ініцыятыва Акадэміяў навук СССР і Польшчы выдаваць кнігі 389 фонду сарвалася. СССР не выдаў ніводнай кнігі, пры гэтым знік як дзяржава. У Польшчы выдадзеныя дзве кнігі53. Кшыштаф Пяткевіч (Універсітэт імя Адама Міцкевіча, Познань) падрыхтаваў і ўручыў выдавецтву ў Літве 9-ую кнігу запісаў. У гэты час цэнтр выдання і даследаванняў ЛМ перамяшчаецца ў Вільнюс54. У Літве выдадзена 17 кніг ЛМ55. Кнігі ЛМ рыхтуюцца да публікацыі ў Інстытуце гісторыі Літвы (ІГЛ). У Вільнюсе (у 1988, 1991, 1996 гг.) арганізваныя тры міжнародныя навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя праблемам ЛМ. Матэрыял дзвюх з іх апублікаваны56. З 1996 г. ІГЛ перыядычна выдае прысвечаны праблемам выдання і даследаванняў Літоўскай Метрыкі навукова-інфармацыйны бюлетэнь на літоўскай і расійскай мовах Lietuvos Metrikos Naujienos / Новости Литовской Метрики. Выданне ЛМ зрушылася і ў Беларусі57.
Праграму даследаванняў і выдання ЛМ мы можам назваць адным з самых амбіцыйных навуковых праектаў у рэгіёне Усходняй і Сярэдняй Еўропы.
Тэкст атрыманы Рэдакцыяй 10 ліпеня 2002 г.
Пераклад з літоўскай Уладзіміра Свяжынскага