Еўропа прыдумала, як правесці рэформы ў Беларусіаўторак, 29 лістапада 2011
«План Маршала» прэзентуюць у снежні. Пра яго Штэфан Фюле, еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і палітыкі суседства, распавёў на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі 29 лістапада ў Брусэлі.
«
Еўразвяз мае план Маршала для Беларусі, – заявіў карэспандэнту «Белсату» лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які выйшаў з сустрэчы са Штэфанам Фюле. – Еўразвяз думае пра тое, што ў Беларусі жыве не толькі Лукашэнка, а яшчэ ёсць і народ [...] Для нас жа важна не крэдытаў набраць і прадаць «Белтрансгаз», развязаўшы праблему на два месяцы. Нам важная мадэрнізацыя эканомікі. І тут Еўразвяз мае шырокую праграму, якая ў бліжэйшы час будзе агучаная».
Пра тое, што Еўропа мае новы план для Беларусі, гаварыў і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: «Ідзе завяршэнне новага плану або стратэгіі для Беларусі. І бліжэйшым часам, у апошні месяц гэтага года, будзе прэзентацыя гэтага плану».
Лябедзька адзначыў, што «Еўропа ўжо не мае ілюзіяў адносна таго, што Расея можа экспартаваць дэмакратыю ў Беларусь». Ён назваў Штэфана Фюле надзвычай дасведчаным чалавекам у пытаннях беларускай палітыкі, дадаўшы, што еўракамісар адразу адрэагаваў на запіс, які лідар АГП зрабіў на «Facebook».
Сустрэча адбылася незадоўга да ўгодкаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Камісар Штэфан Фюле выступіць з прамоваю, дзе выкладзе сваё бачанне еўрапейскай будучыні Беларусі, на форуме, які адбудзецца ў Брусэлі на наступным тыдні.
belsat.eu
****************************
Еўрапейская Камісія адкрывае Еўропу для беларускіх студэнтаўаўторак, 29 лістапада 2011
Еўрапейская Камісія заснавала новую стыпендыяльную праграму – «
Адкрытая Еўропа» (Open Europe Scholarship Scheme (OESS)), якая прызначаная для навучання беларускіх студэнтаў за мяжою па ўсёй Еўропе. Праграмаю кіруе Паўночная Рада міністраў.
Паводле арганізатараў праграмы, яе «ініцыявалі ў выніку недэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў снежні 2010 г. Адною з групаў, найбольш пацярпелаю ў выніку ўрадавых рэпрэсіяў, сталіся студэнты і акадэмічная супольнасць у цэлым».
Новая стыпендыяльная праграму мае за мэту спрыяць развіццю дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі праз даванне маладым людзям доступу да неідэалагізаванай вышэйшай адукацыі, якая адпавядае агульнапрызнаным міжнародным акадэмічным стандартам. Плануецца, што выпускнікі праграмы пасля вяртання на радзіму змогуць зрабіць унёсак у дэмакратызацыю краіны.
Каб мець магчымасць атрымаць стыпендыю, кандыдат мае быць грамадзянінам Беларусі ды мець за мэту атрыманне ступені бакалаўра ці магістра ва ўніверсітэце адной з еўрапейскіх краінаў.
Прыярытэтныя галіны: права, эканоміка і сацыяльныя навукі, бізнес, адукацыя, прыродазнаўства, медыцына, інжынерыя, але прымаюцца заяўкі і ў іншых галінах.
Падаванне заяўкі на паступленне ва ўніверсітэт і на стыпендыю – гэта два асобныя працэсы. Універсітэты абіраюць студэнтаў з увагі на іхныя акадэмічныя здольнасці ды веданне мовы, у той час як стыпендыі выдаюцца з увагі на матывацыю. Падаваць заяўку на атрыманне стыпендыі можна паралельна з паступленнем ва ўніверсітэт.
Стыпендыя пакрывае выдаткі на навучанне, праезд і пражыванне ад пачатку да канца перыяду навучання.
Каб атрымаць стыпендыю, трэба:
1. Абраць ад аднаго да трох універсітэтаў і праграму, што адпавядае вашым інтарэсам. Калі вы абіраеце два ўніверсітэты, то яны мусяць быць у розных краінах (калі тры, то два могуць быць у адной краіне).
2. Запоўніць онлайн-форму на атрыманне стыпендыі праз лінк «My Page» на сайце праграмы і даслаць яе да 16 снежня 2011 г. Формы заяўкі, што прыйдуць пазней за пазначаны дзень, будуць перанесеныя на наступны перыяд размеркавання стыпендыяў.
3. Кандыдаты, якія пройдуць папярэдні адбор, будуць запрошаны на інтэрв’ю ў Вільні, якое мае адбыцца з 2 да 13 лютага 2012 г. Запрашэнне дашлюць на скрыню праз «My Page». Заяўнікі, што не прайшлі адбору, атрымаюць ліст з паведамленнем пра гэта.
Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце праграмы «Адкрытая Еўропа».
Выкарыстана матэрыял з сайту adukacyja.info
********************
п.с. А слабо России сделать тоже самое для белорусов?
