З цікавасцю прачытаў абмеркаванні. На мой погляд, у памкненні скарачэння Міншчыны схема, якая вымалёўваецца, усё ж атрымліваецца занадта радыкальнай. Ну і гэтыя апеляцыі да гісторыі... не пры гэтай уладзе.
Мая прапанова:

1. Салігорская вобласць:
Цэнтр — Салігорск (не Слуцк ні ў якім разе!).
Раёны: Ляхавіцкі, Клецкі, Капыльскі, Слуцкі, Старадарожскі, Глускі, Акцябрскі, Любаньскі, Салігорскі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Столінскі, Лельчыцкі, Петрыкаўскі, Жыткавіцкі.
Прамысловы рэгіён. На маю думку, больш прадуктыўна не выдзяляць Пінск і Мазыр у цэнтры асобных рэгіёнаў, бо астатнія раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія па маёй схеме не ўваходзяць у Салігорскую вобласць, даволі нядрэнна звязаныя з сваімі абласнымі цэнтрамі; цяжар ад наступстваў Чарнобылю не ўпадзе на Мазыр, а Заходняе Палессе не атрымае праблем, аналагічным цяперашнім (з Высокага ў Пінск ехаць — перабор, а з Пінска/Баранавічаў у Брэст, дзякуючы чыгуначным і аўтамабільным магістралям — цалкам прыстойна).
Магістралі: чыгункі Русіна-Слуцк-Асіповічы, Русіна-Лунінец-Столін, Лунінец-Калінкавічы, аўтамагістралі М14, М13 (якую вельмі добра было б падоўжыць праз Прыпяць на Давыд-Гарадок і Столін, пры гэтым на М13 з'явілася б транзітная плынь Мінск-Мікашэвічы-Столін-Украіна).
2. Браслаўская вобласць:
Цэнтр — Браслаў.
Раёны: Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі.
Кампактны турыстычны рэгіён, якому варта развіваць супрацоўніцтва з Літвой і Латвіяй, а таксама малаактыўныя чыгуначныя галіны Круляўшчызна-Лынтупы ды Варапаева-Друя (пускаць там турыстычныя цягнікі пад паравозамі, чаму не?).
3. Маладзечанская вобласць.
Цэнтр — Маладзечна.
Раёны: Маладзечанскі, Вілейскі, Валожынскі, Мядзельскі, Ашмянскі, Астравецкі, Іўеўскі, Смаргонскі, Докшыцкі; пажадана было б раздзяліць Лагойскі раён на Лагойскі і Плешчаніцкі, каб дапасаваць Плешчаніцкі раён да Маладзечанскай вобласці.
Прамыслова-турыстычны рэгіён. Магістралі — чыгункі Мінск-Вільнюс, Ліда-Маладзечна-Круляўшчызна, процьма аўтадарог (мне асабіста падабаюцца колцы Маладзечна-Валожын-Іўе-Ашмяны-Смаргонь-Маладзечна ды Маладзечна-Вілейка-Докшыцы-Бегомль-Плешчаніцы-Вілейка).
4-9. Тое, што застанецца ад наяўных абласцей.
Ну, і нешта накшталт FAQ.
— Чаму менавіта гэтыя гарады, а не, скажам, Бабруйск, Барысаў і Полацк?— Па-першае, схема арыентаваная на тое, каб яе можна было рэалізаваць пры цяперашняй сітуацыі. Пры цяперашняй сітуацыі "адкусваць" больш-менш вялікія раёны ад Магілёўшчыны немагчыма (Глуск лагічна аддзяляць ад яе, бо Салігорск блізка; Асіповічы на аднолькавай адлегласці ад Мінска, Салігорска і Магілёва, а Бабруйск выдатна звязаны з Магілёвам, як і Полацк з Віцебскам, як і Барысаў з Мінскам).
— Браслаўшчына такая маленькая!..— Турыстычны рэгіён павінны нечым выразняцца, ці ня так? А калі сур'ёзна — абласны цэнтр павінны мець шмат розных устаноў, якія ў Браслаўскай вобласці можна пабудаваць у адносна невялікім маштабе; калі рабіць цэнтрам Полацк — Браслаў, Міёры і г.д. ізноў будуць на перыферыі. Развіваць турызм прасцей, калі не спатрэбіцца ездзіць 200 кіламетраў у Віцебск (ці 100 у Полацк) за паперамі. Наогул, развіццё турызму — тэма асобнай гаворкі.
— Дык гэтае АТД не вырашае праблем, якія існуюць!— А вы паглядзіце ўважліва. У кожнай з шасці абласцей будуць па два-тры цэнтры. Брэсцкая: Брэст-Баранавічы-Пінск. Гомельская: Гомель-Мазыр-Жлобін. Магілёўская: Магілёў-Бабруйск-Крычаў. Віцебская: Віцебск-Полацк-Орша. Гродзенская: Гродна-Ліда. Мінская: Мінск-Барысаў. Прычым усе цэнтры ў кожнай з абласцей выдатна звязаныя паміж сабой!
— З Крычава будуць працягваць з'язджаць у Магілёў, з Мазыра — у Гомель, з Барысава — у Мінск...— Першыя два выпадкі — нельга ствараць рэгіёны, у якіх праблем (Краснаполле-Дрыбін-Чэрыкаў-Чавусы ў "Крычаўскай вобласці", Хойнікі-Нароўля-Брагін у "Мазырскай вобласці") будзе больш, чым прыбыткаў. А ў Мінску інфраструктура, створаная для жыхароў вобласці, павінна неяк выкарыстоўвацца. Да таго ж, рэгіёны, што знаходзяцца паблізу М1 у Мінскай вобласці, заўсёды былі больш звязаныя з Мінскам, чым астатнія (аналагічна ў Брэсцкай вобласці). Гэта, дарэчы — нагода не перадаваць Нясвіжскі і Баранавіцкі раёны да Салігоршчыны.
— "Салігоршчына"... Гораду 55 гадоў, а вы яго цэнтрам вобласці рабіць збіраецеся! Ці вы не паважаеце гісторыю?— Давайце тады Тураў як цэнтр вобласці з такой логікай.
Gloria mundi transit і для гарадоў. На вялікі жаль, Слуцк не цягне на ролю абласнога цэнтру, нягледзячы на процьму прадпрыемстваў: маштаб ня той. А Салігорск — дынамічны, малады горад, які рэальна зможа выцягнуць Цэнтральнае Палессе з ягонай вечнай правінцыйнасці. Да таго ж, у Лельчыцах збіраліся здабываць нейкія карысныя выкапні. Салігорск-Любань-Мікашэвічы-Лелічыцы — выдатны кластэр, праўда?